Выбрать главу

Былі i іншыя «выхілкі», былі i вясковыя жарты i прыпеўкі, амаль заўсёды скаромныя. Праўда, разлічаныя ўжо не на нас, малечу, намі, здалёк ці зблізку, пачутыя ў гурце старэйшых.

Сярод пераросткаў найцікавейшы быў Сашка-Кі, якога празывалі так за пацешнае заіканне ў маленстве. Заіканне даўно прайшло, мянушіса засталася, але далека не кожны мог асмеліцца сказаць яе хоць здалёк, уцякаючы. Тады, у той першы слановы сезон, Сашка-Ki быў вучнем апошняга, сёмага класа, умеў выдатна бегаць на руках, да самых пят пранозліва свістаў i ў пальцы, i ротам, зусім непераймальна падцяўшы губу ды прыткнуўшы язык, камандаваў «сланом», валейболам, лаптой, хадзіў найбольш з Валяй з іхняга класа, казалі, i вечарамі з ёю сядзеў, аднак i вучыўся таксама добра, нават выдатна. I хораша спяваў у нашым школьным хоры. A гадоў яму было ўжо ажно пятнаццаць, i гэта для мяне, чатырохкласніка, аднаго з тых, хто ў школу пайшоў нармальна, сямігадовым, было недасягальным, выклікала пашану ^зайздрасць, а то часамі i страх.

I вось ён, Сашка-Ki, дружыў з Сяргеем. Як i большасць у нашай школе, яны былі не местачковыя, а з вёскі, да таго ж з адной, a сябравалі, відаць, даўно. Паспрабуй тут хто-небудзь Сяргея пакрыўдзіць!

Зрэшты, i потым, калі ўжо Сашка ў нас не вучыўся, Сяргея ніхто ніколі не крыўдзіў,— не памятаю такога выпадку.

Сашка-Ki паступіў у беларускую гімназію, на той гужавы ды пешаходны час, на мой малечы ўзрост пайшоў у вельмі далёкі, пакуль што недасягальны свет — у ваяводскі Наваградак.

Сяргей закончыў школу на год раней за мяне, далей вучыцца не пайшоў. Зрэшты, i Сашка тады ўжо не быў гімназістам: яго адтуль, як гаварылася, «прагналі за палітыку», a неўзабаве i пасадзілі ў турму.

Пра ўсё гэта я толькі чуў, яно было па-тагачаснаму далека, у пятай вёсцы ад нас, за цэлых трынаццаць кіламетраў.

Праўда, за нашымі лугамі ды за рэчкай, далей каля лесу, былі сенакосы Сашкавай ды Сяргеевай вёскі, a ўсё ж i няблізка ад нас, i ехалі іхнія касцы ды грабцы туды не цераз нашу вёску, а па гасцінцы. I яшчэ адна праўда, — у святы моладзь з навакольных вёсак сяды-тады, вясной ці летам, сыходзілася ў мястзчку, каля прыгожай царквы на ўзгорку. Не маліцца, вядома, з бабамі, а з дзеўкамі пажартаваць на цвінтары, кавалерскай кампаніяй пахадзіць, пасядзець, паляжаць на траве пад вялікімі ліпамі. Ды гэта ўсё старэйшыя. А для мяне, падлетка, што, дарэчы, як маці казала, «за кнігамі свету не бачыў», усё іншае было яшчэ ўсё наперадзе.

Словам, з Сяргеем i з Сашкам-Кі я не бачыўся доўга. Пакуль мы выпадкова не сустрэліся на сенажаці, над рэчкай. Яны вярталіся ca свайго, заўсёды пазнейшага, сенавання, а мы, некалькі хлопцаў з нашай вёскі, ужо свабодныя, прыйшлі пакупацца.

Тая сустрэча, праз сем гадоў пасля «слана», часта апошнім часам вяртаецца.

Наша рэчка — не з тых, што апяяны ў вядомых песнях, яна — сціплы прыток, да мора сама не даходзіць, плыве сабе ціха па лузе, а мы яе любім, змалку i назаўсёды. Цяпер, здалёк, светла ўспамінаецца i смех, i плёскат купальшчыкаў, i шарканне касы, i грукат колаў на пукатым сезонным мосце з плашак i круглякоў, i боўтанне шаста пры «чайцы», i побліск рыбы ў таптусе, i цярплівасць над паплаўком, i страшнае на ўсю аколіцу, — хтосьці стары ці малы, нейкі хлопец ці дзеўка, незнарок ці знарок утапіўся!.. Усё прыходзіць, праходзіць, а рэчка плыве сабе, рэчка плыве…

I вось над рэчкай — у маёй удзячнай памяці, упершыню ў маім, тады зусім юначым жыцці — гучаць словы глыбокага зместу, музыка невыказнай красы:

Умирает отец на дубовой скамье, Завещая родимому сыну: «Ты пойди-ка, сын, в лес да дубину сруби На проклятую барскую спину…»

Мне яшчэ вельмі далека было да свайго радыё, да патэфоннай пласцінкі з голасам Шаляпіна, да поўнага ды нравільнага тэксту гэтай песні, надрукаванага ў якой-небудзь кнізе, для мяне ў той час больш за ўсё выпадковай. A ўсё ж мне i так было вельмі нямала, я быў захоплены i так, ды настолькі, што вось i сёння, амаль праз паўстагоддзя, уражанне тое яшчэ ўсё хвалюе сваёй першароднай i незацёртай свежасцю.

Спяваў наш Сашка-Кі.

Пакуль нырнуць у ціхую, прахалодную глыбіню, ён стаяў на зноў ужо зялёненькай пакошы высокага берага, голы толькі яшчэ да пояса. Загарэлы i дужы, — нягледзячы на тое, што сілу i волю яго ўжо намагаліся адабраць i ў паліцэйскіх катоўнях, i за турэмнымі кратамі. Глядзеў на лес за ракою ды за прасторам лугоў i густым барытонам, з грудзей i ад сэрца спяваў.

Каля яго стаяў Сяргей.

Спяваць не памагаў. Слухаў разам з усімі. Чалавек было нас больш за дзесяць, з іхняй i з нашай вёсак. Але глядзеў i ўсміхаўся ён так, быццам гэтая песня па нейкаму таямнічаму праву належыць i яму, разам з яго — такім магутным i прыгожым — сябрам.