У кнігасховішчах найбольшай мінскай бібліятэкі знайсці Галахава было не цяжка. I вось яна ляжыць перада мной — «Русская христоматия» (іменна так: христоматия) — з усімі яе «описаниями», «рассуждениями», «антологическими пиесами», з усёй абаяльнасцю «яцяў» i цвёрдых знакаў, што ледзь не казачна пераносяць цябе ў больш за стогадовую даўніну i пакідаюць на нейкі час сам-насам з любімымі, зноў нібы пасля доўгай разлукі. Гэта быў, аднак, не па-гогалеўску тоўсты, важкі аднатомнік, як мне здалёк неаднойчы ўяўлялася, а тры, розных гадоў выдання, паасобныя тамы двухтомніка, кнігі вялікага фармату, але не лішне тоўстыя, бо на тонкай, моцнай паперы. Дзве калонкі, густа запоўненыя тэкстам упадборку.
Каб жа такія два гамы ды ў вёсцы мець — у той далёкі, цёмны час, — гэта ж багацце якое, цэлая бібліятэка вершаў i прозы, i рускіх, i перакладных, прычым падабраных, пададзеных так культурна, з любоўю i веданнем!..
Аднак прызнаюся, што легенда, як толькі яна прыйшла на мой стол, амаль адразу неяк паблекла, ці што, нават ледзь не расчаравала мяне… У гэтай хрэстаматыі, што, як сведчыць энцыклапедыя, «складалася пад уплывам педагагічных i літаратурных поглядаў Бялінскага», з якім Галахаў сябраваў, што папаўнялася i дасканалілася ад выдання да выдання на працягу многіх дзесяцігоддзяў, я не знайшоў амаль нічога, чаго б мне не здаралася, з цікавасцю i захапленнем, сустракаць на іншых старонках — i ў малалецтве, i ў маладосці… А разам з гэтым як быццам расчараваннем было i прыемна, што ўсё значнейшае ў рускай i часткова ў сусветнай літаратуры не абмінула мяне i без Галахава, хоць, паўтараю, я быў бы шчаслівы сустрэцца з ім тады, калі так добра ведаў тугу па кнізе, так прагна шукаў i так няпроста знаходзіў патрэбнае не ў бібліятэках, a ў выпадковых кнігах маёй небагатай i цеснай жыццёвай прасторы.
Было i яшчэ адно адчуванне, з якім я ў сонечнай бібліятэчнай цішыні няспешна гартаў вялікія i тонкахрумставатыя старонкі даўняй, класічнай хрэстаматыі,— інтымная, бо ў кожнага свая, радасць яшчэ адной сустрэчы з тым ці іншым, што цікавіла, што захапляла калісьці. Абрыўкі, промні, прасторы вялікай паэзіі зноў ажывалі, паўтараліся ў душы, як паўтараюцца шчасліва паасобныя, найярчэйшыя ўсплёскі, абрыўкі найбліжэйшай сэрцу музыкі, што захаваліся ў запасніках нашай памяці i час ад часу выходзяць адтуль, з меншай ці з большай глыбіні, каб пасвяціць ды пагрэць у часамі нялёгкай дарозе жыцця.
Так зноў вярнулася да мяне тая касмічна высокая, казачна неабсяжная, да светлай сцішнаты прыгожая зімовая ноч, такая чароўная ў Фета, у яго гранічнай скупасці, у сіле прастаты:
Гэтыя санг ажно падкрэсліць захацелася — так яны бачыліся мне калісьці, i заўсёды, i сёння, так яны многа гавораць…
I такая яшчэ неразгадана абаяльная краса i сіла прастаты, жыццёвасці, ужо ў Нікіціна — ужо не ноч зімовая, з яе таямнічай, урачыста бязмежнай беллю i цішынёй, a росквіт летняй раніцы, з яе сакавіташматфарбным, сонечным рознагалоссем i стрыманай, па-маладому прытоенай цішынёй:
Як хвалявала такое, як глыбока расчульвала i ўздымала ў той час, калі ты ўваходзіў у жыццё, калі ты чыстым позіркам бачыў так многа i так ясна ў звычайным, што цябе акружала!..
Зрэшты, чаму «хвалявала», «уздымала», «было»? Было i засталося. Скажам, ніколі я не мог i сёння не магу спакойна прачытаць уголас такое простае, скупое, стрыманае ў Пушкіна:
Тут — заўсёды глыбокая, хай сабе мімалётная паўза, каб толькі глыток паветра прыняць, каб дачытаць спакойна да канца:
На два апошнія, зноў жа мною падкрэсленыя, радкі спакою таго ніколі не хапала.
На старонках галахаўскай «христоматии» — у вершы Жукоўскага — я нечакана сустрэўся i з тым, у чым, як падлетак, а потым i юнак, толькі прадчуваў найглыбейшую глыбіню, непазбежную мудрасць, якія цяпер, пасля многіх неадхільных удараў i незваротных страт разумею інакш. Настолькі інакш, што да горкага, незагойнага вопыту, да столькіх ужо варыян таў яго нават i дакранацца памяццю балюча. Пакуль не пройдзе на гэты раз, пакуль зноў не супакоішся на галоўным.