Тым больш i люба, i пакутліва, i сорамна, i зноў — найбольш! — хвалююча гэта бывала для мяне пасля аднаго здарэння. Нават i не ca мной здарэння, а з Васілём.
Ён ужо быў дзецюком, кавалерам, хадзіў да дзяўчыны ў суседнюю вёску. Ca мной, па нашай даўняй прывычцы, ён дзяліўся ўсім патаемным, якое, зрэшты, дайшло ў яго тады толькі яшчэ да пацалункаў. I ён не разумеў, відаць, што гэтымі расказамі не выводзіў мяне ў сталасць, a дадаваў маёй адзіноце трывогі, пакуты, зайздрасці, спякотна-тужлівага чакання. Я не ведаў, як у яго, a ў мяне, у маім патаемным, было i такое, Што заставалася толькі маім, i падзяліцца гэтым нават з ім, не проста братам, але i другам з маленства, было нялёгка. Скажам, пасля той леташняй збянтэжанасці ў князевай канцылярыі я расказаў Васілю пра паненачку i мае хваляванне, аднак не ўсё расказаў. Без таго, што за ёю, чарнявай ды паўнагрудай, у тым складаным, i чыстым, i брыдкім хваляван7 ні стаяла для мяне другая, непараўнана мілейшая — мая яна, суседка Зося, што потым яна яшчэ больш ярка i шчасліва мучыла мае ўяўленне… I такога не скажаш, нават яму, Васілю, што мне часамі, узяўшы маленькага, шчабятлівага Толю на рукі, хацелася пацалаваць… Ну, не проста яго, не так, як цалуюць малых, як я, дарэчы, ніколі не цалаваў ні Валодзю, ні Валю, а праз яго, Толіка, — яе, зноў жа яе, яго маму.
Яна прыйшла за Проньку з далёкай вёскі. Тады маладзенькая, сарамлівая, цяпер i памажнелая i пасмялелая ў хаце i з людзьмі. Пасля Толі пагодкам нарадзілася дзяўчынка, а Зося зноў была прыгожай, маладой, як i раней, i ў новай сталасці ca сваёй, назаўсёды дадзенай, мілай, як быццам дзіцячай усмешкай, якую ўзяў ад яе, i так хацелася, каб назаўсёды захаваў яе Толік.
У панядзелак, пасля чарговага паходу да свае Зіны, Васіль не пра яе расказаў мне яшчэ што-небудзь, a расказаў… пра маю… пра Зосю… Не думаючы, што вось ён яшчэ раз залез у мае патаемнае.
Васіль ішоў Раманавым дваром, потым па агароднай дарозе, а тады, штосьці заўважыўшы, спыніўся пад вішняй.
Што ж ён заўважыў? Ды нічога незвычайнага. Быў ранні пагодлівы адвячорак, нядзеля, прыемная пара, пярэдых паміж сенаваннем, якое закончылася, i жнівом, якое вось-вось пачнецца. Стараваты, як мне здавалася, Пронька па-свойму спакойна i важна ішоў ca свайго двара ў прыгуменную адрыну. Не бачачы Васіля, адчыніў палавіну дзвярэй, увайшоў туды, знік, а дзверы засталіся прыадчыненыя.
Сюды ж, аказваецца, ішла i Зося. Нібы чагосьці там, у хаце, не закончыўшы, а то i знарок не надта спяшаючыся («Вытрывае, вельмі ўжо загарэлася», — як за яе падумаўшы, сказаў мне Васіль), яна ішла за мужам зводдаль. На свежае сена, у вольную волю, бо дзе ж там — у люднай хаце ды ў белы дзень…
Адрынку з сярэдзіны зачыніла яна. А пакуль зачыніць, пакуль зусім не звузілася шчыліна паміж дзвюма палавінкамі шырокіх, шэрых дзвярэй, Зося ўсміхнулася. Заўважыла пад вішняй Васіля i ўсміхнулася. Ужо як сталаму, які ведае, што да чаго, аднак i маладзейшаму не толькі за Проньку, але i за самую яе: хоць ты ўжо i дзяцюк, ды шчасце такое, як наша, звычайнае, спакойнае, табе яшчэ недаступна…
«На трэцяе былі, відаць, закладзіны», — закончыў свой расказ Васіль. I гэта не здалося мне, калі пасённяшняму ўспамінаю, грубаватым, але вельмі змястоўным — было. Зайздросным, раўніва пакутлівым — таксама.
I вось тады, у тыя дні са мною адбылося страшнае, дзеля чаго я наогул усё гэта ўспамінаю.
3
Ад рання я быў у полі, даворваў папар пад жыта, на восень, вярнуўся ў самы пачатак спёкі, выпрагаў з плуга (на санках) Каштанку, а мой найменшы сябрук круціўся каля мяне адзін, без Валодзі i Валі. Прыбег, бо быў якраз на вуліцы. Толя не «памагаў» у чымнебудзь, са сваімі бясконцымі «што хэта, ха?», а вельмі ж нешта раздурэўся. Спачатку ён, смеючыся, бегаў вакол жарабяці, якое таксама стамілася на ворыве, то гойсаючы там, то поўзаючы побач з маткай за плугам, i было вялаватае, нават i потнае. Потым Толя забегаў вакол Каштанкі i мяне. Я быў штосьці задуманы i не заўважыў, як ён, збочыўшы з круга, скокнуў кабыле пад жывот і, выскачыўшы на другі бок, радасна, пераможна крыкнуў:
— Міся, глядзі!
Я вінаваты быў, што не спыніў, не паўшчуваў яго, i ён, нібыта разгуляўшыся паміж ножкамі стала, шмыгануў пад Каштанку зноў. I ўжо не проста пад жывот, а з-пад жывата паміж задніх ног. Стомленая, злосная ад мух кабыліца капрызна трэпнула нагой, i Толя паляцеў ад яе — збоку ад плуга. Я рвануўся да яго, а Каштанка, з яшчэ нязнятым хамутом, — ад нас. Як быццам са страху: чаго нарабіла!.. Малы — на зямлі, пад нагамі — зайшоўся ад плачу, заліўся крывёю… На мой страшэнны крык прыбег сам Пронька, бо дома ў нас нікога не было. Ён моўчкі схапіў Толіка з маіх рук i подбегам панёс дамоў.