Выбрать главу

Каб ён весел быў, як вясна,

Каб ен багат быў, як зямля,

Каб ён здароў быў, як вада!

Праспяваў ён яшчэ дзве песні, а потым прачытаў свае вершы «Не бядуй!» і «Асадзі назад!»

Першым кінуўся да Кастуся Есін, усхвалявана паціснуў яму руку:

— Усё, што я гаварыў за сталом, бяру назад. Ёсць беларуская мова! Толькі цяпер я адчуў і зразумеў, што беларускі народ мае свае песні, сваю культуру, сваю мову...

*

Роўна праз дзесяць дзён пасля таго вечара ў Зотавых Кастусь выехаў з Вільні.

Перад гэтым доктар доўга і заклапочана слухаў і выстукваў грудзі, пасля выпісаў парашкі і сказаў:

— Малады чалавек, мая вам парада такая: адпачыць у вёсцы, есці паболей масла і піць свежае малако. Працэс яшчэ не пачаўся, але можа пачацца...

Ехаць у Мікалаеўшчыну Кастусю не хацелася: знаёмыя настаўнікі ўсе раз’ехаліся, а як весці кампанію з Жыжэйкам ці Сатыгам, то лепш на печы сядзець. Рэдактар абяцаў знайсці цераз сваіх знаёмых службу канторшчыка ў якім-небудзь маёнтку каля Радашковіч, але гэта толькі абяцанкі-цацанкі...

Кастусь быў на раздарожжы, калі, парадкуючы рэдакцыйныя навагоднія пісьмы і віншаванні, натрапіў на ліст нейкага Канстанціна Гардзялкоўскага, які збіраўся ў сваім маёнтку Папоўка Сенненскага павета адкрыць беларускую школу. Гардзялкоўскі звяртаўся ў рэдакцыю газеты з просьбаю параіць яму вопытнага настаўніка. Ліст канчаўся прыпіскаю: «Настаўнік мне патрэбен, які добра ведае беларускую мову. Плата 25 рублёў у месяц, плюс кватэра і сталаванне. Адрас для тэлеграмы: станцыя Слаўнае. К. Гардзялкоўскаму».

Сам лёс пасылаў яму тую станцыю Слаўнае. I назва якая мілая! Доўга не думаючы, Кастусь паказаў ліст рэдактару і сказаў:

— Еду!

Сказаў такім тонам, што Аляксандр Мікітавіч не стаў яму пярэчыць, бо ведаў настойлівы характар Міцкевіча. Шкада было такога ды яшчэ, лічы, дармовага работніка, але затрымліваць Кастуся ён не меў ніякага маральнага права. Рэдактар прасіў толькі аднаго:

— Не забывай нашу газету. Абяцаю даваць у кожным нумары Якуба Коласа, толькі прысылай пабольш вершаў і апавяданняў...

Яшчэ паблісквалі цьмяныя агеньчыкі ў хатах, замеценых па самыя вокны снегам, калі раніцою 8 студзеня 1908 года Кастусь выйшаў з вагона і з сакваяжам у руцэ накіраваўся ў станцыйную мураванку. У вочы бязлітасна сек вецер са снегам, прыйшлося наставіць каўнер. Таму ён, мабыць, не адразу заўважыў лёгкі вазок.

— Ці не вы, паночку, Міцкевіч? — падбег да Кастуся дзядзька ў кажушку з пугаю ў руках.

Фурман павёў Кастуся да свайго вазка, даў апрануць вялікі цёплы кажух, у якім нястрашна было ехаць хоць на паўночны полюс. «Нічога не скажаш, слаўна ўсё пачынаецца»,— падумаў настаўнік.

У полі шалёна сваволіў вецер, кідаў снег то ў вочы, то ў спіну, перамятаў дарогу. Жвавы дагледжаны конік весела імчаў вазок. Мінулі адзін лясок, падняліся на ўзгорак, праехалі вярсты дзве борам і зноў выскачылі ў поле. Неўзабаве звярнулі ў кляновыя і ліпавыя прысады. Кастусь убачыў, што прысады вядуць да невялікага драўлянага дома з двума белымі слупамі пры ўваходзе.

На ганку Кастуся сустрэў гаспадар. Гэта быў на гадоў чатырыпяць старэйшы за настаўніка высокі русявы мужчына ў чорным суконным касцюме і простых ботах.

Як пасля даведаўся Кастусь, памешчык Гардзялкоўскі вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, але навуку не кончыў, асеў дома і пачаў весці гаспадарку на новы лад. Цяпер у яго была шкляная гута, цагельня, свой паравы млын. Маці яго Тарэза Гардзялкоўская, хваравітая ўдава, гаспадаркай не займалася, жыла зімою ў Ніццы і толькі ўлетку прыязджала ў Слаўнае, дзе быў у яе свой маёнтак. Яна любіла літаратуру, займалася нават перакладамі на беларускую мову твораў польскіх пісьменніц Ажэшкі і Канапніцкай, з якімі яна была асабіста знаёмая...

Пасля снедання ўвесь дзень прайшоў у клопатах. Гардзялкоўскі паказаў Кастусю будынак, дзе ён меркаваў размясціць школу. У суседнім доме, побач з маёнткам, настаўніку было падрыхтавана жыллё. Два цёплыя пакойчыкі: у адным кабінет, у другім — спальня. Калі ж Кастусь даведаўся, што з шаснаццаці вучняў дзесяць будзе хадзіць з вёсак Сані і Плоскае, ён прапанаваў свой варыянт размяшчэння школы. Лепш за ўсё зрабіць, каб дзеці вучыліся ў Санях, тады нікому не будзе далёка хадзіць. А настаўніку прабегчы якія кіламетры тры — дык гэта толькі добрая размінка.

— Няхай будзе па-вашаму, Канстанцін Міхайлавіч,— згадзіўся Гардзялкоўскі.— Можна і ў Санях. Але зробім па-гаспадарску. Мой фурман Аляксей будзе падвозіць з Папоўкі ў школу і забіраць назад і вас і вучняў, пакуль зіма. Згода? Вось вам на кнігі і іншыя школьныя прылады,— палажыў ён чатыры залатыя пяцёркі.