Тыя памятныя дні пачаліся з таго, што начальнік турмы атрымаў па пошце на свой дамашні адрас смяротны прыгавор, аформлены па ўсіх судовых правілах. Каб паказаць, што яго не запалохаеш, Славінскі ў той жа дзень абабегаў усе камеры, тыцкаў «прыгавор» старастам пад нос і дапытваўся:
— Хочаце мяне шантажыраваць? Не выйдзе! Не баюся!
А праз два дні, на змярканні, загрымела ўся турма:
— Начальніка забілі!
— Славінскага ўходалі!
Яшчэ ніхто дакладна не ведаў, як гэта здарылася і ці наогул здарылася, аде ўся турма хадзіла ходырам. Арыштанты крычалі, грукалі ў дзверы, свісталі,— кожны выказваў як толькі мог сваю радасць і задавальненне.
Толькі раніцой стала вядома, што Славінскага сапраўды забілі. Увечары ён выйшаў за браму, ступіў колькі крокаў, як нехта двойчы стрэліў у яго з рэвальвера: адна куля трапіла ў грудзі, другая прабіла галаву.
Увесь дзень у дванаццатай служылі «малебен» па рабу божаму Пятру. «Адпявалі» кожны на сваёй мове: па-беларуску слова сказаў Міцкевіч, па-руску — Дурмашкін, па-польску — Шпакоўскі, па-яўрэйску — Лейвік Гальперын. Пасля Славінскага хавалі «поп», «ксёндз» і «рабін». 3 коўдраў былі зроблены адпаведныя апранахі, з паперы — шапкі і іншыя прычындалы, «папу» за кадзіла была турэмная медная конаўка, падвязаная на шнуркі.
— Так яму і трэба!
— Туды яму і дарога! — цягнуў басам «поп».
Хор падхопліваў:
Хлопцы, спявайце!
Недавяркі, спявайце!
Ох-хо-хо-хо!
Яшчэ праз дзень у астрозе быў вялікі «шмон» — праверка. Трэслі куфэркі астрожнікаў, іх сеннікі, абмацвалі кожны рубец вопраткі, прымушалі распранацца. Забіралі ўсе недазволеныя рэчы. Кастусёвы вершы былі ў надзейным спраце: дома ў Пікуліка. Але пры ім былі грошы. Ажно пятнаццаць рублёў, а трымаць пры сабе можна было не больш рубля. Крыўдна будзе, калі забяруць. А дзе дзець?
У Кастуся за зіму вырасла густая і доўгая барада. Хіба паспрабаваць? Ён схаваў у барадзе свае грошы і Дурмашкіна, маленькі сцізорык Лейвіка.
Калі праверка кончылася, стараста камеры сказаў:
— Цяпер, Міцкевіч, ведай — твая барада будзе нашай!
СУМНАЯ ГАДАВІНА
Што ні поп, то свая малітва, Што ні начальнік астрога, то свае здзекі над людзьмі.
Пасля забойства начальніка Мінскага турэмнага замка арыштантаў пачалі тасаваць і перакідваць каго куды. Адных пераводзілі з камеры ў камеру, другіх у іншае месца. Міцкевіч і яшчэ сем «крапаснікоў» (так называлі засуджаных да зняволення ў крэпасці) трапілі ў жаночы астрог на Дабрамысленскім завулку, што каля Брэсцкага вакзала.
У астрозе як у астрозе, чалавек заўсёды на прывязі. Але на новым месцы былі свае невыгоды: па-першае, зусім перасталі даходзіць пісьмы, па-другое, чамусьці нікога не пускалі на спатканне, нават самую блізкую радню. У Пішчалінскім замку гаспадарыў Дожджык, тут старшы наглядчык Алейчык. У гэтага астрожнага «бацькі» свае законы, свая завядзёнка, свае больш строгія парадкі.
Там, у турэмным замку, ад ранішняй да вячэрняй паверкі камеры адчынены, можаш на сваім паверсе і ў сваім адсеку хадзіць у госці да суседзяў. Тут жа — клетка на замку ўвесь дзень. Там для крапаснікоў існавалі пэўныя прывілеі: можаш хадзіць у сваёй апранасе, дазвалялася самім кухарыць і купляць прадукты, на якія адпускалася па дзесяць капеек на чалавека, кожная камера мела свой самавар. Усё гэта Алейчык скасаваў...
Кастуся, калі ён сядзеў у замку, усю зімачку, амаль кожны тыдзень, наведвала сястра Міхаліна. Прыносіла перадачы, навіны пра тое, што чуваць дома і ў вёсцы. Гэта яна першая прынесла вестку пра Уладзікава вяселле. Узяў той замуж Любу Пракаповіч з Кучкуноў. Гэта яе малодшы брат Алесь вучыўся ў Смалярні.
Некалькі разоў за зіму прыходзіла разам з Міхалінай адведаць Кастуся яго хрышчоная маці — Аксеня Сянкевіч. Яна жыла ў зяця Галонскага па Каломенскай вуліцы, дапамагала дачцы Вікці гадаваць дзяцей.
На новым месцы ні Міхаліна, ні хрышчоная ніяк не маглі дабіцца сустрэчы. Не дазваляецца — і баста! Праўда, Міхаліна нядаўна перадала Кастусю пару чыстай бялізны і — самае важнае — два нумары «Нашай нівы»: за 20 лютага і 7 мая 1909 года. Чаму гэтыя нумары? Відаць, таму, што ў іх былі змешчаны яго вершы «Панас гуляе» і «Сон у астрозе», а таксама лірычная замалёўка Пётры Простага «Абразкі», прысвечаная яму, Якубу Коласу.
Нейкі невядомы аўтар, схаваўшыся за псеўданімам Просты, пісаў прачула, ярка і ўзнёсла: «Люблю цябе, мая родная старонка, мая матка — Беларусь! Ты выгадавала мяне, ты мне паказала нядолю і слёзы маіх братоў... Веру — устане сонца, пашле яно нам свой свет, разгоне туман, што спавіў цябе, Беларусь. Прыйдуць для цябе лепшыя часы... Для сыноў тваіх зачнецца новае жыццё — вольнае, светлае!» Гэтымі думкамі і спадзяваннямі жыў і Кастусь, таму так узрушыла і ўсхвалявала прысвячэнне замалёўкі менавіта яму. Невядомы аўтар нібы чытаў яго настрой і пачуцці...