Выбрать главу

Найгорш было нашаму мечаносцу. Ён ляцеў з самага верху, падаў ці на кагосьці, ці гарбузом на цвёрды пад травою дол. A ўсё ж i «меча» свайго не кідаў i, разам з усімі, штосьці крычаў ды смяяўся, выбіраючыся з кучкі-невялічкі.

Для мяне Сяргей быў першым жывым гарбуном. Літаратурных, вычытаных неўзабаве прыйшло ажно тры. Вадзім у Лермантава, Нэлі ў Амічысавым «Сэрцы» i Юзя ў Прусавых «Грахах маленства». Рускі, італьянец i паляк. Вадзім, «Чырвоная шапка», пачварны жабрак i крывавы мсцівец, пра якога я чытаў найраней, дома, у старым патрапаным аднатомніку, успрымаўся даволі адчужана, гістарычна. Зрэшты, для мяне ён быў вельмі дарослы, i ўсё там дарослае, a Нэлі i Юзя — героі школьных аповесцей, мае равеснікі, зразумелыя, блізкія нашаму брату пад шыванцу.

Нядаўна я, сабраўшыся, нарэшце, разлічыцца з яшчэ адным неспакойным успамінам, перачытаў абедзве тыя аповесці, праверыў сваё дзіцячае захапленне. Яно ў асноўным паўтарылася, а да таго, колішняга захаплення i падсвядомай удзячнасці аўтарам дадалося яшчэ i дарослае: павага да двух высакародных сыноў сваіх народаў i свайго часу — гарыбальдзійца Эдмонда дэ Амічыса i паўстанца 1863 года Баляслава Пруса. Амаль аднагодкі, яны i ў рэвалю цыю, кожны ў сваю, пайшлі аднолькава зялёнымі юнакамі, i кнігі свае напісалі амаль у адзін час, у тым мужным узросце, пра які гаворыцца: сорак — ужо разумны i яшчэ малады. I супадзенні гэтыя ўспрымаюцца не проста як штосьді цікавае, — чысціня маладых парываў спалучылася з мудрасцю сталага ўзросту i ў выніку — дзве кнігі, што ўжо тым часам цэлае стагоддзе хвалююць i вучаць дабру дзяцей многіх народаў.

Тады, калі я быў часткай «слана», i пазней, над старонкамі названых кніг, такіх разваг ды вывадаў у мяне не было. Адтуль, з тых дзён, i дагэтуль шчымяць у душы два святыя адчуванні — спагада пакрыўджанаму i жаданне быць яго абаронцам.

Мужны Гаронэ абараніў пакрыўджанага Нэлі, гарбуна, калеку, а Нэлева маці, прыгожая італьянская сіньёра, прыйшла ў школу i ў кабінеце дырэктара абняла таго чатырнаццацігадовага абаронцу, са слязьмі цалавала яго нагала астрыжаную галаву, зияла з шыі свой крыжык на залатым ланцужку i павесіла яго хлопцу пад школьны гальштук.

У небагатага i вечна п'янага бацькі польскага калекі Юзя падарунак яго школьнаму абаронцу Казіку быў іншы: куфэрак з кнігамі, уся спадчына пасля Miлага гарбуна, які памёр, прыдушаны возам на вуліцы.

Аднак i ў італьянскім, i ў польскім выпадках гэта да слёз хвалявала яшчэ i мяне, заходнебеларускага хлапчука, аднаго з тых, да каго гэты высокі агульналюдскі змест дайшоў… няхай сабе i не на роднай мове.

Сяргей жаласці ў сэрцы не выклікаў. Нават тады, калі ён падаў сваім гарбом са «слана» i, не трэснуўшы, як трэснуў бы, так упаўшы, вялікі гарбуз, усхопліваўся з крыкам i разам з усімі смяяўся, зноў узняўшы свой «меч».

У школах тады, пасля амаль сямі гадоў так званай «мікалаеўскай» i грамадзянскай войнаў, пасля некалькіх «пераваротаў» — зменаў улады, шмат было пераросткаў. Сяргей, хоць i вучыўся толькі ў пятым, старэйшы быў за мяне на тры гады. A ў шостым ды ў сёмым класах, побач з меншымі, былі ўжо i сапраўдныя дзецюкі ды дзеўкі. Сяргей трымаўся ca старэйшымі. З хлопцамі шаптаўся, хіхікаў з нечага, пра што не гаворыцца ўголас, курыў на школьным гарышчы, a дзяўчат, ужо добра грудастых, услед за іншымі гуляючы ў кавалера, абдымаў па-свойму — вышэй каленяў, дакуль даставаў.

Аднак ён i з намі, меншымі, умеў падзяцініцца.

Ён вельмі ўдала гаўкаў, мяўкаў, кукарэкаў, буркаваў голубам, шчабятаў ластаўкай. З Паўлам, маім аднакласнікам, якога за кволасць празывалі Кісяе Маляко, Сяргей часамі наладжваў, так сказаць, лялечны спектакль. Звязаўшы з кіёчкаў дзве крыжавіны, яны надзявалі на ix свае курткі i шапкі i, схаваўшыся пад тыя пудзілы, трымаючы ix над сабой, пачыналі паказваць бойку. Спачатку наскокі, адскокі, зачэпны перабрэх, першыя куксаны, а тады — узаемная малацьба рукавамі, да поўнай знямогі, калі ўжо ix «двайнікі» павісалі адзін на адным i толькі хэкалі, пад смех i крык гледачоў, наадварот нястомны.

I з «мечам» справа не абмяжоўвалася адным «сланом». Напрадвесні, калі кашэчае марцаванне не абмінала i гарышча нашай школы, Сяргей затойваўся там у цямнейшым кутку i пачынаў клікаць, на ўсе лады выводзячы то кошчына, то катова тамленне. Ці ўдалося яму калі прывабіць марцавальніка ці мардавальніцу бліжэй, пад удар свайго «меча», не памятаю, а наша — унізе, на дварэ — нясцерпнае хіхіканне i, нарэшце, смех, што выбухаў, зрываючы апера цыю, i сёння для мяне жывы.