— Вы што, знаёмыя?
— Па тэлевізары, — зноў усміхаецца ён. — Люблю паслухаць, паглядзець.
— I я люблю. Калі народныя.
Мы маўчым, заглядзеўшыся на раку i зарэчча. А потым я — нечакана, але не дзіўна — напаўголаса паўтараю далёкі песенны ўзлёт, што светла махнуўся ў памяді:
Бачу той белы вегразь на хвалістым бязмежжы вясновай, шырока разлітай Волгі. Сваяк таго, што i ў маёй душы сяды-тады самотна i ясна бялеецца ў марскім блакітным тумане.
— Спяваць любіце? — усміхаецца рыбак. — Mo i ў ансамблі якім?
— Не. Прыгадалася адно…
Што прыгадалася, я не расказваю, бо не раскажаш так, як яно хутка i ярка з'явілася ў памяці. Амаль праз паўвека, з тых дзён, калі я толькі-толькі ўваходзіў у юнацтва.
Гэты самы Неман, але не сонечным жнівеньскім ранкам, а насцярожана i ўрачыста белым, марозным досвіткам. Рака пад лёдам, на лёдзе тоўста снегу, дарога добра ўезджана. Коні дружна бягуць адзін за адным — улегцы весела, дый грэюцца бегма. Я мякка сяджу на мяху з сенам, знізу няхоладна, кажух, шапка, боты надзейныя. А да таго ж i маладосць, што пачынаецца, патаемная радасць ці гордасць заучасна сталага работніка, гаспадара, ну i паэта глыбока ў душы, якому заўсёды ўсё нова ды незвычайна. I белае рэчышча, што віляе паміж кустамі, не зусім схаванымі пад снегам, i дрэвы, што знізу, ад снегу, цёмна лезуць ажно пад неба над табой. I першы знак новага дня — агнявая палоска зары над далёкім грэбенем лесу, зары нясмелай яшчэ, якая ці то ўжо бачыцца табе, ці то ўспамінаецца з пазаўчарашняе паездкі. Такой самай, у пушчу па дровы. З адчуваннем таксама хвалюючым, насцярожаным. Так i здаецца: вось, вось яно прыйдзе — штосьці даўно чаканае, добрае! Нават i капыты так выстукваюць: вось, вось, вось!..
Коні — як былі легка ўзняліся на рысь, так i ашляхлі, спакваля перайшлі на ступў,— спачатку першы ці першая (чый там сённячы конь ці кабыла чыя?), а потым i ўсе, увесь маўклівы парожні абоз. Хай падыдуць. Яшчэ не позна, хоць i не блізка яшчэ.
I тут за мною, ззаду i збоку, мякка i хутка пачулася рыпенне снегу пад хадакамі. Дзядзька Міхаль, сусед, які ехаў следам, дагнаў мае сані i гупнуў-сеў перада мною ў нагах. Чалавек ён маўклівы, калі не пануры, i цягавіты, поўная хата дзяцей — маўчы ды думай, як ix на ногі падняць. А тут яму закарцела чагосьці, як блазну да блазна, — прыбег. Не закурыць, не пакурыць, пацягнуць разоў колькі, бо мы абодва не курым. Пагаварыць пра што пільнае? Не, ён сядзіць i маўчыць.
Маўчаў нядоўга. A памаўчаўшы не гаварыць пачаў, а раптам, як i я цяпер, пры выпадковым сустрэчным, заспяваў. Глуха, прыцішана, можна сказаць, безгалоса. I не песня была гэта, a толькі ўрывачак яе, адзін узлёт — з тым самым белым ветразем на Волзе.
Што за дзіва, чаму?
Вельмі проста — калі яно проста, — учора дзядзька Міхаль заходзіў да нас увечары, i я, разняўшы навушнікі дэтэктарнага радыёпрыёмнічка на двух, пачаставаў яго песняй. Ажно з Масквы, цераз граніцу…
— Соня, здаецца, гэтую не спявае, — гаворыць рыбак.
— Не, гэта даўняе. Была такая Вольга Кавалёва. Збірала i выконвала рускія народныя песні. I сама нават трохі песні пісала. I гэтую, што я пачаў, яна напісала сама.
Пра белы ветразь на Волзе я ўспомніў яшчэ i таму, што днямі, у радыёперадачы, ён прыйшоў да мяне вельмі патрэбна паглыбленым у народнасць расказам пра тую слаўную спявачку, што была спачатку, задоўга да Кастрычніка, маленькай рускай Ольгушкай, якая з печы, тварыкам на хату, зачаравана слухала, як спяваў, працуючы каля акна, яе дзядзька Якаў, вясковы ўмелец-кушнер. Дзяўчынка слухала і, нібы ў прадчуванні свайго вялікага лёсу, заплакала ад любасці да людзей — упершыню, ад усёй чысціні дзіцячага сэрца. Так яна потым успамінала.
— I я люблю, калі Соня не моднае нешта, а паўкраінску што ці па-малдаўску. Слухалі?
— Ну, — адказваю я.
— Пра што там, калі па-малдаўску, я не ведаю. Але ж вельмі яно неяк весела. Як ад якое радасці. З эстрады тое сыдзе ў залу, тупае лёгенька па праходзе i шнур той вядзе за сабою, паміж людзей. Мікрафон у руцэ, a ўсё роўна — рукі раз-пораз узняўшы. У ладкі плешча, ды ўжо не песню, a толькі адзін прыпеў. Чулі? «А-я-я-я! А-я-я-я!..» Так не паўторыш, не. Голыя рукі тонкія, i з твару благая, а вочы свецяцца, гараць. I так смяецца, усміхаецца, што i самому… I людзі ўсе, што ў зале той, усе за ёю ў лад тое «а-я-я-я!» — так апладзіруюць. Аж хочацца самому заспяваць, каб мог. Як гэта добра, калі чалавек вясёлы! Вы гэта чулі?