Жаласна, глуха шумяць,
Смутна ківаюць, трасуць галавою,
Толькі галіны рыпяць.
Кастусь глянуў на закратаванае акенца, што свяцілася ўгары, прайшоўся некалькі разоў па камеры, прабег вачыма яшчэ раз пачатак верша і напісаў:
Плачуць гаротныя ліпы старыя,
Плачуць на долю сваю...
«А чаго яны плачуць? — пайшлі чарадою думкі,— хіба ім не лепш было б красавацца ў лесе, чым марнець на турэмным двары? Колькі там прастору, раздолля... Эх ты, нешта ў іх долі ёсць агульнае з астрожнікамі...»
Кастусь задумаўся. На памяць прыйшлі чамусьці ўспаміны пра блакітную елачку, пасаджаную некалі ў Ластку. Ці вялікая яна вырасла? Эх, заглянуць цяпер бы ў Ласток, а яшчэ лепш у Альбуць. Ён утаропіўся позіркам у шэрую сцяну, і перад ім з’явілася леснічоўка, старадрэвіна-хвоя з буслянкай, уроскідку дубы, а далей лес, што агінаў падковаю ўсю сядзібу. Родная, мілая сэрцу мясцінка! Колькі там светлых надзей і парыванняў нарадзілася, колькі маркотных дум перадумана! Божачкі, як хутка ідзе час! Нядаўна, здаецца, яны пераехалі з Ластка ў Альбуць. Ён хлапчуком коўзаўся там на замерзлай рачулцы, хадзіў з дзядзькам Антосем на грыбныя баравіны, карміў ласяня... Колькі прайшло з таго часу? Пятнаццаць год! Як хутка! Так у вечных клопатах і барацьбе, горы і радасці жыццё пройдзе...
— Кінсцінцін Міцкевіч! — перарваў Кастусёвы думкі гучны вокліч на калідоры.
— Кінсцінцін! — гукнуў, увайшоўшы ў камеру, наглядчык Пікулік.— Да цябе прыйшлі! Жыва!
Кастусь борздзенька ўсхапіўся, згроб свае паперы ў кішэню і кінуўся ўслед за Пікулікам.
У пакоі, дзе ён нядаўна сустракаўся з Наталляй Скарабагатай, стаяла некалькі наглядчыкаў. А вунь сядзіць, ссутуліўшыся, нейкая кабета, твару не відаць. Знаёмая ваўняная хустка ў клетку!
— Мама! — радасна закалацілася сэрца.
— Кастусёк, даражэнькі! — абняла Ганна сына.— Як ты тут, галубок?
Пяшчотныя ласкавыя матчыны словы балюча расчулілі Кастуся, і ён нічога не мог сказаць, бо баяўся, што заплача.
— Нічога, сынку, не гаруй! — сказала маці.— Усяляк бывае ў жыцці...
Разважлівыя матчыны словы неяк адразу супакоілі Кастуся, і ён сказаў:
— Вы не крыўдуйце, мама, што так выйшла...
— А што тут крыўдаваць? Ганьбы на табе няма... Не абабраў ты каго, не забіваў, а толькі праўды шукаў. А хто цябе за гэта асудзіць, няхай таго гром лясне на гладкай дарозе...
— Як там дома? Як дзядзька Антось, Уладзік, дзеці?
— Уладзік са мною прыехаў... Ля варот чакае. Дзядзька Антось паклон перадаваў... А пра нас не турбуйся. Бульба ўрадзіла добрая, атаву за пагодай скасілі. За арэнду без малога расплаціліся ўжо... Чырвонец вось і табе прывезлі...
— Не, не, мама! — закруціў галавой Кастусь.— Грошай я не вазьму. Мне знаёмыя настаўнікі нядаўна прыслалі.
— Ну, як сабе хочаш! Толькі гавары праўду. У нас грошы будуць. Вось цялушку прадамо, пару авечак зарэжам на продаж... Калі ўсё будзе добра, то яшчэ адну рату ўвесну ўнясем за зямлю ў Смольні.
Ганна расказвала пра вясковыя справы, а Кастусь пазіраў на маці, якая гэтак проста, па-хатняму склаўшы рукі на грудзях, сядзела тут, у турэмнай пачакальні, слухаў вясковыя навіны, і неяк лёгка і спакойна рабілася ў яго на душы.
Калі прыйшла пара расставацца, Ганна перажагнала сына і тройчы пацалавала ў лоб:
— Бывай, сынок! Калі што якое, пішы, не таіся... Мы паможам...
...Праз некалькі дзён прыйшло ад Кастуся пісьмо.
— Чытай, Уладзя, уголас, і я паслухаю,— папрасіла Петрусёва Альбіна, якая была якраз у іхняй хаце.
Кастусь дзякаваў маці за спакойныя і бадзёрыя словы пры сустрэчы, пісаў пра сваё турэмнае жыццё-быццё.
— «Пасля сустрэчы з мамай,— чытаў Уладзік,— я атрымаў добрую зарадку на ўсе тры гады. Мне цяпер нічога не страшна! Я не ведаў, што мама можа так паводзіць сябе, што і слязінкі не бачна было...»
— Няўжо ж ты, мая любка, і праўда не заплакала? — са здзіўленнем запытала Альбіна.— Не веру!..
— Не заплакала...— цяжка ўздыхнула Ганна.— Прыйшла да турэмных варот, сэрца скамянела, і я кажу Уладзіку: «Чакай мяне тут», а сама рушыла ў брамку... Калі ж вярнулася, пытае мяне Уладзік, як там Кастусь, а я слова не магу вымавіць, толькі плачу, аж сэрца разрываецца...
ПЕРШАЯ ВЯСНА
Ішла вясна. Першая вясна, якую Кастусь сустракаў за турэмнымі кратамі.
За сценамі астрога ласкава прыгравала вясновае сонца, весела булькалі ручаіны, радасна выспеўвалі жаваранкі, а тут, у камеры, вясна яшчэ зусім не адчувалася, яе повідам не было відаць. Мужчыны з ранку да вечара таўкліся ля акна, але што ты там выгледзіш, калі вочы мазоліць аблезлы мур, а пад ім учарнелы снег, які і не думае раставаць.