Не паспеў дзед распрэгчы каня, як у варотах паказалася яшчэ падвода. Гэта прыехалі Міхалавы старэйшыя браты Пятрусь і Яўхім са сваімі жонкамі Альбінай і Антоляй.
Гасцей сустракалі гаспадары. Яны таксама сёння ўбраліся па-святочнаму. Ганна ў жоўтай кофтачцы, у доўгай спадніцы з фальбонамі, у белым фартушку, на нагах дзявочыя чаравікі. Высокі і мажны Міхал у новай леснікоўскай вопратцы, у дабротных ботах. Твар у яго загарэлы. На галаве трасецца чорная густая чупрына. Ён радасна цалуецца з дзедам, памагае злазіць з воза бабцы Крысі.
Уладзік з Алесем аціраліся тут жа ля вазоў. Дзед Юрка даў ім па цукерцы і насыпаў у кішэні семак.
— А дзе ж Кастэн? — пытаў дзед.
Косцік стаяў ля вярбы і ваўчком пазіраў на гасцей.
— Хадзі, унучак, хадзі! — клікала бабка Крыся.
Падышла маці, узяла малога за руку:
— Ідзі, сынок, прывітайся з дзедам і бабусяй… Гэта ж у нас тут чужыя людзі рэдка бываюць,— тлумачыла яна.— А так ён рухавы і непаседлівы. Увесь дзень прападае ў лесе. Прыбяжыць у хату, схопіць лусту — і толькі яго бачылі. Паабдзіраецца, лазячы па дрэвах, аж страх! Летась, здаецца, я расказвала вам, забраўся на страху гумна і шуснуў уніз. Добра, што там салома ляжала… Мы тады празвалі яго Недабоечкам. Ну, ідзі, ідзі, Косцік, падай руку дзеду…
Неўзабаве на сверанаўскай дарозе паказаўся Амброжык Дземідовіч. Калі падвода выехала з-за гумна, дзед Юрка крыкнуў так, каб і Амброжык пачуў:
— Ша, кіндэр, губернатар едзе!
Невысокі і тоўсты ляснік Дземідовіч, па мянушцы Кубел, быў сапраўды нечым падобны на губернатара. Яго жонка Тарэся — малодшая Міхалава сястра — на хаду саскочыла з воза і кінулася цалавацца з жанкамі.
Пасля прыехалі леснікі Ясь Пальчык і Міхась Радкевіч. Прыгнаў каровы дзядзька Антось. Апошнім прыплёўся на сваім дэрашы Карусь Дзівак з Магдаю.
— Што ж гэта вы позніцеся?— запытаў Міхал.
— Хіба ты не ведаеш майго нязгрэбу,— адказала сястра Магда.— Часамі як з прывязі сарваўся, першы прыпрэцца, а сёння хоць аглобляй падважвай…
— Ну, калі ласка, госцейкі, у хату! Проша, тата, проша, кумка Магда, — пачала запрашаць гасцей Ганна.
За сталом рэй вёў дзед Юрка:
— Дай божа, гаспадару і гаспадыні шчасце, долю і хлеба ўволю!
Падпіўшы, жанкі заспявалі дажынкавую песню:
Здароў будзь, пане, жыта зжаўшы,
У снапочкі звязаўшы
I ў копачкі паскладаўшы.
Табе, пане-гаспадару, дажыначкі,
А нам яшчэ па чарцы мядовачкі…
У мужчын за сталом свае справы: гаворка пра цэны на збожжа, пра зямлю і леснікову службу.
— Добра вам, службовым людзям,— казаў Яўхім, звяртаючыся да Міхала, Амброжыка і Яся Пальчыка. — Праца, яно, вядома, нялёгкая, але заробак ёсць, а мы, мікалаеўцы, душымся на пяску.
— Зайздросціць таксама вельмі няма чаго,— адказаў гаспадар.— Не ўнаровіш якому чорту — пішы прапала, загоняць у якое балота ці зусім з торбай пусцяць… Іншая рэч сваё: хоць пясок, хоць якая зямелька, але ты сам гаспадар. А тут?..
— Ну, швагер, не прыбядняйся,— прамовіў Карусь Дзівак,— кавалак хлеба і да хлеба ты маеш.
— Памятай, Карусь, — уставіў слова дзед Юрка. — Хто сядзіць на гліне, той нігды не загіне, а хто на пяску — той есць па малым куску… Пастой, браток! У цябе яшчэ поўная чарка. Пускай да Антося…
Ой, у полі ліпачка, пад ею вада.
Бедна мая галованька, што долі няма.
А дзе ж доля падзелася, ці ў агні згарэла?
Калі ў агні згарэла — ляці папельцам,
Калі ў вадзе патанула — ляжы каменцам…
— Ну, што вы, кабеткі, зацягнулі, як на хаўтурах? — запытала гаспадыня.— Яська! Давай хоць сваю музыку.
Ганна, не дачакаўшыся, пакуль Ясь Пальчык і дзядзька Антось зайграюць на грэбнях, заспявала:
Зайграйце, музыкі,
Каб я паскакала;
Купіў бацька чаравікі,
Каб я патаптала!
Не паспела Ганна скончыць, як з-за стала выбег дзядзька Яўхім і, прыпяваючы, пусціўся ў скокі з гаспадыняй:
Ой, ляцеў авадзень,
А насупраць мушка.
Прыхіліся, кумка:
Пашапчу на вушка!
Хата пайшла ходарам. Амброжык Кубел запрасіў Магду. Міхась Радкевіч — Альбіну, з Антоляй танцаваў гаспадар. Антось і Ясь, стараючыся з усіх сіл, выціналі на грэбнях.
За сталом стала прасторна. Гэтага даўно чакалі хлопцы і забраліся на покуць.
— Давайце, давайце сюды! Наллю вам кроплю,— пачаў завіхацца каля дзяцей дзед Юрка.
У хаце стаяў гармідар: хто танцаваў, хто спяваў. Ніхто не бачыў, як Костусь лыкнуў чарачку салодкай медавухі і, пусціўшыся ў скокі на ўслоне, паляцеў на дол. Падаючы, ён выцяўся галавою аб зэдлік і моцна загаласіў, заглушаючы музыкаў.
— А мой ты хлопчык, а мой даражэнькі Недабоечак… — кінуліся цёткі Магда і Тарэся падымаць Косціка.