Выбрать главу

3 другога боку пярэбары мо дапамогуць хутчэй пераехаць на новае месца, туды, у Смальгавок, дзе чакае іх купленая зямля. Цешыла толькі тое, што як насядуць ляснічы з Абрыцкім, то вясной Уладзік і маці з дзецьмі пададуцца ў Цёмныя Ляды. Міхал жа з Антосем дапамогуць ім там уладкавацца, а самі паедуць засяваць новую зямлю. Трэба ж там, у Смальгаўку, абжывацца і пускаць карэнне: перш засеяць поле, агораць якое гумно, каб было куды скласці збажыну, і брацца за хату. Вядома, нялёгка і нават трохі страшнавата пакідаць родны кут, знаёмых людзей, усю радню і выбірацца ў не вельмі блізкі свет. Але там чакае іх свая зямелька, урадлівая зямелька, якая не раўня наднямонскім пяскам. Зроблены па той зямлі ўжо і першы крок: дзядзька Антось паспеў восенню ўкінуць жыта. Цяпер толькі служы ёй, і зямля аддзячыць...

Вярнуўшыся з Юзяй у Люсіна, Кастусь яшчэ доўга жыў дамашнімі ўражаннямі. Не магла іх развеяць і сустрэча з Ядвісяй. Бабка Мар’я адразу заўважыла.

— Што гэта, панічку, нейкі заклапочаны прыехаў з дому? Нешта хіба не ладзіцца там?

— I ладзіцца і не ладзіцца,— ухіліўся ад адказу настаўнік.— Цяжка, бабка, жыць на гэтым свеце...

— Нічога, панічку, усё добрае ваша яшчэ наперадзе... Я ведаю, што вас чакае шчасце, і вы будзеце вялікім чалавекам.

— Адкуль вы, бабка, гэта ведаеце?

— Ведаю! Некалі ўспомніш, галубок, што праўду казала знахарка Мар’я. Ого-го! — заплюшчыла старая вочы і паківала галавою.— Вялікім будзеш чалавекам. Чуе маё сэрца! Калі б я дажыла да таго часу, то прыйшла б і напомніла б панічыку, што я цяпер кажу...

Кастусь усміхаўся.

— Смейцеся, смейцеся сабе, але не раз успомніце некалі люсінскую старожку...

У настаўніка з’явіўся яшчэ адзін клопат. Дванаццацігадовая сястра Юзя, якая вырасла ў Альбуці і ніколі яшчэ не адлучалася ад мамы, сумавала па доме, прасілася, каб Кастусь завёз яе назад. Горш за ўсё было тое, што яна саромелася ісці ў клас, а сядзела і румзала ля акна. Бабка Мар’я з ёю і так спрабавала і гэтак: то гарбузікаў прынясе, то арэхаў, а вечарам забярэ да сябе, на цёплую печ, і расказвае казкі. Неўзабаве Юзя знайшла сабе занятак: абірала бульбу, пякла грэцкія бліны-пампушкі. Потым Кастусь пачаў даваць ёй рашаць задачкі і спісваць практыкаванні (чытала сястра добра), але яшчэ доўга Юзя не хадзіла ў школу, а займалася дома.

Зіма ў той год выдалася не вельмі халодная, але дужа снежная. Мяло і мяло, удзень і ўночы, замятала ўсе сцежкі і дарожкі. Трэба было настаўніку ў воласць па справах, але ён пабаяўся ехаць. Няхай трохі аціхне завея і людзі пратопчуць дарогу.

У адзін такі дзень, калі страшэнна лютавала завіруха, у такі дзень, пра які кажуць, што добры гаспадар і сабаку на двор не выжане, на ганку школы нехта моцна загрукаў ботамі, аббіваючы снег. Кастусь, які вёў урокі, падумаў, што нехта прыехаў з воласці, бо неўзабаве Юзя прачыніла дзверы і паклікала яго.

— Хто там? — запытаў настаўнік.

— Не ведаю,— паціснула плячыма Юзя.

На кухні весела скакаў на адной назе і расціраў правае вуха — Кастусь спачатку аж не даў веры — семінарскі прыяцель Косця Болтуць. Хлопцы радасна абняліся і пацалаваліся.

— Ты ведаеш, Стары, што твой госць галодны, як воўк, і змёрз, як цюцька?

Ужо седзячы за сталом, Болтуць расказаў, што сумаваў-сумаваў адзін, у сваім Пагосце-Загародскім, а потым надумаўся скочыць у госці. У якім Пагосце? А ў тым, што між Лагішынам і Лунінцом, па прамой не так далёка ад Люсіна, вёрст пяцьдзесят, не больш. Знаёмы фельчар падвёз на станцыю ў Лунін, а там цягніком дабіраўся, і нават на раз’ездзе ў Люсіна паравоз спыніўся. Вось пакуль у вёску трапіў, дык ледзь богу душу не аддаў...

Калі Фурсевіч быў заўсёды сур’ёзны і стрыманы ў выказванні сваіх пачуццяў, то Болтуць меў іншую натуру. Гэта весялун і рагатун, заядлы танцор і добры спявак. 3 ім не будзеш сумаваць ні ў мужчынскай, ні тым болей у дзявочай кампаніі,— ён усюды завадатар — ці пульку скінуць, ці застолле арганізаваць. Хват быў ён на анекдоты пра цара і царыцу. А калі да ўсяго гэтага дадаць, што быў ён рослы і прыгожы, умеў з густам апранацца, дык стане зразумела, што гэтага вясковага настаўніка цяжка было ўтрымаць на школьнай прывязі.

Болтуць многа чытаў, цікавіўся літаратурай, уважліва сачыў у семінарыі за першымі творчымі крокамі Кастуся Міцкевіча. Гэта яму семінарскі паэт падараваў на памяць цэлы сшытак сваіх рускіх і беларускіх вершаў. Таму нічога няма дзіўнага, што, трохі абагрэўшыся і перакусіўшы, госць папрасіў гаспадара прачытаць новыя вершы: