— Мама казала граду нейкую перайсці, — успомніў Косцік.
— Ну, то я ведаю, — адказаў Алесь. — Гэта тую, што дзядзька на капусту ўзараў.
Перайшлі хлопцы адзін раз, другі раз цераз граду, дзе ляжалі чорныя, як сажа, скібы, і вярнуліся дахаты.
— Дзе ж вашы запалкі і соль? — запытала маці.
— А мы ў Свержань не папалі, — прызнаўся Косцік. — Перайшлі граду два разы, але Свержаня нідзе не бачылі…
Тут якраз увайшоў у хату дзядзька Антось.
— Што гэта вы, жэўжыкі, капусную граду мясілі?
Маці дагадалася, у чым справа і расказала са смехам дзядзьку, як хлопцы «хадзілі» ў Свержань. Дзядзька весела рагатаў, махаў рукою, а потым стаў тлумачыць:
— Эх вы!.. Свержанская Града — гэта малады лясок вунь там, за дубамі. А яны палезлі на грады! Каб вы здаровы былі!
ТУТ НЕДЗЕ СТРУК ХОДЗІЦЬ
Пасля таго здарэння са Свержанскаю Градою старэйшыя не пускалі хлопцаў у грыбы. Месца незнаёмае — яшчэ заблудзяцца ў лесе.
Затое ў нядзелю ішлі ў лес чуць не ўсёй сям’ёю. Перад тым, у суботу толькі і гаворкі ў іх было пра гэта. Зборы ў грыбы пачыналіся зранку: Кастусь клаў у свой маленькі кошык лусту хлеба, бліны, самаробны ножык-сцізорык з драўлянымі тронкамі. У каторы раз хлопцы, якія спалі ў гумне, напаміналі дзядзьку Антосю:
– Дзядзька, вы ж не забудзьце разбудзіць нас. Толькі стукніце ў дзверы, і мы мігам…
— Добра, добра, — суцяшаў пляменнікаў дзядзька Антось і казаў: — Вось нясіце лапці, можа трэба падплесці, бо ў лесе ламачча, ногі паколеце…
Увечары за сталом зноў пачыналася размова пра грыбы. Уладзік, даведаўшыся, што без яго ўжо вырашана, каму ісці заўтра ў лес, пачынаў хныкаць:
— Усё мне ды мне пасвіць… Нават і ў нядзелю продыху няма… Не паганю ды ўсё, няхай яны паздыхаюць…
— Будзеш, бальшун, далей енчыць, па лабаціне лыжкай трэсну, — сярдзіта адчытваў сына бацька.
Уладзік клаў лыжку і хацеў ісці з-за стала, але бацька кідаў такі позірк, што нехаця будзеш сядзець і сёрбаць зацірку… Убачыўшы, што сын пакрыўдзіўся, маці прамовіла:
— Няхай і Уладзік ідзе… Я папасу каровы.
Назаўтра, чуць толькі паказалася сонца, хлопцы шыбавалі ў лес. Ішлі яны ўтрох наперадзе, пакінуўшы далёка ззаду бацьку з дзядзькам Антосем. Тыя былі яшчэ ля Кліна. Звярнуўшы з дарогі на лясную сцяжынку, хлопцы рассыпаліся па лесе, пачалі крычаць. Уладзік свіснуў у два пальцы, аж рэха азвалася недзе за Бервянцом.
— Вы што так галёкаеце?— крыкнуў бацька, які не проста ішоў у грыбы, а на службу — у абход.
У яго была свая звычка: як увойдзе ў лес — пастаіць, пільна ўслухаецца. Мо дзе глуха стукае сякера, ціха шастае пілка, дробненька ляскаюць драбіны? Калі хлопцы супакоіліся, Міхал прыслухаўся да лясных гукаў. Нічога падазронага не чуваць, толькі недзе раз-пораз дзяўбе дзяцел.
Прайшоўшы крыху глухой сцяжынай, звярнулі направа, на пакрыты мохам і верасам грудок. Хлопцы першыя шуснулі ў гушчар, дзе пад старымі елкамі быў паўзмрок.
— Баравік! — весела крыкнуў Косцік, убачыўшы карычневую шапачку, што прытаілася пад галінай елкі.
Неўзабаве ў Кастуся былі свае ўлюбёныя мясціны, куды ён часта бегаў адзін. Бывае, усхопіцца на досвітку, адрэжа лусту хлеба, кошык у рукі, і — толькі яго бачылі! Садзяцца дзеці за стол снедаць, а Косціка няма.
— Дзе ж Кастусь? Ідзі, Міхалінка, пакліч,— кажа маці.
Дзядзька Антось толькі ўсміхнецца ў вус:
— Ды ён ужо колькі гадзін, як па лесе гойсае… Зараз поўны кошык баравікоў прытарабаніць…
А Косцік лёгкі на ўспамін. Кошык амаль даверху напоўнены. Адны баравікі і падасінавікі.
Неяк раз пайшоў ён раненька і прапаў. Сям’я паснедала ўжо, маці ўхадзілася каля печы, Уладзік каровы з поля прыгнаў, а Косціка няма і цяма.
— Можа заблудзіўся дзе хлопец у лесе? — пачала непакоіцца маці.
Косцік у той дзень напаў на вельмі грыбное месца. Куды ні ступі — баравікі! Ды якія! Адзін у адзін! Нагнешся падымаць, а пад кустом цэлая сямейка. Чык, чык!.. Толькі шастае ножыкам. Вось яшчэ два, а вунь трэці! За якую гадзіну назбіраў поўны кошык, а грыбоў на гэтай мясцінцы было яшчэ многа. Прыйшлося вывернуць кошык, паадразаць ножкі і пакінуць толькі шапачкі. Праз хвілін дваццаць — зноў поўна ў кошыку! Пусціўся Косцік дамоў. Ідзе нацянькі, хочацца заглянуць яшчэ ў адну мясціну. Там на тым тыдні ён пакінуў падрастаць маленькія баравічкі… Разгарнуў кошыкам калючыя лапкі, зірнуў і за галаву схапіўся. Матачкі! Уся зямля ўкрыта, хоць касою касі! Што рабіць? Другі раз прыйсці? Не! Косцік скінуў сарочку, звязаў каля шыі — атрымалася торба. Давай ладаваць… Вось было дома здзіўлення, калі ён прывалок столькі грыбоў!