І я тады раптам, як радасць якую, што даецца ў жыцці не так часта, успомніў восень сорак першага года. Перадапошні перагон майго патаемнага марша з палону, хату сястры, дзе я, толькі пачуўшы, што дома, за дваццаць кіламетраў адтуль, усе жывыя, зваліўся ледзь не на цэлыя суткі.
Калі я прачнуўся, сястра, удвая старэйшая за мяне, карміла беднага валацугу, як маці, i зноў расказвала. А потым — праз боль i сум, праз горыч i недаўменне ад таго, што нарабілася навокал i на свеце — да мяне прыйшла незнаемая песня.
Яна была па-народнаму простая, ад светласці яе — ледзь не заплакаць. Пасля я гэтую песню чуў вельмі часта, можа, нават зачаста, у самым розным выкананні, ад салдацкага крыку на маршы да мілай непасрэднасці маладое салісткі. Сястра спявала не богведома як, з удовінай вясковай прастадушнасцю, таксама ціха i сардэчна, як i суседка ў іспанскім аўтобусе. Я падпяваў сястры няпэўна i шчасліва, як быццам, нарэшце, злавіўшы ў варожым шоламе ледзь чутную, вельмі патрэбную хвалю. Песня тая, сёння сусветна вядомая, упершыню прыйшоўшы да мяне, салдата польскага верасня 1939 года, потым ваеннапалоннага, адкрыўшыся мне ў такі трагічны час, ідзе ca мною na жыцці, як i ў кожнага, ca сваім успамінам.
Гэта — «Кацюша».
У краіне змрочна загадкавай i так доўга закрытай для нас, на сонечнай зямлі пяшчотнасуровай красы, на радзіме Сервантэса, Гойі i Лоркі, у дзяржаве, што так пачварна засядзелася ў сваім затхлым фашызме — песня яшчэ раз паўтарылася ў маёй душы. Нібы махнул ася мне белым голубам у цемры.
1974
ІВАНЫ
1
«…Ён ужо, мусіць, ведаў, што яны па яго прыйдуць. A можа, толькі думаў так. Я не скажу вам, я тады зусім малая была, не разбіралася. Назапіхаў ён у чорную, вялікую бутэльку… Я ўжо не помню, ад чаго яна… Назапіхаў сваіх паперак, паскручваўшы ix трубачкамі, i закапаў у хаце пад палком. Тады ж падлогі не было, а ток. Ён гліну пад палком раскалупаў, ямку выграб, бутэльку туды загроб i гліну закляпаў пранікам.
Hi мамы нашай, ні таты нешта дома не было. А мне ён нічога не кажа. Толькі паклікаў, каб глядзела… Не, ведаеце, трохі ілгу, — ён мне сказаў, каб я нікому, бронь божа, нічога нікому не гаварыла.
A ўранку яны прыйшлі i павялі яго. Тыя немцы i паліцаі. А потым i павесілі ў Гарадзішчы.
Тата наш быў там тады. Стаяў між людзей i маўчаў. А людзей назганялі многа.
Івана вешалі з воза. Івану было васемнаццаць гадоў. I ён яшчэ нешта з воза крычаў. Ці толькі адзін раз крыкнуў. Тата наш добра здалёк не пачуў…»
Жанчына гэтая, ужо даўно не дзіця, сведчыла разам з іншымі супраць таго, хто выслужваўся перад тымі немцамі, камандаваў такімі, як сам, паліцаямі, а потым дваццаць год хаваўся, змяніўшы прозвішча i з'ехаўшы далёка ад мясцін, дзе здрадзіў.
На следстве i на судзе ён, вядома ж, не памятаў ні Івана, ні бацькі, ні маці яго, а малое сястры — тым больш. I не таму, што нявыгадна было ix памятаць. Такіх, як той Іван, многа было сярод павешаных, закатаваных, спаленых i ім самім i па яго загаду. Ну, а бацьку тады ён каб толькі ўбачыў на плошчы, каб толькі пазнаў у натоўпе… Дый гэтую, каб спадзяваўся суда, лепш было б загадзя… Спачатку, у сорак першым, у сорак другім, яны рабілі такое не вельмі спраўна, не да канца, як рабілася потым.
Іванаў бацька пайшоў пасля на фронт i не вярнуўся. Маці, яшчэ i ад гэтага, другога ўдару, заплакалася зусім, «памерла не ў сваім розуме». З ваеннага маленства i да сведчання на судзе Іванава адзіная сястра так i прыйшла амаль непісьменнай ціхоняй, якая «больш нічога добра не памятае».
Хата іхняя згарэла. Бутэлькі з паперамі не знайшлі. «Здаецца, i не шукалі. Можа, я нават сказаць пра яе забылася…»
Можна толькі прыблізна ўяўляць, які ён быў, той Іван. Што ён крыкнуў на возе, над вісельняй? Што ён пісаў, што загінула ў чорнай бутэльцы?..
Успамінаю самога сябе, свае васемнаццаць гадоў. I мне хацелася пісаць, i мне было б што хаваць… Але мае юнацтва прайшло не тады.
Стаўлю на тое Іванава месца свайго юнака. I той — далёкі, незнаемы — робіцца ад гэтага балюча блізкім.
А ён жа, той Іван, быў i не я, i не мой сын, i не адзін з тых маладых, каго я навокал бачу i чую, кім часамі любуюся. Ён быў толькі адзін, толькі самім сабою. I ён больш не паўторыцца.
Як многія, многія, многія…
2
У вялікай палескай вёсцы асфальт. Дзеці гуляюць на трохкалёсных веласіпедзіках. Гудуць грузавікі, грукоча трактар. У лужынах узбоч асфальту спрадвечным ладам кумкаюць жабы. Здалёк i зблізку бялеюць на дубах буслы.
I сонца, столькі сёння сонца! Пасля дажджлівых дзён — як быццам новае, яшчэ раз лета.