Выбрать главу

I раптам — зусім нечаканае сутыкненне.

Я аж сумеўся ціха, ледзь не спалохаўся, спыніўшыся каля яшчэ цішэйшага. Адразу — толькі заўважыў светла-шэрую пляму на рагу прасторнай i змрочнай агароджы, a ў наступны момант — пазнаў у гэтай пляме жывую істоту.

Нейкая бабуля стаяла на каленях i, нікога, нічога не бачачы, не чуючы, уся занятая сваёй справай, фарбавала адзін з жалезных прутоў. Пруты былі яшчэ новыя, чорныя, аднак старая з няспешным, сказаў бы — з эпічным спакоем давала ім поўнае абнаўленне. Раз-поразу няспешна абмачала квачык у бляшанку i памаленьку, старанна квэцала чорным тоўсты прут, ад цэментавай падмуровачкі да ўзроўню сваіх вачэй. За гэтым прутам, — я моўчкі глядзеў,— пайшоў такі самы другі. Злева, пачаўшы ад рога агароджы, некалькі ix ужо тлуста чарнелася. Далей бабуля, вядома, падсунецца на каленях направа, будзе мазаць усю гэтую сценку спачатку знізу. Потым цяжка паднімецца, пагоніць даверху… А ix жа так многа, гэтых прутоў, агароджа зроблена з запасам, не на адзін толькі помнік, з разлікам i на сябе. А да вёскі ж няблізка, з даліны ўгару, на нямоглых нагах, настаяўшыся на каленях…

Ды вось пайшоў ужо i трэці прут пры мне. Памаленьку, спакойна, няспешна.

Яна кленчыла да мяне бокам, хустка нізка насунута ад гарачыні, i я не пазнаваў бабулі, a ў твар не заглянеш. Можна i не палохаць, не ўмешвацца ў яе малітвенна-ўрачыстую, грунтоўную работу. Але як жа i адысціся, не ўведаўшы, хто гэта?

Ступіўшы трохі наперад, я — з-над вострых прутоў — заглянуў за каменна-шырокія плечы помнікастэлы, прачытаў, па кім ён, i тады, здагадаўшыся, аказаўся:

— Добры дзень, цётка Аксеня!

Яна зірнула на мяне, узняўшы твар на голас зверху, неспалохана прыгледзелася i сказала:

— А я не ведаю, хто вы.

Я назваўся — i хто я, i чый — па-даросламу.

— А, гэта ты… — яна назвала мяне так, як гаварылася ў маім маленстве. — Тады здрастуй! Да таты, да мамы прыйшоў?

I ў імені маім, неадпаведна дзіцячым, i ў пытанні, да каго я прыйшоў, было штосьці адтуль жа, адкуль i мой запіс дзвюх па двойных дат з двух помнікаў. I на душы пацяплела. Нейкім сваяцтвам з бабуляй, ці што.

Пагаварылі мы няшмат. I як толькі я развітаўся — яна адразу ўзняла з бляшанкі свой нетаропкі квач i пачала, нібы навобмацак, паводзіць ім па пруце то ўніз, то ўверх, то ўкругаля. Быццам пайшла, патэпала ў бясконцы свет па лабірынце чорных сцежачакпрутоў…

А я пастаяў, паглядзеў, для яе ўжо нібы непрысутны.

З далечыні амаль шасці дзесяцігоддзяў сюды, у летнюю спёку сённяшняга дня, на мяне дыхнула адліжнай зімой, грымнула маршам (скрыпка, гармонік, бубен), затэленькала званочкамі з-пад дугаў, ажыло i цвярозым, дзіцячым, i хмельным, дарослым гоманам вясковае вяселле.

Кожнае з ix было падзеяй, а гэтае — тым больш. Цупронава Аксеня, дзеўка з багатай хаты, выходзіла за Лебяду, амаль за батрака. «Па любові», як гаварылася i ў чым была незвычайнасць падзеі.

Тады бабуля была маладою красуняй. З варотаў іхняга двара выязджалі, пазвоньвалі першыя санківазок — з маладою. I маладая — высокая, чарнявая, у фаце — стаяла ў вазку сама, ні за што не трымаючыся, i не плакала, a ўсміхалася, нават рукой з узмахам павяла. Вясельны звычай такі: маладая едзе стоячы — пажаданне сяброўкам яе не заседжвацца дзеўкамі.

З-за гэтага няроўнага замужжа сварка ў бацькавай хаце, вядома, была, i немалая, нават i да лупцоўкі, казалі, дайшло. Аднак не яе, не Аксеню было пераставіць. A праклінаць яе ніхто не праклінаў,— няшчасці пачаліся не ад гэтага. Калі ехал i ад вянца, ужо на Лебядовым коніку, той, — на роўнай дарозе, у спраўнага хлопца — узяў ды распрогся. Гэта лічылася вельмі нядобрым знакам. I спраўдзілася. Беднасць — беднасцю, на гэта дзеўка ішла сама, але ж прыйшло i горшае: паміралі дзеці. Адно, другое, а пасля ўжо i зусім ix не было. Жылі Аксеня з Тодарам адны, спачатку яшчэ ўсё спадзяваліся, а потым пачалі i падумваць, ці не ўзяць якую сірату. Але не выйшла гэта ў ix, бо звалілася i другая бяда. Тодар падаваў у цапы малатарні (чужое, вядома ж), i хапанула, уцягнула ў барабан руку, добра хоць, што не правую.