Ужо i пачута было: недзе далей на паўночным усходзе нашы, з суседняй брыгады, сустрэліся з армейскай разведкай.
Усе два тыдні ад пачатку наступлення ў міжраённай падпольнай друкарні, дзе я выконваў абавязкі рэдактара адной з газет, часу рабіць тыя газеты не было. На старонках i паўстаронках ca сшыткаў мы паспявалі выпускаць толькі лістоўкі — ca зводкамі Саўінфармбюро i загадамі Вярхоўнага.
Уранні сёмага ліпеня я выпусціў сваю, апошнюю ў лесе, лістоўку, прынёс яе камісару, i ён, нарэшце, сказаў: «Ну, добра, валяй! Не напарыся толькі дзе-небудзь». Нібы сурова, аднак i ўсміхнуўся сваёй таўстагубай, прыязнай усмешкай.
Рэдактарам я працаваў па сумяшчальніцтву. Еалі здаралася зноў выехаць у раён, да разведчыкаў, адкуль я быў узяты ў рэдакцыю, каня прыходзілася браць, які трапляўся. Цяпер пад павеццю канюшні стаяў знаёмы гняды жарабец, адпачываў, заезджаны, у самоце i без усякай ужо фанабэрыі. Прыйшлося ўзяць яго. Сядло ў мяне, як i ў кожнага з коннікаў, было сваё, зробленае адным вясковым умельцам.
Спачатку Гнеды трохі нават рысіў, а потым зноў прачнулася ўся яго, грунтоўна назапашаная, стома, бядак прыстаў, i не было ўжо сэнсу ні злавацца, ні сядзець на ім. I мы пайшлі па лугавой дарозе, я спераду, а ён на повадзе. Смех i бяда, хоць i спяшацца ўжо лішне няма асабліва куды.
Мы браліся левым берагам рэчкі, супраць вады, да тае вёсачкі, дзе ўсю зіму стаяла наша разведка. Там ix, вядома, сёння не будзе. А можа, i будуць. Ці хоць пачую, можа, дзе яны.
І вось яно, наша Зарэчча.
Моста на рэчцы не было. На папярэчынах паляў ляжала кладка з акораных бярвенняў. Дзе два танчэйшыя, дзе тоўстае адно. Кладка доўгая, шэра-бліскучая, абутаму можна i паслізнуцца.
Па кладцы з майго берага на вясковы ішоў, нарэшце, ён — той першы для мяне баец. Наогул першы ў маім жыцці чырвонаармеец, бо ix жа мне перад вайной, у дні ўз'яднання, калі я быў з польскага войска ў нямецкім палоне, пабачыць не давялося.
Спалавелая гімнасцёрка, пілотка, абмоткі.
І доўгая, ад штыха — яшчэ даўжэйшая вінтоўка на рамяні.
— Эй, товарищ! — гукнуў я.
Ён азірнуўся з поўабарота, з павольнай асцярожнасцю, каб не зваліцца, i я ўбачыў, што гэта — пажылы, папрасцецку вусаты дзядзька.
— Здравствуйте, товарищ! — паўтарыў я свае прывітанне.
Ён павярнуўся поўнасцю, памалу пайшоў да мяне i ўжо зусім каля травы адхоннага берага сказаў з уздыхам:
— Братец, если бы ты знал, как я испугался!..
Мы павіталіся за руку. І тут да мяне дайшло, чаму ён спалохаўся. Дый сам стары растлумачыў:
— Подумал сразу, что фриц.
На мне была трафейная кашуля, з закасанымі рукавамі, я быў без шапкі, з нямецкім карабінам за плячыма, з іхняй даўбешкай-гранатай за поясам.
Мы пасмяяліся, закурылі.
А пра радасць спаткання не толькі крычаць, нават i гаварыць патрэбы не было. Хоць i здавалася, што мы даўно, даўно знаёмыя.
1981
ПОП
Маладзенькая жонка камандзіра заставы, забітага ў першым баі на граніцы, уцякала на ўсход. Палямі, лесам i далей ад людных дарог, зрэдку заходзячы ў вёску, а то лепш на хутар які. Ішла то з кім-небудзь, то больш сама. Адно дзіця, дзяўчынку, па бацьку светлую беларусачку, несла на руках, другім дзіцем была на пятым месяцы.
Не дайшоўшы да роднага Мінска сто кіламетраў, прыпынілася ў заходнебеларускай вёсцы. Мноства разоў знясіленая, перапалоханая наскрозь, яна ўжо ведала, што робяць усюды з яе аднапляменнікамі, таму i гаварыла ўсім, i ў дарозе, i тут, што яна — армянка. I далей не пайшла. Засталася ў той людcкай сям'і. Самі прапанавалі пабыць, перачакаць.
За ўсіх яна старалася, усіх баялася, i так жа нялёгка было прывыкаць да сялянскай суровай працы i беднасці.
Зімой нарадзіла другую дзяўчынку.
Пойдзе на рэчку за гумнамі, пялёнкі памыць, стане над той палонкай i гукае ў белы, сцюдзёны свет, у жахлівую невядомасць:
— Ма-ма-а!..
Цяпер, амаль праз сорак гадоў, успамінае пра тое i плача, а як жа было тады?..
Вясковая цемра, хоць i далека не кожны варожа, пачала цікавіцца, што ж гэта за армянка такая, ці не жыдоўка яна, трохі за іншых хітрэйшая?..
I тады гаспадар, які, відаць, пра ўсё здагадваўся, параіў ёй пайсці ў райцэнтр, да папа, i ахрысціць дзяцей. Поп іхні, кажуць, добры чалавек.
Апроч папа, у гарадку былі яшчэ два немцы i некалькі мясцовых паліцаяў, аднак выбару не было. Яна ўзяла малых, адно ка руку, другое за руку, пайшла.