Выбрать главу

Вось ён, той верш, увесь у чатырох радках, пад назвай «Воспоминание»:

О милых спутниках, которые наш свет Своим сопутствием для нас животворили, Не говори с тоской: их нет, Но с благодарностию: были.

Цяпер разумеет, тады прадчуваў… I добра, што прадчуваў. А можа, i ўбачыў, адчуў тады, чаго добрага, наймацней, каб потым вяртацца да тое глыбіні, да таго пранікнення, удзячна асвяжаць душу, з гадамi ды нягодамі ў нечым прытомленую, a ў нечым i апашлелую ад грузу ды мітусні ўсялякай абыдзёншчыны.

Адчуўшы нешта падобнае яшчэ раз, у іншым «Воспоминании», у вершы, якому, здаецца, няма параўнання па глыбіні, да сцішнаты i ўрачыстай, i горкай, i гаю чай, я ўспомніў адзін свой запіс паўвекавой даўнасці, з лістапада 1933 года, калі мне было шаснаццаць, калі здавалася, што ты ўжо грунтоўна сталы, бо за табою столькі ўжо ды такога ўсяго перажытага… Дома, вярнуўшыся з бібліятэкі, я знайшоў той юнацкі сшытак i вось цытую самога сябе, i нібы не самога сябе, бо ўжо такога далёкага, цытую трохі з няёмкасцю, больш са стрыманым хваляваннем, ці што:

«Як я люблю адлучацца ад дому! Неяк адпачнеш, асвяжышся. Сёння ездзілі з Мішам у Стоўбцы. Выехалі ноччу. Прыгожая была раніца. Пустыя, узараныя палі, скошаныя i збітыя жывёлай лугі, стог сена i ціхая рэчка. Над лесам займаецца зара. А мне ўсё ўспамінаюцца цудоўныя, задушэўныя i журботныя словы Пушкіна:

И, с отвращением читая жизнь мою, Я трепещу и проклинаю, И горько жалуюсь, и горько слезы лью, Но строк печальных не смываю».

У запісе, зробленым для самога сябе, позна ўвечары, калі мы з братам вярнуліся з незвычайнага на той час падарожжа (у павятовы гарадок, на возе, дваццаць восем туды i столькі ж назад), стаіць толькі першы радок заключнай страфы геніяльнага верша. Тры далейшыя радкі я дапісаў цяпер для цэльнасці ўражання. А ёсць жа i чарнавы працяг «Воспоминания», які я не толькі ведаў, але ж i часта, для душы, на адзіноце, паўтараў уголас. Асабліва ўражвалі дзве апошнія страфы:

И нет отрады мне — и тихо предо мной Встают два призрака младые, Две тени милые, — два данные судьбой Мне ангела во дни былые. Но оба с крыльями, и с пламенным мечом, И стерегут, — и мстят мне оба. И оба говорят мне мертвым языком О тайнах счастия и гроба.

Цытуючы гэта, я спачатку праверыў сябе на кнізе. А памяць — i трохі здзіўлена, збянтэжана, i яшчэ ўсё ўпарта — трымаецца за іншае слова ў апошнім радку: не счастия, а вечности — «о тайнах вечности и гроба». Можа, так мне здаўна здавалася больш адпаведным, а можа, я яго, той чарнавы працяг, — што вельмі мала верагодна, — так i чытаў калісьці ў старых, дарэвалюцыйных выданнях? Чытаў жа я ў Пушкіна i іншае ў «папраўленым» выглядзе: «что прелестью живой стихов я был полезен» — замест «что в мой жестокий век восславил я свободу». Не папраўляць жа я такога аўтара асмельваўся, хоць пры юначай дзёрзкасці i такое часамі бывае. Ад глыбіннага зместу «Воспоминания», я, прынамсі, так мне здавалася, не адхіляўся, a ў чароўнай яго красе быў заўсёды на ўсю душу.

Промахі памяці. Большыя, меншыя. Яны мне, бывала, дарагавата каштавалі. I асмяяным бываў, паспрачаўшыся, i заклады прайграваў. Часамі, праўда, перамагаў i я. Справа не ў гэтым. У нядаўна прачытанай кнізе сяброўскіх успамінаў пра аднаго з нашых значнейшых літаратурных сучаснікаў прыемна было i раз, i два разы сустрэць расказ пра знаёмую i мне прывычку таго таварыша, якога ўжо даўнавата з намі няма. Паэт не быў яшчэ i кампазітарам — ён проста сам складаў мелодыі да ўласных вершаў, любіў ix так спяваць, нават i не самому сабе, а з сябрамі, пры ix дапамозе. Было такое i ca мной, з той розніцай, што вершы я мармытаў не толькі свае, а перш за ўсё чужыя, любімыя, i толькі на адзіноце, бо ўжо, калі пры некім ці ў кампаніі, дык толькі ў душы. Памылкі ў словах, промахі нават i маладое памяці былі, але ж было i іншае — шчырая закаханасць.

Адной з такіх, найбольш любімых, песняў было якраз «Воспоминание» — «Когда для смертного умолкнет шумный день…».

На сённяшні вопыт, дык якія ўжо там, у падлетка, маглі быць асабліва «печальные строки» ды «тайны гроба», якія пакуты самааналізу, якое бездапаможнае шкадаванне? Хутчэй проста краса i сіла слова, пачуцця i думкі захаплялі так — з пранікненнем наперад, у тое, што яшчэ будзе перажывацца. Аднак былі, былі яны, пакуты, ужо i тады… Калі памылкі меншыя, дык успрыманне, магчыма, вастрэйшае.