Тры дні таму назад на вячэрнюю паверку ў дванаццатую камеру, куды к гэтаму часу перавялі Міцкевіча, зайшоў сам начальнік астрога Пётр Славінскі са старшым наглядчыкам Дожджыкам. Пікулік таксама быў з імі, ён застаўся ў дзвярах і высока падняў ліхтар: у камеры было ўжо цемнавата. Усе арыштанты шуснулі на нары: было дамоўлена сустрэць турэмную адміністрацыю лежачы.
Начальнік астрога ступіў некалькі крокаў і пачаў, не спяшаючыся, здымаць пальчатку з левай рукі, потым сярдзіта сіплым голасам крыкнуў:
— Устаць!
Ніхто на нарах не паварушыўся. У гэты момант у камеру ўвайшоў стараста Кролік і спакваля на вачах у начальства выцягнуўся на сенніку.
— Уста-а-аць! — зароў Дожджык.
Мірман, які ляжаў побач з Косцікам, са страху аж падскочыў, але сусед паклаў яму руку на грудзі — ляжы! Пасля падняўся Кролік і, не злазячы з сенніка, абхапіў рукамі калені і спакойна пачаў:
— Мы пратэстуем супраць таго, што нам перасталі даваць газу і зменшылі норму дроў. Мы, хоць і арыштанты, але людзі... I патрабуем да сябе людскіх адносін!
— Пасвяці! Пасвяці! — крыкнуў Славінскі Пікуліку.— Паглядзім, што там за мудрэц аб’явіўся.
Кролік выйшаў наперад:
— Стараста камеры.
— Тыдзень карцару,— павярнуўся да дзвярэй начальнік турмы.
— Пратэстуем! — загудзела камера.
— На столькі ж дзён пад замок астатніх,— кінуў Славінскі ўжо за парогам.
Першы дзень Дожджык адчыняў «вочка» ў дзвярах і пацвельваўся:
— Якое сёння сонца слаўнае! Любата!
Паспрабаваў ён дражніцца і назаўтра, але маскоўскі студэнт Дурмашкін не вытрымаў здзеку, схапіў дзяркач, якім падмяталі камеру, і шпурнуў у «вочка». Дожджыка як вадой змыла, больш ён не паказваўся.
Кролік сядзеў у смярдзючым каменным мяшку, а жыхары дванаццатай сноўдаліся па камеры. Сонца і вясну бачыў толькі той, хто выносіў парашу...
Кастусь зранку да вечара вылежваўся на нарах. Кожную вясну ён перажываў чамусьці вельмі хваравіта. Нейкія няясныя трывогі і парыванні апаноўвалі сэрца, думкі імкнуліся далёка-далёка ад будзённых клопатаў. Рэзка мяняўся настрой. То з’яўлялася адчуванне бадзёрасці, радасці і ўпэўненасці ў свае творчыя сілы, і тады нібыта вырасталі крылы. Пасля раптам без дай прычыны, здаецца, агортвала цяжкая беспрасветная туга. Не пісалася, не чыталася, ноччу не спалася. Калісьці ў такіх выпадках, нідзе не знаходзячы сабе месца, ён ішоў у лес. Доўга хадзіў там у бяздум’і, сядзеў дзе ў зацішку на пеньчуку ці на зямлі, слухаў птушыныя галасы і лясны пошум. Так прыходзіў у лес дзень у дзень, блукаў у адзіноце,— і паволі вяртаўся душэўны спакой.
Зараз было горш. Смутак падкрадваўся даўно, а потым туга запаланіла ўсю істоту. Спачатку Кастусь не паддаваўся, расказваў вясёлыя здарэнні і анекдоты, разам з усёй дванаццатай чвэрыў што-небудзь смешнае. Але надышоў такі дзень, што не толькі расказваць, але і слухаць нічога не хацелася, ляжаць — не ляжалася, думаць — не думалася, прапаў сон,— усё вярэдзіла душу, хоць рукі на сябе налажы. Калі ж ён не ўстаў аднойчы папалуднаваць, Шпакоўскі, які быў за кухара, сказаў:
— Расклеіўся наш Стары.
— Ты што, браток, захварэў? — устрывожыўся Дурмашкін.
Жыхары дванаццатай камеры абступілі Кастуся, кожны даваў парады, прапаноўваў лекі. Падышоў нават нясмелы селянін Мацей Цярэшка з-пад Маладзечна, які яшчэ не асвойтаўся на новым месцы: яго нядаўна перавялі з дзевятай камеры. Ён дастаў са свае торбачкі пляскатую бутэлечку:
— Во, хлопча, загавораная вада... Памагае ад захалоду, падвяроду і кепскіх вачэй...
Усе дружна накінуліся на дзядзьку Цярэшку, паднялі на смех яго ваду і яго веру ў бабскія забабоны. Гэтае здарэнне адразу скіравала гаворку на розныя прымхі, замовы і чарадзействы. Хто расказваў, як памагло некаму; хто даводзіў, што ўсё гэта выдумкі і шарлатанства.
Кастусь слухаў гэты гармідар, і яму раптам захацелася адзіноты... Вось каб цяпер у Альбуць, выпіць конаўку бярозавіку і на цэлы дзень высці ў лес. Усю хворасць як рукой зняло б. Але... На сэрцы ў яго стала горка, крыўдна і балюча, аж набеглі слёзы.
Ноч прайшла неспакойна. Бачыў у сне Алесю Зотаву. Стаіць яна ў царкве, уся ў белым, і пытаецца ў Кастуся: «Няўжо ты не ведаеш, дзе забіты Вальдзерозе?» Ён нібыта адказаў: «Ведаю. Каля Блоні, што пад Ігуменам».
Дзіўна было тое, што сон добра застаўся ў памяці, нават прозвішча нейкага Вальдзерозе запомнілася. «Хаця б Алеся не захварэла»,— падумаў ён і запытаўся ў Дурмашкіна:
— Хто такі Вальдзерозе?
— А ліха яго ведае. Не чуў такога...
Уставаць не хацелася, і паслужлівы Цярэшка падаў Кастусю кубак чаю. Дзень абяцаў быць такі ж сумны, доўгі і нецікавы, як учарашні.