ЯНКА БРЫЛЬ
АД СЯЎБЫ ДА ЖНІВА
Апавяданні
«ЯК МАЛЕНЬКІ»
Раніцай дзядзька з цёткай прыйшлі ў гумно абіваць лён. Як толькі дзядзька адчыніў старыя, скрыпучыя дзверы, у гуменца хлынула маладое, румянае сонца. Дзядзька толькі рукамі развёў:
— А-а! Братка ж ты мой! Ганна, глядзі!
І глядзяць абое.
На таку стаіць лён у пуках, а над ім блішчыць на сонцы вялікая сетка павуціння. З-пад страхі на лён павук працягнуў аснову, на якой ужо трымаецца ўся сетка, усподзе прымацаваная да лёну. Сетка — як тая зорка касатая. А ў асяродку сам майстар — пузаты, пярэсты павук. Ад яго ва ўсе бакі, як косы ад зоркі, разыходзяцца ніткі павуціння, пераплеценыя што чуць дык большымі кругамі. Мігаціць, смяецца вясёлае сонца, рыжаватым золатам іграюць галоўкі і каліўцы лёну, сетка мяняецца колерамі вясёлкі, кожная нітачка асобна.
— Во! — усміхаецца дзядзька. — Пакуль мы тое-сёе, дык ён ужо напрацаваўся. А-ёй-ёй! Працягні ты такія вяроўкі. І як ён не скалоўся?..
— І праўда, — кажа цётка, — дасць жа ж Бог кожнай жывёлінцы свой промысел. Плёў-плёў, ткаў-ткаў, а зараз сеў сабе ды спачывае, замарыўся…
— А ведаеш, Ганна, — пачаў, памаўчаўшы, дзядзька, ды такім голасам, быццам яму няёмка было, — неяк хто яго… як і брацца за яго… Усё роўна неяк бы…
Ён палез у кішэню па махорку. Паглядзела цётка на свайго, усміхнулася.
— Ты, — кажа, — бацька, заўсёды, як маленькі. Ён сабе, а мы сабе. Бяры ды вынось, хай насыхае: сонейка… А я пайду на гусі цікну, як яна іх там пасе.
І пайшла за гумно.
Дзядзька згарнуў папяросу, прыпаліў, абапёрся аб шула, стаіць, пакурвае. «Валька! Валька-а, го-оў! — пачуўся з-за гумна голас яго Ганны, — а каб ты села крыцай, жабянё ты… А дзе твае гусі, га?»
І чуваць было, як Ганна пабегла па росным калматым поплаве. «Дасць малой чэпалаху!» — падумаў дзядзька. А сам усё глядзіць на павука… Пасля плюнуў, можа, дваццаты раз, кінуў «бычка», прытаптаў яго і, быццам устрапянуўшыся, узяўся за крайні пук.
— Што ж ты рассеўся, як добры пан? — сказаў дзядзька і зачапіў павука саломінай. Павук неспакойна заварушыўся, насцярожыўся. — Ну, ну, разумны ты, ды не зусім. — І пацягнуў за пук. Некалькі асноўных нітак павуціння пацягнулася за пуком, уся сетка выцягнулася, звузілася, і павук замітусіўся. Пачаў спачатку забіраць у сябе сетку, але, бачачы, што не да парасят, калі свінню смаляць, — пабег па нітцы павуціння пад страху і схаваўся. Дзядзька ўзяў два пукі аберуч і панёс, а за ім пацягнулася сетка.
І ўсё хараство растраслося.
Разаслаў дзядзька пук на таку, сеў на ім і ну хвастаць пранікам па галоўках.
А сам думае:
«Нябожчык тата цесляй быў і мяне пачаў браць з сабой ад пятнаццаці год. Вось ужо дваццаць трэці гадок, як і я валачуся па зрубах. І мерзнеш чалавек, і кіснеш, і пячэшся, як той рак, на сонцы. А то як гвякнуўся раз з рыштавання, тады, як Клімашыку верх на гумно зацягалі… І гаспадарка ж няшчасная таксама, кідаешся то казлом, то бараном, б'ешся, як тая рыба аб лёд, а столькі і толку. А там залетась пажар. Прыехаў з лесу — толькі гуменца застаў… Хата і сёння яшчэ стаіць без каморкі. Ды якая там хата, адна парахня! Зляпіў сяк-так, а саломы што купіў, а што і жабраваць прыйшлося».
І дзядзьку жыва ўспамінаецца тое прадвесне, гразь у Загоры, і сам ён — галодны і злосны — ідзе па гразі, з чужога двара… Пад пахаю кулёк саломы, аб'ехала перавясла, а сам дзядзька папраўляе шапку, якую толькі што скідаў, дзякуючы чалавеку за дар.
— Нной, Маруся! — гукае ён з прыгорка на кабылу. Яна стаіць сярод вуліцы, ледзь не па калені ў халодным гляі, і нешта думае ці проста дрэмле, адкапыліўшы губу. — Эх, падкурчылася, здыхата! Нічога не выдумаеш, я за цябе не пацягну. Нной!..
Кабылка напялася ўся як мага — і скура, і косці — і паплыла па балоце далей. А дзядзька хляпае збоку.
А пасля, познім вечарам, скурчыўшыся на выжабраваных кулях, ён доўга-доўга едзе дахаты. У падсуседзі, у чужую хату, адзін са сваімі чорнымі думкамі. Злосна сцёбае кабылку і слухае, як яго колы на драўляным хаду скрыпяць па калдобах, у якіх то хлюпае вада, то хрупае лядок, як шчымяць яго мокрыя ногі і ные з голаду нутро, як енчаць над балотам кнігаўкі, таксама, мусіць, галодныя, халодныя, беспрытульныя і злосныя…
Эх ты, доля наша, доля чубатая!..
Але чаму гэта, браткі, адгукаецца ў сэрцы чужы боль, хоць бы сабе і малы? Чаму не хоча падняцца рука, каб раскідаць чужое, сатканае цяжкай працай павуцінне?.. Чаму ён заўсёды, «як маленькі», як Ганна кажа, абы толькі ўбачыў ці пачуў нешта прыгожае, гатоў глядзець на яго, любавацца і слухаць, разявіўшы рот, забываючыся аб усім на свеце, нават аб долі сваёй, нават аб тым, што самога яго не шкадуе ніхто?..