Выбрать главу

— Не аўчыны, а цуд! — гаварыў Антось.— Мяккія, хоць у вуха кладзі. А выцяжкі во! — выставіў ён бот, густа змазаны дзёгцем,— — зносу ім няма і вады не баяцца. Не ўступяць гамбургскім, што нашы плытнікі з Прусаў прывозяць...

Гаворачы пра аўчыны і хром тутэйшага вырабу, не заўважылі, як уехалі ў мястэчка. Паабапал шырокай вуліцы стаялі звычайныя вясковыя хаткі, невялічкія, крытыя саломай. Як толькі пераехалі мосцік, дзядзька Антось забраў у Кастуся лейцы:

— Тут недзе стромая гара была...

Рыначны пляц знаходзіўся на пагорку, у самым цэнтры мястэчка. Адным краем ён упіраўся ў царкву і цвінтарную агароджу, другім — у касцельныя сцены, а далей плошчу абступалі крамы і крамкі, за якімі бялелі муры сінагог.

Мужчыны кірмашаваць доўга не збіраліся, таму каня не распрагалі, а звярнулі ўбок і сталі ля сцяны чырвонай мураванкі з надпісам «Клейнборгъ. Промышленные товары». Міхал з Антосем пайшлі паглядзець і прыцаніцца да коней, а Кастусь застаўся пры возе, адпусціў пасак і кінуў Сіваку канюшыны.

3 розных канцоў цягнуліся фурманкі, людзі ўсё прыбывалі і прыбывалі, хто на возе, хто пешкі, хто верхам на кані. На вазах везлі парасят, авечак, індыкоў, гусей, за падводамі ішлі каровы, цялушкі, пярэзімкі. Кастусь тупаў ля воза і пазіраў на кірмашовы вэрхал. Увагу яго прыцягнула кучка капылян. Спачатку яны размаўлялі па-беларуску, а потым перайшлі на нейкую дзіўную гаворку, дзе нібыта і былі беларускія словы, але яшчэ больш нейкіх незразумелых: ловат, рыкуха, вакля, крэса, супік... Адзін з іх, пажылы ўжо чалавек з сур’ёзным выглядам, сыпаў, як з мяха, такімі слоўцамі і некуды цягнуў сваіх сяброў. Калі вярнуўся дзядзька Антось, гаваркія капыляне зусім блізенька стаялі ля воза, на якім сядзеў Кастусь.

— Чуеце, дзядзька? — запытаўся Кастусь.— Па-якому гэта яны шпараць?

— Па-кравецку! — усміхнуўся дзядзька.— У капыльскіх краўцоў, якія ходзяць па ўсёй ваколіцы зімою шыць кажухі, ёсць такая свая гаворка. Старэйшыя капыляне ўсе яе ведаюць. Вось цяпер дамаўляюцца цану збіваць на карову і, калі ўдасца, то зробяць барыш разам...

Неўзабаве прыйшоў бацька:

— Ну і коні! Агонь, а не коні! Асабліва тая жарабіца!

— Але і цана на яе дай божа,— сказаў дзядзька Антось.— А капыляне, як тыя цыганы, так і тупаюць каля добрага каня, нікога не падпускаюць прыцаніцца.

Распыталі дарогу на Слуцк і адразу рушылі. Дарога з торжышча каля канцылярыі станавога прыстава крута спускалася ўніз. Спакойны Сівак спуджана застрыг вушамі і спыніўся. З’ехалі з гары толькі тады, калі засунулі ў задняе кола тоўсты кол, а Кастусь узяў Сівака за аброць.

Адразу за Капылем краявід перамяніўся. Пачалася Случчына: лес адступіў і сінеў толькі далёка на небасхіле, вакол прасціралася, як кінуць вокам, раўніна, на якой віднеліся вёскі і вёсачкі з ветракамі...

Падарожнікі вярнуліся дамоў у панядзелак. Ехалі назад прамейшай дарогай, з Капыля звярнулі на Рымашы, Пагарэлае. Сямейнікі садзіліся за стол палуднаваць, калі Кастусь спыніў каня на панадворку. Маці выйшла на ганак:

— Ну, як з’ездзілася?

— Добра,— адказаў Міхал.— Трэба везці задатак. Зямля — не раўня нашай...

— Дзякуй богу,— прамовіла маці,— але мне, прызнацца, ехаць у чужыя людзі не хочацца. Ой, як не хочацца!

— Мама, а мне нічога няма? — запытаў Кастусь.

— Не, няма...

Да той весткі Кастусь сябе за дарогу падрыхтаваў. Ён нават надумаўся пачакаць яшчэ з які тыдзень і, калі не будзе пісьма з дырэкцыі, паслаць туды запытанне.

ДОЎГАЧАКАНАЕ ПРЫЗНАЧЭННЕ

Папалуднаваўшы, Кастусь выпусціў Сівака з хлява, напаіў яго і, вывеўшы за крынічку, спутаў у кустах. Няхай сабе пасецца пасля дарогі. А сам як быў з аброццю ў руках, пайшоў прылегчы ў будане, які зрабілі ўлетку дзеці.

Толькі Кастусь адхіліў дзяружку, якой завешваўся ўваход, як на хвіліну сумеўся, а потым злосць працяла ўсю яго істоту: у будане вісеў партрэт Крылова, вырваны з яго любімай кнігі. 3 тае кнігі, якую Кастусь так шанаваў і якую паклаў у куфэрак, каб узяць з сабою туды, дзе прыйдзецца яму працаваць. Гэта, відаць, пакуль ён ездзіў у Смальгавок, малы Юзік пагаспадарыў у яго куфэрку.

— Юзік! Юзік, ідзі сюды! — пазваў Кастусь.

Хлапец аціраўся на падворку і адразу кінуўся подбегам на кліч брата. Юзік быў ужо ля будана і толькі тады здагадаўся, што Кастусь кліча яго на расправу. Хацеў хлапчына крута рвануць назад. Але было позна: яго правае вуха апынулася ў Косцікавых пальцах.

— Твая работа? — пацягнуў брат малога ў будан і тыцнуў носам у партрэт: — Прызнавайся, хто вырваў з кнігі? Хто?

— Не, не я! — хныкаў Юзік.— Гэта Міхаліна вырвала. Гэта яна павесіла...