Выбрать главу

У адной з іх быў ахрышчаны Ісус, Ешуа бен Марыям, для адных сын божы і сам бог, для другіх — легенда. А ўсё ж імя гэтае, то верай, то мастацтвам звязана з невялікай палесцінскай рэчкай вось ужо хутка два тысячагоддзі.

На берагах другой, яшчэ меншай, дзевяць стагоддзяў таму назад, як сведчыць магутны ўсходнеславянскі эпас, адшумела адна з крывавай безлічы чалавечых бітваў, дзе галовы, як снапы па таку, малаціліся сталёвымі цапамі, а душу ад цела адвейвалі, як мякіну.

Першая рэчка жыве і цяпер. Іардан. Над ёю цяпер неспакойна…

Другая, Няміга, пайшла пад зямлю, жыць засталася толькі ў слове ды ў назве адной з мінскіх вуліц.

Рэчка, якую я ў маленстве пазнаваў ад саменькага нізу, ад самай яе сутнасці, ад той красы, якую можа, здольная бачыць толькі дзіцячая душа, рэчка гэтая — Буша — тады здавалася ракой, шырокай ды глыбокай.

Недзе далей быў, тады яшчэ не вядомы мне, Нёман, у які наша мілая Вуша ўпадала. А ў Вушу ўпадала зусім ужо маленькая, звілістая і аброслая кустамі Міранка, да якое я, уброд цераз Вушу, зрабіў калісьці вялікае, незабыўнае падарожжа. З братам, ужо дзецюком, старэйшым за мяне на цэлых сем гадоў. Ён там, пад берагамі, у падрэзах ды ў норах, лавіў рукамі плотак і нават ментузоў, выкідаў мне на бераг, у высокую траву, а я захоплена падбіраў іх у торбу.

Трэцяй рэчкай майго маленства была Сервач, якую я бачыў некалькі разоў толькі зверху, з воза, калі мы ехалі ў госці да маёй сястры, амаль неверагоднай, бо старэйшай ажно на дваццаць тры гады.

На гэтай рэчцы, таксама прытоку Нёмана, у першую сусветную вайну пані Гісторыя спынілася была больш як на два гады. Быстрая, звілістая Сервач цякла тады — у зеляніне заліўных лугоў або пад лёдам — паміж двух магутных франтоў, нямецкім і рускім, з іх артылерыяй, кулямётамі і штыхамі, з іх акопамі, бліндажамі, калючым дротам…

Сервач не стала для ўсяго свету Іарданам. Нават Нямігай не стала ў літаратуры. Вядомасць яе была часовай і засталася мясцовай. Але ж «у кроплі расы»… Многа можна і пра яе расказаць. Нават не быўшы там тады, у яе гістарычны час, з таго ці з іншага берага дурной чалавечай нянавісці. А колькі ж пайшло ў нябыт!.. Як і з-над іншых рэчак.

Вось я якраз прачытаў у газеце пра аднаго з герояў Вялікай Айчыннай вайны — генерала Яна Фогеля, латыша з чырвоных стралкоў, які ў незабыўным, і для мяне незабыўным ліпені сорак чацвёртага года кіраваў «над Серваччу ў Карэліцкім раёне» боем, выйграў яго, але сам быў смяротна паранены і пахаваны яшчэ далей на захад, у раённым Дзятлаве, дзе ўжо ягонай памяццю заняўся дырэктар добрага краязнаўчага музея, мой друг, заслужаны настаўнік Міхась Петрыкевіч.

Па-за тэмаю гэтага роздуму над газетнай старонкай хочацца яшчэ сказаць, што проста ў маім жыцці, у маёй працы пісьменніка Сервач была яшчэ і «Быстранкай» — паміж крынскім старым млыном і калядзінскім сонечным Нёманам…

1978

НАЦЮРМОРТ

Вясковыя суседзі. Былыя падпольшчыкі, пасля партызаны, якім было тады па дваццаць з нечым. Цяпер адзін з ix падпалкоўнік на пенсіі, a другі, пасля адыходных заробкаў, дома гаспадар, маладзейшы па стажы пенсіянер.

Сусед прынёс суседу кошык яблыкаў. Падпалкоўнік здзіўлена смяецца:

— А я занясу табе кошык сваіх!

Процьма сёлета гэтага дабра, людзі не ведаюць, што з імі рабіць. I ніхто ў гэтым не памагае.

Утрох мы гаворым пра такую безгаспадарчасць, а кошык стаіць на чыстай, охрыстай, асветленай сонцам падлозе. Звычайны кошык сваёй работы, з недалёкай надрэчнай л азы. Ужо спрацаваны, бо многа папанасіў, перш за ўсё бульбы, у розную пагоду-непагадзь. А яблыкі — я ем адно — такія свежыя, вялікія, чырванабокія, салодкія. І хочацца сказаць пра гэты кошык, повен яблыкаў. З увагі на таго, хто вырасціў ix, хто кошык сплёў, я гавару як найпрасцей:

— І паглядзець на такое добра.

А ён, сусед, з выгляду прасцецкі, малазнаёмы мне чалавек, дадае нечакана:

— Ага. Нацюрморт!

Гэта гучыць не як акрэсленне — як пахвала. Толькі ж не хочацца згадзіцца з тым, што гэта «натура мёртвая». Хай сабе рабачай-кошык — ён стары, безліч разоў то мокры, то сухі, хай сабе дошкі падлогі таксама сухія, а яшчэ i прыглушаныя фарбай. Але ж сонца, што свеціць так шчодра i весела, але ж яблыкі, што румяняцца ў сонцы — ну, як жывыя!

Пасля, кал i сусед пайшоў, гаспадар расказаў:

— Які цудоўны быў хлопец! Ыапрадвесні сорак другога, дома яшчэ седзячы, майстраваў міну, а яна ўзяла ды ўзарвалася. Сабе пакалечыў нагу, маці крыху пакалечыў. Як ні страшна было, павезлі ў раён, у бальніцу. Зондэрфюрэр пачуў i так зацікавіўся, што сам прыходзіў хлопца паглядзець. Валодзя быў непрытомны, дык немец маці яго дапытваў, цераз перакладчыцу. Маці прыдумала, што разбівалі па полі гной i нешта, ліха яму, узарвалася. «Больш нічога, паночак, не памятаю…» Медсястра, калі паранены апрытомнеў, сказала яму гаварыць толькі так, як гаварыла маці. Калі ж ён трохі акрыяў, яна параіла лепш уцякаць дахаты. Ён i ўцёк, да лесу, два кіламетры, сяк-так дакульгаў, а там з падводай пашанцавала… У партизанах таварыш здорава міны рабіў. І з самалётных бомбаў толь выплаўляць сам прыдумаў, i такую міну змайстраваў, што ўзрывалася не пад платформай, якая ішла спераду, а пад самім паравозам… А сталі яны дзве платформы спераду пускаць — ён i на гэта міну прыдумаў!.. Цяпер мы ведаем, што не адзін ён быў такі вынаходнік, што так, рабілі i ў іншых брыгадах, што потым міны нам прысылалі, прыносілі з-за фронту, з Вялікай зямлі. Ведаем. Але ж спачатку былі мы толькі самі па сабе, ад самага глухога нізу, ад самай беднай беднасці пачыналі. І вось такія ўмельцы…