Ен не пытае, а перапытвае. I так па-свойску, павясковаму ўсміхаецца. I я яшчэ раз гавару, што чуў, што весела было i мне.
Не дадаю адно, што добра не толькі тады, калі чалавек, які можа спяваць, вясёлы. Добра, калі ён мужны, кал i ты ведаеш, што такое да лося яму не так сабе, а праз пакуты. Мне здаецца, што гэта нам зразумела абодвум i так.
Мы маўчым i глядзім.
I я чакаю — даўнім, юнацкім чаканнем, — што за ракою, на стозе i на пакошы, за нас i нашай радасцю вось-вось запляскаюць-заклякочуць у яснае неба буслы. 1982
КАСАТАЧКА
Касатка — ластаўка, птушка Hirundo domestica.
I тое самае, што мілая, галубка, золатка.
Удовін дарослы сын паміраў пры памяці i доўга.
— От, мама, — ціха i цяжка сказаў ён неяк, ужо бліжэй да канца, — я цяпер думаю… як гэта рыба… калі яе… на бераг… выкінеш… як яна… дыхае… тады….
На пахаванне з горада прыехала з сям'ёй дачка. Яшчэ на вуліцы, толькі з машыны вылезла, a ўжо… не пачала, вядома, плакаць — зноў заплакала. Зяць нешта тоўкся каля сваіх шафёрскіх дзвярэй, а дачка, з унучкай на руках, штурханула нагою брамку, а тады пусціла з рук малую. Нібы прасветлы прамень з-паміж цёмных хмараў — на чыстую сцежку ў веснавой траве, да новай хаты ад журботна-новых варот, зробленых таксама ім.
На двары было многа людзей. Яны ўсе стаялі, ішла адна бабуля. Унучка — быстранькая, румяная, з дзвюма чорнымі коскамі — бегла насустрач старой, ручаняты ўзняўшы здалёк, у шчаслівай гатоўнасці зноў апынуцца высока, на яшчэ адных родных руках. Штосьці яна крычала радасна, у святым сваім няведанні, далека над усім дарослым смуткам…
Сын — спраўны работнік, дужы, спакойны дзяцюк — з вайсковай службы вярнуўся з нейкай таямніцай. Ніяк жаніцца не хацеў, i ў без нечага трыццаць усё ўсміхаўся, што паспее. Працуючы экскаватаршчыкам на меліярацыі, недзе там, на халодным асеннім балоце, ударыў i, звыш таго, застудзіў нагу. Неўзабаве хвароба з яшчэ адной вучонай, нават мілагучнай назвай — саркома — папаўзла з нагі вышэй. Лічачы збоку, для знаёмых i нават сваякоў, хто з ix жыве далей, паўзла яна паволі, больш за паўгода. А для самога, для маці як ён ішоў, чым быў напоўнены той час?.. Спачатку дома, пасля ў бальніцах, бліжэй i далей, тады зноў дома, на адыходзе. Час невымерна доўгі i безнадзейна хуткі, калі яно ўсё скончыцца…
Унучка дробненька бегла, радасна штосьці крычала. Нібы яна з бабуляй былі на поўным людзей панадворку толькі адны.
I старая, як быццам таксама тут адна, як быццам яна хоць на момант адышлася ад самага краечку чорнай бездані свайго маўклівага мацярынскага гора, хутка ішла насустрач госцейцы, здалёк прыгнулася з працягнутымі спрацаванымі рукамі. Падхапіла, нарэшце, малую, прыпала сухімі, бяссоннымі вуснамі да цёпленькай, пругкай, салодкай шчакі i прашаптала горача, нібы толькі сабе:
— Касатачка… шчабятушка мая!..
…Пра рыбу на пяску, якая задыхаецца, — гэта пасля ўжо, дзён праз некалькі, у яе знайшлася сіла расказаць уголас.
1982
ДЗВЕ З ЛЕГЕНДЫ
«Усім добрым ва мне я абавязаны кнігам». Услед за Горкім так могуць сказаць дый кажуць многія, кожны па-свойму. I я ўжо нямала пра гэта пісаў, аднак сказаў, здаецца часамі, далека не ўсё. Бо i пра кнігу, як пра маці — зноў жа згадаем Горкага, — можна расказваць бясконца.
Мае маленства прыйшлося на складаны час пасля першай сусветнай i грамадзянскай войнаў, пачатак яго прайшоў у савецкім горадзе, а больш свядомы працяг у заходнебеларускай вёсцы. Чытаць мяне навучылі па-руску, да школы. А школа ў нашым Загоры была тады польская, з рэдкімі беларускімі ўрокамі. Такім чынам — тры мовы, на якіх я пачынаў знаёмства з мастацкім словам.
Польскія кнігі дзецям давалі ў школе. Беларускія былі там для нас як буквары ды чытанкі; іншыя кнігі на роднай мове зрэдку трапляліся па хатах. Рускіх у вёсцы было найбольш. У нашай хаце — частка на лаве за сталом, цэлы ix стосік на покуці, а на гарышчы — яшчэ i ў вялікай чамаданістай карзіне. Той скарб, што бацька, дзякуй яму, прывёз з Адэсы.
I было яшчэ ў нас шкадаванне, сямейная легенда пра дзве надзвычайныя кнігі, якіх мы не здолелі ў вёску давезці. Пры пераездзе граніцы трэба было плаціць, — адтуль мне помнілася грозна-незразумелае слова кантрыбуцыя, — а грошай не хапіла, i ў Мінску, дзе мы адбывалі некалькі дзён каранцін — другое грознае слова, — прыйшлося сёе-тое прадаць, у тым ліку дзве кнігі.