Выбрать главу

A гаспадыні ўсё гэтай вясёлай белі—мала!..

Ідучы на могілкі, я прыпыніўся каля «Марусінага дома» (для мяне гэта так), яшчэ зводдаль заўважыўшы яе з дачкой у гародчыку. Яны падбельвалі белыя рамачкі ганка, у якіх паблісквалі сонцам разнаформенныя шыбкі i шыбачкі.

— Добры день! Што мы робім?

— Добры дзень вам! Прыехалі? А мы тут наводзім красу.

— Яе ж i так хапае. Не разабрацца, якая лепшая.

Яна смяецца, прыняўшы намёк, але адводзіць на іншае:

— От, будзе трохі чысцей. Я выхадная сёння, а сена ўжо няма. Пагаварыце з намі, пабудзьце. Мой недзе ў полі. Дома не заганяецца. А гэта во наша Таня. У дзесяты перайшла.

Таня — ужо не нашмат маладзейшая за тую, чью галоўку я нібы зноў адчуў на плячы, а Маруся — у загарэлай i пышнаватай красе шчаслівай маці, якой толькі пад сорак. Дзяўчына моўчкі, нібы сарамліва павярнуўшыся ад мяне, працуе белым пэндзлікам, час ад часу тыцкаючы яго ў бляшанку на табурэце. А мама яе… ну, не сказаць ужо, што шчабеча, як тады, у ранішнім аўтобусе, — яна гаворыць ахвотна, усё дарэчы, з гаспадарлівай заклапочанасцю: пра сенакос, на які так добра падпагодзіла, пра жніво, што вось-вось i пачнецца, пра тое, што робіцца ў вёсцы, пра бальніцу сваю, пра Таню, што памагае i ў хаце, i ў полi… Хоць i чытае многа, i ў клуб, вядома ж, хочацца: маладое. Яна гаворыць з выразнай прыемнасцю, я слухаю — таксама. А мне ж яшчэ добра глядзець, як спрытна ходзіць пэндзлік у яе руцэ, як акуратна бель кладзецца на тоненькія рамачкі, нідзе не крануўшы чыстага шкла.

Таня робіць тое самае не менш акуратна, але павальней, з большай асцярогай.

Процьма яшчэ не пражытага часу, нязведанай прасторы, не адчутага сонца аддзяляе ix, маці i дачку, ад тых строга панурых прутоў, што недзе там з чорных памаленьку робяцца яшчэ чарнейшымі…

Iм, маладой i маладзенькай, i не думаецца пра такое, — гэта я цяпер думаю, стоячы на ўзбоччы гасцінца, гэта мне яно ярка прыгадалася там, за жытам, у зеляніне, каля прасторнай на запас агароджы.

Не ў спалучэнні з ёю, яшчэ не бачыўшы той чарнаты, гадзіны паўтары таму назад, калі я любаваўся белай работай-забавай у сонцы ды ў кветках, па праву ўзросту бласлаўляючы нейчае шчасце, непераможнасць жыцця.

1981

СЯРГЕЙ

Перад школай на рыначнай плошчы мястэчка быў зялёны, прасторны ўзгорак, што ў вераснёвым сонцы мякка, калі прылегчы, i соладка пахнуў ацвіцелым, нізенькім, густым рамонкам.

Там мы на перамене часамі рабілі «слана».

Пяць дужэйшых старшакласнікаў станавіліся адзін за адным, паклаўшы рукі адзін аднаму на плечы. На гэтыя рукі сядалі чатыры лягчэйшыя, таксама рукі на плечы адзін аднаму, тады тры яшчэ лягчэйшыя, a ўжо на руках двух апошніх, зусім вераб'ёў, важна садзіўся пагоншчык.

У тым вясёлым, пагодлівым верасні, калі я пачаў хадзідь з вёскі ў чацвёрты клас местачковай сямігодкі, пагоншчыкам заўсёды быў той самы Сяргей. Не па гадах малы, гарбаты, з залішне доўгімі рукамі i нагамі, ён трохі сам, а больш пры дапамозе збоку, але ж i спрытна, як павук, узбіраўся на «слана». Не так сабе, а са сваім «мечам». Звычайнае трапло, якім бабы трэплюць лён, пацешна вялізнае ў Сяргеевай руцэ, старое ўжо, тонкае, добра адшліфаванае ў рабоце.

«Слон» пад каманду, пад мноства камандаў, кранаўся з месца, памаленьку, урачыста ішоў па траве, а воін-пагоншчык размахваў «мечам» i ваяўніча крычаў. Навокал была ўся шматгалосая школа, усе сем класаў «паўшэхнай» на розныя галасы галаганілі, смяяліся i свісталі. Спыняліся i людзі паглядзець, i некаторыя таксама не маўчалі. Крычалі, вядома, i тыя, з каго на гэты раз складаўся «слон». Мне было тады дзесяць гадоў, разоў колькі i мне здаралася сядзець з тымі, што ўтваралі «трэці паверх», i я таксама галёкаў ды пішчаў ад радасці. А праз увесь гэты шолам верхнім было чутно, як над намі, над усім «сланом» раз-поразу, яшчэ вышэй пяўся голас пагоншчыка:

— Грунвальд, халера ясна!..

I «меч» Сяргееў быў узняты так, як у руцэ вялікага князя Вітаўта на вядомай карціне Матэйкі.

Пасля ўсёй гэтай радасці прыходзіў прадбачаны, але заўсёды як нечаканы канец. Тыя пяць найдужэйшых, што неслі ўсіх, раптам, пад каманду аднаго з ix, пускалі рукі з плячэй, i ўвесь жывы, рухомы, крыклівы трохкутнік рушыўся, ападаў, распаўзаўся ў яшчэ большым віску ды рогаце. Калі ты i ўдарыўся — не прызнаешся, а то i сказаў бы, каб хто спытаўся, што — далібог жа! — ані не баліць.