Але найбольш узрадаваў верш Янкі Купалы «Вучыцелям людскім», змешчаны ў газеце за 20 лютага. Здзіўляла незвычайная глыбіня думкі, мужная настраёвасць, вялікая вера ў сілы і будучыню свайго шматпакутнага народа:
Гулка нясецца стогн лесу ў начныя пацёмкі,
Плача-галосіць ў коміне вецер глухі...
Спіце вы, слаўныя гора і працы патомкі,
Хутка над вамі распалім памінкаў агні!..
Свежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла,
Жвір толькі свеціцца, змыты сцюдзёным дажджом...
Спіце! Мы вашых вавек не забудзем магілаў;
Збуджаны вамі, мы ўскрэслі, мы больш не заснём!
Некалькі разоў чытаў і перачытваў Кастусь гэты верш і нейкія новыя грані адкрываў у ім. Гэта было развітанне з ахвярамі нядаўняй барацьбы, але не слёзны плач над іх свежымі магіламі, а клятва ісці іхняй дарогай і працягваць іх справы, заклік да новага пакалення змагароў смела і мужна крочыць наперад. У купалаўскім творы быў унутраны падтэкст, такі зарад, які акрыляў, бадзёрыў, прымушаў падымаць галаву, напаўняў сілай і энергіяй.
Вечарам, як усе крапаснікі сабраліся ў камеры, Кастусь прачытаў ім купалаўскі верш на памяць.
— Сёння напісаў?
— Не! Гэта верш Янкі Купалы,— паказаў ён газету.
— Здорава напісана!
— А хто гэта такі? — запытаўся Лейвік Гальперын, малады яўрэйскі паэт.
Гальперын трапіў у астрог нядаўна. Сын ігуменскага настаўніка, ён вучыўся ў мінскім ешыбоце — яўрэйскай духоўнай семінарыі, адтуль яго выгналі за вальнадумства. Тады былы ешыботнік пайшоў на завод. Пасля ўдзелу ў забастоўцы знаходзіўся на нелегальным становішчы, друкаваў вершы пад псеўданімам Лейвік. Вясною 1909 года мінская жандармерыя высачыла яго, і вось у чаканні судовага працэсу дваццацігадовы паэт адлежваўся на мулкіх нарах.
— Янка Купала — гэта беларускі паэт,— тлумачыў Кастусь.— Паэт з божай ласкі, талент незвычайны.
— Ты, Міцкевіч, бачыў яго? — запытаўся Сарока.— Цікава, як гэта выглядаюць незвычайныя людзі?
— Не, Янку Купалу я не бачыў,— адказаў Кастусь.— Але творы яго вельмі люблю... Памятаю першы яго верш «Касцу», які ён прыслаў у рэдакцыю «Нашай нівы». Было гэта ў маі 1907 года. Рэдактар прачытаў верш сам, потым кажа: «Па-мойму, тут нешта ёсць...» Узяў я той лісток, почырк не вельмі, ды, прызнацца, і верш не зрабіў на мяне вялікага ўражання. Праўда, калі цяпер разабрацца, дык песенька тая была вострая, як каса. Мы тады не вельмі разабраліся і цэнзура не прыдралася, хоць там быў выразны заклік брацца за зброю...
Кастусь падышоў да акна, моўчкі ўтаропіўся позіркам у адчыненую фортачку, цяжка ўздыхнуў і працягваў:
— Ёсць у Янкі Купалы верш «Ворагам беларушчыны». Тады я толькі-толькі вярнуўся з Магілёўшчыны. Прыносяць мне газету, прачытаў я той верш, і ажно мурашкі прабеглі па спіне. Чытаў і радаваўся, аж слязу выцер, бо сам не раз пра гэта думаў. Так яшчэ ніхто не выступаў у абарону беларускага слова:
Чаго вам хочацца, панове?
Які вас выклікаў прымус
Забіць трывогу аб той мове,
Якой азваўся беларус?
Чаму вам дзіка яго мова?
Паверце, вашай ён не ўкраў,
Сваё ён толькі ўспомніў слова,
3 якім радзіўся, падрастаў...
Не верш, а святая праўда... Шкада, што мне не давялося сустрэцца з Купалам. Выйду на волю — абавязкова пабачуся...
*
Каля брамы турэмнага замка заўсёды тоўпіцца многа народу. Найбольш кабеты. Яны з цяжкімі клункамі за плячыма. Вечна нешта не ладзіцца, таму ў варотах стаіць крык і плач.
Прысадзісты, мажны хлапчына ў акулярах выстаяў чаргу і падышоў да закратаванага акенца:
— Мне трэба сустрэцца з Канстанцінам Міцкевічам.
Пісарчук пагартаў тоўстую канторскую кнігу:
— Яго перавялі ў жаночы астрог.
— А дзе гэта?
— Каля Брэсцкага вакзала.
Хлапец у акулярах хуценька пабег на Дабрамысленскую да Алейчыка. Бравы служака адказаў:
— Трэба дазвол начальніка. А яго няма, паехаў у Пінск.
— Даражэнькі дзядзечка, пусціце... Я стрыечны браценік Міцкевіча. Еду ў Маскву, мой цягнік хутка адыходзіць. Калі я з Кастусём не пабачуся, то адзін бог ведае, калі і ці сустрэнемся мы з ім... Майце літасць!
Чалавек так прасіў, што Алейчык пачухаў за вухам, моўчкі ўзяў з паліцы звязак ключоў і паклыпаў да вялікай драўлянай будыніны з кратамі на вокнах, Хлопец пайшоў за ім і трапіў у брудную бакоўку. «Старшой» загадаў тут чакаць, а сам пайшоў па калідоры.