Выбрать главу

— Скоч, мой хлопча, у Мінск. Можа, Кастусь не хоча нас турбаваць і выдаткаў нам рабіць, таму і піша, што не пускаюць на спатканні. Завязеш яму перадачу, глянеш, як там нашай Міхаліне ў цёткі Аксені паводзіцца ў наймічках...

Маці напякла блінцоў, адварыла каўбасу. Напакавалі поўны куфэрак: там былі слоік марынаваных грыбоў, торбачка арэхаў, яблыкі-антонаўкі, кусок сала, галоўка цукру.

Вярнуўся Уладзік з Мінска роўна праз суткі.

— Як там Кастусь?

— Ці бачыў ты яго?

— Што ён гаварыў? — накінуліся ўсе з пытаннямі.

— Кастуся я не бачыў,— адказаў Уладзік.— У астрозе бунтуюцца зняволеныя, таму начальства не дазваляе спатканні. Цётка Аксеня ўжо некалькі разоў хадзіла да начальніка турмы прасіць дазволу на сустрэчу, але нічога не выхадзіла...

Калі суседка Наталля Скарабагатая дачулася пра Уладзікаву паездку, яна сказала Ганне:

— Паеду я ў Мінск... У мяне ёсць знаёмая з Кнотаўшчыны Стома Яўгеня, яна служыць пакаёўкай у сакратара акруговага суда. Яўгеня не раз казала, што да іх сыходзяцца гуляць у карты ўсе мінскія тузы... Быць не можа, каб мне не ўдалося дабіцца сустрэчы з Кастусём...

— Тады, можа, мая дачушка, і я паеду з табой? — запыталася Ганна.

— А як не ўдасца? Не! Лепш пакуль што я адна з’езджу, працераблю сцежку, а там і вы...

Зноў маці наладкавала куфэрак. Дзядзька Антось падвёз Наталлю ў Стоўбцы — і пацягнуліся пакутлівыя дні чакання. Мінуў дзень, другі, трэці. Толькі на пяты дзень увечары вярнулася Наталля ў Мікалаеўшчыну. Адразу, не заходзячы дамоў, прыйшла яна, радасная, у карчму і, ледзь пераступіўшы парог, пачала расказваць.

— Дабілася гэта я дазволу, узяла тую цыдульку ў жменю і пайшла да турэмных варот. Чакаю, калі адкрыецца дзюрка ў варотах. Потым бразь нешта, адчыняецца маленькае акенца, і нейкі вусаты вартаўнік пытае: «Што зволіце?» Я яму цыдульку тыц у нос. Праз некалькі хвілін адчыняе ён брамку і кажа: «Звольце праходзіць, мадам!» Я іду, а калені дрыжаць. Дальбог, страшна. Высокія мураваныя сцены, а ў іх малюпасенькія акенцы. Прывёў мяне вусаты ў нейкую халодную бакоўку, а сам недзе прапаў. Няма яго, няма, мне ўжо абрыдла чакаць, аж потым адчыняюцца дзверы і той самы вусаты кліча: «Заходзьце сюды! Міцкевіч чакае вас». Заходжу, а там — матачкі мае! — ніякага Міцкевіча няма. Стаіць нейкі барадаты дзядзька, пазвоньвае кайданамі і смяецца. Калі ж прыгледзелася добра я да таго барадатага, аж гэта Кастусь...

— Такі страшны ён, што ты, Наталля, не пазнала? — заплакала маці.

— Не, цётачка, не тое зусім, не страшны ён! — адказала Скарабагатая.— Проста нязвыкла было ўбачыць Кастуся барадатым... «Не пазнаеш, Наталля?» — запытаў ён і смяецца, а я ў плач... Не хачу плакаць, а слёзы, як боб, так і коцяцца, так і сыплюцца... Селі мы на лаўку, а вартавы зорыць за намі, не спускае вока. Мне неяк страшна, не знаю, што і гаварыць, а Кастусю хоць бы што. Стаў мяне распытваць пра ўсіх вас, пра мікалаеўскія навіны. Я адказваю і плачу. Тады Косцік пачаў мяне суцяшаць і расказваць розныя смешныя гісторыі з турэмнага жыцця. А перад развітаннем кажа: «Перадай там нашым і Сальвэсевым бацькам, няхай не гаруюць па нас, усё будзе па-нашаму ў скорым часе. Царская ўлада стаіць толькі на адной назе, другую ёй падпілавалі ўжо. Так што доўга яна не накрасуецца...» Дальбог, так і сказаў...

— Скажы мне, любка, як ён сябе адчувае? — цікавілася маці.

— Цётачка, Кастусь адчувае сябе добра... Ён жартаваў і смяяўся...

Наталля заседзелася доўга: жанкі выпілі чарнічнай настойкі за здароўе Кастуся, паплакалі, пагаварылі ад душы...

Ганна ў тую ноч не магла заснуць. Успамінала і ўзважвала кожнае Наталліна слова. Можа, Кастусю не так і весела — адкуль тая весялосць у турме! — але ён паказаў сябе перад Наталляй бадзёрым, бо ведаў, што маці будзе лягчэй. «Эх, сыночак, пакутнік, галубок мой! Ты, я знаю, стараўся для мяне, думаў пра нас...»

*

Камеры ад ранішняй да вячэрняй паверкі не замыкаліся, і астрожнікі пасля снедання разбрыліся хто куды. У восьмай засталіся двое: Кастусь і Уладзік Сальвэсеў.

Уладзік ляжаў на нарах і чытаў нейкі старасвецкі падручнік логікі: ён збіраўся пасля выхаду з турмы паступіць ва ўніверсітэт і з вялікай стараннасцю ўзяўся за навуку.

Кастусь зранку звычайна браўся за свой патайны сшытак з вершамі або садзіўся пісаць лісты знаёмым настаўнікам ці ў родныя палясціны, як ён жартам называў Мікалаеўшчыну. Сёння ён адразу адгарнуў тую старонку свайго сшытка, дзе ўверсе было напісана: «3 песень астрожніка», а далей дробненькім уборыстым почыркам выведзены даўно ўжо вынашаныя радкі:

Ліпы старыя шумяць за сцяною,