Выручыў наглядчык Пікулік. Адразу пасля снедання ён адчыніў камеру і весела аб’явіў:
— Хто пойдзе снег раскідаць?
Ахвотнікаў было многа: кожнаму хацелася вырвацца на прастор, каб палюбавацца сонцам і вясною, падыхаць свежым паветрам. Але Пікулік падышоў да нараў, на якіх ляжаў Кастусь, і запытаўся:
— А ты, Кінстанцін, чаму не ўстаеш? Падымайся! Каяцца не будзеш...
Пасля змрочнай камеры на дварэ быў рай. На высокім сінім небе ні хмурынкі, сонца прыгравала так, што па турэмным двары ўжо зранку было не прайсці: на самай сярэдзіне яго красавалася вялікая лужына. Арыштанты дружна завіхаліся з рыдлёўкамі, прабілі дарогу вадзе, а потым узяліся за гурбу снегу. Кастусь раскідаў снег каля ўваходнай брамы.
У абед, седзячы побач за сталом, Шпакоўскі запытаўся ў Кастуся:
— Ну, як, Стары, ажыў?
— Дзіва што. Паўдня грэў зубы на сонцы,— весела прамовіў Кастуеь.
— То атрымлівай яшчэ адну порцыю поліўкі,— сказаў кухар.
Назаўтра Кастусь зноў грэўся на сонцы: рыдлёўка ў яго была на двух з Дурмашкіным.
Яшчэ праз пару дзён вярнуўся з карцара Кролік. Зямлісты твар яго цяпер стаў белы, як палатно, і нібы прасвечваўся. Дванаццатая наладзіла свайму старасту ўрачыстую сустрэчу. Цераз Пікуліка дасталі хлопцы нават «божых» кропель і бохан свежай сітніцы. Было ў той вечар гамонкі, смеху і жартаў!
Здавалася, турэмная жытка ўвайшла ў сваю звычайную каляіну, як раптам новая бяда навалілася на дванаццатую камеру. На трэці ці чацвёрты дзень, як вярнуўся стараста, захварэў Іван Сарока. Гарэў агнём, ноччу трызніў. Раніцою забралі яго ў турэмны лазарэт, дзе прызналі тыфус.
Прыйшоў фельчар; не пераступаючы парог, пакруціў носам — і наклаў каранцін. Цяпер зноў нікога не выпускалі з камеры. Хлопцы нібыта духам не падалі, спявалі песні, жартавалі, але гэта былі невясёлыя жарты: кожны чакаў з дня на дзень, што і яго падкосіць хвароба.
Вось у гэтыя трывожныя дні абрыдлівага чакання Кастусь атрымаў пісьмо ад Алесі Зотавай. Пісьмо кароценькае, але з важнымі навінамі. Алеся пісала, што выйшла замуж за настаўніка Рамановіча з Блоні. Кастусь успомніў сон пра Вальдзерозе і ўсміхнуўся: глядзі, што можна прысніць. Але вестку гэтую ён успрыняў даволі спакойна. Алеся, вядома, дзяўчына разумная, прыгожая, але не для яго. Ён гэта даўно ведаў і ніколі не цешыў сябе надзеяй. Больш таго, Кастусь заўсёды стараўся сябе паводзіць з Алесяй стрымана, халаднавата нават, хоць і далікатна. Сур’ёзную гаворку заўсёды пераводзіў на жарт.
У той дзень ён узяўся пісаць Алесі адказ. Але штосьці не пісалася. Спачатку здалося, што напісаў вельмі суха і казённа. Другі раз падалося, што Алеся (а можа не так Алеся, як яе муж) пакрыўдзіцца,— і зноў парваў. Няхай, іншым разам напішацца, можа, лепш.
Але атрымалася так, што Кастусь забавіўся з адказам. Не па сваёй, вядома, віне; была другая прычына.
Назаўтра на ранішнюю паверку ў дванаццатую нячысцік прынёс Славінскага. Ніхто яго не чакаў, усе спадзяваліся, што, пакуль існуе пагроза тыфусу, у камеру ён і носа не пакажа. Ажно бравы служака, відаць, задумаў у гэтыя трывожныя дні, калі над астрогам навісла цёмнай хмарай хвароба, зламаць арыштантаў, паставіць іх на калені. Калі Дожджык забразгаў ключамі, ніхто не падумаў, што ідзе начальнік турмы. Таму і не дамовіліся, як яго сустрэць.
— Устаць! — падаў каманду Дожджык.
Хто валяўся яшчэ ў пасцелі, некаторыя тупалі па камеры і, памятаючы ранейшы ўгавор, шуснулі на нары, сёй-той спасаваў і выцягнуўся перад начальствам.
— У карцар! — коршунам наляцеў Славінскі на Дурмашкіна.
— I ты!
— I ты! — тыцкаў ён пальцам.
— Пойдзеш і ты! — палец нацэліўся ў Кастуся.
Пра карцар Кастусь наслухаўся многа, але ў каменны мяшок сам трапіў упершыню. Нічога тут не відаць, і вочы тут не патрэбны. Кажуць, цемра дрэнна ўплывае на зрачок, таму вочы трэба завязваць. Увайшоўшы, ён пастаяў ля дзвярэй, якія з бразгам за ім зачыніліся, і пачаў пакрысе асвойвацца. Нагой намацаў цабэрак-парашу. Рукою асцярожна правёў па сценах. Шырыня заканурка — крыху больш як на адзін крок, удаўжкі — чатыры, пальцы дастаюць столь. Ні нараў табе, ні табурэткі; падлога драўляная, уся ў закарэлай гразі.
Знаёміўся Кастусь са сваім новым месцам спакойна і стрымана. Што ж, у турме ўсяго трэба паспытаць, усё перанесці. Ён патупаў крыху, пасля паслаў бушлат і прылёг. Думкі паплылі чарадою. Як там дома, як маці? Хаця б не прыехаў хто ў адведзіны, пакуль ён тут адседжвае кару. Будзе тады гаворкі...
Неўзабаве ў мінскім турэмным замку здарыліся такія падзеі, што пра іх загаварыў увесь горад і нават уся губерня.