Выбрать главу

Кастусь, асцярожна мінаючы лужыны, рушыў цераз вёску. Люсінцы, асабліва пажылыя мужчыны, прыветліва кланяліся, з ахвотаю адказвалі на пытанні, а вучні насцярожаным вокам азіралі настаўніка і стараліся не сустракацца з ім, зварочвалі на другі бок вуліцы ці ў двор. Як старэйшыя, так і дзеці, былі апрануты ў чорныя ці карычневыя суконныя світкі. Ад шапкі-кучомкі да лапцей — усё было на палешуках свайго хатняга вырабу і аднаго колеру. Крыху больш разнастайныя жаноцкія ўборы.

Адразу кідаліся ў вока буслянкі. Цераз дзве-тры хаты на гумне ці на дрэве красавалася буслінае гняздо. Самі паляшуцкія хаты стаялі абапал шырокай вуліцы без пэўнага ладу, але былі пераважна новыя, фундаментам для іх служылі тоўстыя дубовыя калоды, укапаныя ў зямлю.

Ішоў настаўнік па дарозе, якая, як ён потым даведаўся, вяла ў тыя самыя Дзяніскавічы, куды не раз ездзіў бацька на паляванне з нясвіжскімі панамі і падпанкамі. Прайшоўшы вярсты тры-чатыры, Кастусь пастаяў на мосціку. За невялічкаю рэчкаю канчаўся лес, пачыналіся хмызнякі, парыжэлае куп’ё, блішчала вада.

Пару дзён Кастусь знаёміўся з вёскаю і яе ваколіцамі, а потым заказаў фурманку і паехаў у Хатынічы, дзе знаходзілася валасное праўленне. Там ён пазнаёміўся з мясцовым настаўнікам Уладзімірам Дылеўскім, які павёў свайго калегу да валаснога начальства і тутэйшага панства. Валасны пісар Пётр Васінскі спачатку пачаў выгаворваць:

— Што гэта вы, малады чалавек, позніцеся на службу?

— Не мая віна,— адказаў Кастусь і паказаў пісару прызначэнне дырэкцыі народных вучылішчаў.

Стары служака ўважліва перачытаў паперку, зверыў яе з адносінай, што паступіла ў воласць. Усё было чын чынам, і Васінскі сказаў свайму памочніку:

— Маладому чалавеку належыць атрымаць плату за два месяцы. Дайце яму распісацца ў ведамасці.

Сорак рублёў (настаўніку плацілі па дваццаць рублёў у месяц) — не вельмі вялікія грошы. Але гэта быў яго першы заробак. Паклаўшы чатыры чырвонцы ў кішэню, Кастусь адчуў сябе весялей і больш упэўнена: столькі грошай ён яшчэ ніколі не меў пры сабе. Неяк няёмка было выказваць сваю радасць перад незнаёмымі людзьмі, а так ён адразу паслаў бы пятнаццаць рублёў дахаты: пяць дзядзьку Антосю, які даў пазычку яму на дарогу, і дзесяць гасцінца мацеры, каб купіла сабе і дзяўчатам што на ўборы. Цяпер, калі надумаліся купляць зямлю, кожная капейка будзе ў бацькі на ўліку...

Неяк у пятніцу заглянуў у Люсіна Фурсевіч. Сябар стрымаў слова: прыехаў пагасцяваць і наведаць сваіх знаёмых. У суботу Алесь сядзеў на ўроках. Радаснае ажыўленне, з якім сустрэлі вучні свайго былога настаўніка, яскрава сведчыла, што яго тут паважалі і не забылі. Потым хлопцы разбіралі кожны ўрок, трохі нават паспрачаліся, і бабка Мар’я іх мірыла. Настаўнікі яшчэ, можа, доўга вялі б спрэчку, але прыйшоў Ігнат Баранцэвіч і паклікаў іх на вячэру:

— Ну, прафесары вялікіх літар, прашу да мяне!

Па тым, як Фурсевіч паводзіў сябе ў доме пана падлоўчага, як ён далікатна цмокнуў гаспадыні ручку, Кастусь зразумеў, што сябар у свой час быў тут часты госць. Фурсевіч умеў пагаварыць, патрапіць у тон гаспадару, сказаць дасціпную прымаўку, каб весялей было за сталом і лепш кулялася чарка. Гэта чамусьці ніяк не выходзіла ў Кастуся: то яму здавалася, што ён не так трымае відэлец, то не знаходзілася ў яго таго слова, каб падтрымаць вясёлую гаворку. Маладому настаўніку думалася, што кожны яго промах адбіваецца смяшынкаю ў гарэзлівых вачанятах чарнявай прыгожай дзяўчыны ў чырвонай кофтачцы. «Мядзведзь, люсінскі мядзведзь»,— дакараў сябе Кастусь.

Але на развітанне Ядвіся весела гаварыла з сябрамі, аднаго прасіла не мінаць іхняй глушы, а другога заходзіць да іх вечарамі. Кастусь паабяцаў, але ніяк не мог адважыцца ступіць за веснічкі суседскага двара.

СМЕРЦЬ БАЦЬКІ

На каляды Кастусь ездзіў дахаты. У Альбуці ніякіх асаблівых навін не было, жыццё там ішло сваёй каляінай. Адно толькі трывожыла ўсю сямейку: у лясніцтве хадзілі чуткі, што Рачкоўскі збіраецца перакінуць Міхала ў Цёмныя Ляды. Мясціна там някепская, ёсць добрая леснічоўка, у ёй некалі жылі смалакуры. Таму ўрочышча называецца Смалярня. Але нікому не хацелася пакідаць наседжаны і даўно абжыты кут, дзе ўсё стала такім знаёмым, блізкім і дарагім. Нездарма кажуць, што, лежачы на адным месцы, і камень абрастае. А што гаварыць пра гаспадарку лесніка, які так прывязаны да свайго кавалачка зямлі, што корміць сям’ю. Як ні кажы, а ў Альбуці многа выгод: зямліцы шмат і яе ўрабілі за колькі гадоў, сена карове ўволю, рыбы колькі хочаш, грыбоў і ягад хоць заваліся. Тут склаўся ўжо нейкі прызвычаены лад жыцця. Там, у Цёмных Лядах, можа, будзе і не горш, але ўсё трэба пачынаць спачатку.