Выбрать главу

Толькі глянуў Кастусь на госця — і зразумеў: нейкая бяда здарылася дома. Дзядзька ссутуліўся, даўно не голены твар учарнеў. У жывых і прыветных вачах смутак і разгубленасць, кашуля без падпяразкі.

Пляменнік і дзядзька Антось абняліся, моцна пацалаваліся.

— Што? — запытаў Кастусь, і яму чамусьці падумалася, што нешта з маці.

— Пагарэлі,— ціха прамовіў дзядзька і выцер слязу.— Карчму як языком злізала. Увесь наш бок выкаціла. Толькі гумно ацалела. Там, у гумне, пажывем да халадоў. За гэты час, можа, якую хатку агораем. Бач, нябож, як яно выходзіць: не куецца, а плешчацца...

Навіна, якую прынёс дзядзька Антось, растрывожыла Кастуся. Самае крыўднае было, што ён нічым не можа дапамагчы дамашнім у гэтую нялёгкую для іх часіну. Іншая справа, каб быў на волі. Паехаў бы зноў у Папоўку, зарабіў бы за зіму сотні паўтары. Дый што казаць! На волі ён знайшоў бы нейкую раду, каб падсабіць маці. А так сядзі тут, трубі ў кулак, кусай локці са злосці...

На другім тыдні, нарэшце, паказаўся доўгачаканы Сымон Самахвал. Хацеў спачатку Кастусь даць яму добрую праборку, але як убачыў знаёмы нос-імбрычак, дык адразу ўся крыўда на яго прапала. Сымон расказаў пра сваё жыццё-быццё, даў адрас настаўніка Жука, які напісаў пракламацыю, за якую трапіў Кастусь на казённыя харчы. Якаў Бязмен ведаў таго Жука і паслаў яму пісьмо-карыкатуру: вялікі чорны жук выводзіць пяром «Дарагія таварышы!» (так пачыналася тая лістоўка), а побач чалавек нясе тры вялізныя крыжы, на верхнім з іх напісана: «Тот грехи наша понесет и язвою его мы исцелехом».

Праз колькі дзён заглянуў і Антон Лявіцкі, які выступаў на старонках «Нашай нівы» пад псеўданімам Ядвігін Ш. Вясёлыя былі яго апавяданні, весялун быў і ён сам — сярэдняга росту, гадоў пад сорак чалавек у просценькім вынашаным касцюме. Прывёз ён Кастусю паклон ад Янкі Купалы...

Так у трывозе, клопатах і сустрэчах са знаёмымі і сябрамі прайшло лета. На турэмным двары вецер змятаў першыя жоўтыя лісты, калі Кастусь зноў дастаў з сенніка свой патайны сшытак, куды запісваў свае астрожныя думы.

Прайшоўся Кастусь па камеры раз, другі. Усе разбрыліся, хто куды. На нарах ляжаў толькі Цярэшка: яму штосьці нездаровілася. Ды ў суседняй камеры галёкалі арыштанты-крымінальнікі: у іх заўсёды нейкія забаўкі.

— Сёння ж гадавіна! — раптам успомніў Міцкевіч.

Каб упэўніцца, што сёння 15 верасня 1909 года, Кастусь глянуў на сцяну, дзе вёўся каляндар. Правільна, сёння якраз роўна год, як яго запякалі ў каталажку! Значыцца, адну трэць адбухаў. Зіма пройдзе — будзе палавіна тэрміну, а там і другі верасень.

Вечарам, лежачы на сенніку, Кастусь успамінаў, як год таму назад вырашаўся яго лёс у судзе. Усё быццам вяло на тое, што ўдасца выйсці «сухім». Пра настаўніцкі з’езд гаворкі адносна было мала, следства круцілася вакол надрукаваных на гектографе лістовак, але вывады экспертаў адносна таго, хто іх пісаў, разыходзіліся. Кастусь вінаватым сябе не прызнаваў, адвакат Петрусевіч выступіў таксама добра. Таму ў Кастуся была надзея на апраўданне. Ён у часе перапынку пасля пасяджэння схадзіў на Захараўскую, перакусіў у харчэўні, а ідучы назад у суд, купіў новыя чаравікі. Цяпер смешна нават, які быў наіўны. Спадзяваўся на адно, а выйшла зусім другое. Успомніў яшчэ, як акалодачны, пачуўшы, што і Кастуся трэба браць пад варту, падбег і цап за руку.

— Ты чаго, пеўнік, хапаешся? — агрызнуўся тады Міцкевіч.— Не бойся, не ўцяку!..

Думаў пра сумную гадавіну, а ў галаве ўжо складаліся радкі:

Нешчаслівы дзень прыдаўся:

Волю я ў той дзень хаваў...

*

У суседняй вялікай, як казарма, камеры сярод лета 1910 года з’явіўся гарбаты дзядзька ў суконнай світцы і юхтовых ботах з высокімі халявамі.

Новы астрожнік прывалок два цяжкія, як падняць, самаробныя куфэркі з начыннем, запэцканы фарбай пляскаты чамаданчык і мех нейкіх сукаватых дзеравяк. Паводзіў ён сябе ў камеры смела, асвойтвацца яму не трэба было. Ціхенька насвістваючы нейкую вясёлую мелодыю, ён у першы ж дзень абсталяваў святлейшы кут камеры пад рабочае месца. Адзін куфэрак, раскрыты і падвешаны на сцяну, стаў зручнаю палічкаю з наборам рознага прыладдзя. Там былі фігурныя і кантовыя стамескі і стамесачкі, долаты і долатцы, малюпасенькія напільнікі і нейкія іншыя штуковіны. Другі куфэрак служыў гаспадару сядзеннем.

Гарбаты ўмела майстраваў, і на вачах здзіўленых астрожнікаў увачавідкі з’явіліся пацешныя драўляныя фігуркі хлопчыка, сабакі і ката. Паглядзець, як выразае цацкі навічок, сабраліся ўсе цікаўныя, прыйшлі таксама Кастусь, Якаў Бязмен і шавец Іцка Мардуховіч. Глядзелі яны, глядзелі, а потым Якаў і кажа:

— Якія малайцы гэтыя астрожнікі! Адзін умее майстраваць шылам, другі стамескай, а трэці пяром.