А люльку курыў бы,
Ганульку маладзеньку
Да сябе туліў бы…
Гэта быў сігнал кідаць урокі. Семінарысты падыходзілі да акна, дзе сядзеў Піліп, і спявалі хорам:
Ды ты цешча, ты цешча мая,
Ды не солена капуста твая,
Не солена ды не квашана,
Нічым яна не закрашана…
Потым хлопцы праспявалі бессэнсоўную, але вельмі папулярную семінарскую песню:
А ў млынара дзве дачкі…
Герцум, берцум, цудра дрэйцум,
Цумбар, бумбар, дзве дачкі…
— Ну, зацягнулі ўжо мужыцкія прыпеўкі, — закруціў носам Стась Бароўскі.
— Мы ўсе мужыкі. А ты, Стах, хто такі? — пытаўся Кастусь у цыбатага семінарыста з доўгімі вушамі і адвіслай губою.
— Я? Я — шляхціц, дваранін!
— Ты дваранін? — тыцкаў Кастусь пальцам у худыя грудзі Бароўскага. — Каб адкапаў з магілы твайго дзеда, то ў яго яшчэ і лапці не згнілі…
Хлопцы ведалі, што Стасяў бацька — бедны хутаранец з-пад Сваяціч — быў заядлы католік, а маці праваслаўная. Каб паступіць у семінарыю, іх сыну прыйшлося ацурацца касцёла і пайсці з маткай да споведзі ў царкву. Аднак у Стахавым куфэрку па-ранейшаму ляжалі кантычкі: ён стараўся дагадзіць Ісусу і пану Езусу.
— Давайце «Доміна», — прапаноўваў Самахвал, і семінарысты зацягвалі песню, якую вельмі не любіў Бароўскі:
Д-омі-на! До-омі-на! —
цягнуў басам Аляшкевіч.
Усе хорам весела падхоплівалі:
Скок баба з коміна,
А дзядок за касу:
«Дай, баба, каўбасу!»
— Ціха, блюзняры! — стукаў у дзверы вартаўнік Мінька.
Але хлопцаў было цяжка стрымаць. Яны пераходзілі да другога нумару праграмы: расказвалі анекдоты, жарты, смешныя гісторыі.
— Пачынай, Стары,— уступаў Аляшкевіч месца на падаконніку Кастусю Міцкевічу, якога ў семінарыі так празвалі за тое, што ён любіў са старэчаю развагаю гутарыць пра народнае жыццё і сялянскую долю. — Давай што-небудзь такое, каб ажно пуп развязаўся…
— Жыў у Мікалаеўшчыне Сёмка Дземідовіч… — пачынаў Кастусь.— Было з ім такое здарэнне. Зжаў ён ярыну. Ячмень звязаў у снапы, а авёс разлажыў на прост. Пайшоў дождж, змачыў увесь прост і снапы. Назаўтра выглянула сонейка, Сёмка павярнуў прост і развязаў снапы, Адкуль ні вазьміся — дождж! Зноў намачыў прост і яшчэ ў прыдачу снапы. Узяла Сёмку злосць: «Эх, каб злавіў таго бога, ды каб адшалёстаў пугаю пяты і спісягаваў яшчэ нешта, каб сесці не мог, то знаў бы, валацуга, як псаваць людзям збожжа…»
Хлопцы зарагаталі.
— Ну, Стары, яшчэ што-небудзь!
— Пытаецца поп у вучня: «Колькі ёсць багоў?» А той добра не расшалопаў, пра што ідзе гаворка, яму здалося бабоў, дык ён кажа: «Была поўна каробка, але Пракопава свіння, трасца яе галаве, з’ела!..»
— Вось Стары, дык Стары! — засмяяўся і багамольны Стах. — Гэ-та ж трэба прыдумаць… Пракопава свіння з’ела!..
— Цяпер слухайце яшчэ адну гісторыю, — увайшоў у сваю ролю Кастусь. — Чуў я яе ад цесляра Мікодыма Кухарчыка… О, браткі, ведаў чалавек розныя казкі, не раўня мне! А яшчэ старац адзін заходзіў у нашу леснічоўку… Дык у яго казках заўсёды мужык наверсе, заўсёды перахітруе пана… Чакай, чакай, не падганяй, цёзка, зараз успомню… Ага!
Хлопцы сядзелі хто на стале, хто на ложку; у дзвярах стаялі семінарысты з суседніх пакояў.
— Было гэта на Палессі. У лесе сярод балота прытулілася сабе вёска. Паставілі ў гэтай глухой вёсачцы царкву. Прыехаў поп служыць першую абедню, сабраў людзей ды кажа: «Глядзіце ж, браткі, як стану правіць службу, каб вы толькі тое рабілі, што я буду рабіць…» От поп моліцца, а дзяк раздувае кадзільніцу і неяк укінуў вугаль папу за халяву. Прыпёк вугаль, дык поп туп нагою! I ўсе тупнулі. Поп другі раз тупнуў — і людзі за ім. Потым бацюшка бурдэнц на падлогу — і ўсе мужыкі паселі… Поп задраў нагу ўгару і давай дрыгаць, і ўсе дрыгаюць… А вугаль, на яго ліханька, і не думае выпадаць. Пачаў поп разувацца, а за ім і людзі. «Годзе, дурні!» — крыкнуў бацюшка. «Годзе, дурні!» — паўтарылі мужыкі. Калі сяк-так кончылася служба, дзяк шапнуў папу на вуха: «От, бацюшка, мы з вамі сёння спартачылі абедню». Прайшоў з таго часу без малога год, і сяляне дапытваюцца: «А калі гэта, айцец, будзе тое свята, што нагамі дрыгаюць — у пятніцу ці суботу?..»
***
Паступова стала звычкай, што семінарысты ў суботу пад вечар збіраліся ў пакой, дзе жыў Кастусь, і чакалі, калі ён пачне расказваць жарты і казкі з народнага жыцця.
Нехта з хлопцаў дастаў парык, Болтуць зрабіў з аўчыны вусы і бараду, Аляшкевіч прывёз з дому старасвецкую магерку. Семінарыст Міцкевіч надзяваў усе гэтыя прычандалы, накідаў на плечы Мінькаў кажух, распальваў люльку, якую недзе выпараў Самахвал, і ў пакоі паяўляўся фацэтны гаваркі дзядок. Ён станавіўся на лаве і, мяняючы голас, перадаваў размову з глухім кумам: