А я, ужо не памятаючы не толькі пра кабылу з жарэбем ды пра плуг сярод двара, — нічога не памятаючы, пайшоў чамусьці да гумна.
У пустым, падрыхтаваным для новых снапоў прыстаранку, ад мышэй засланым церпка-духмяным палыном, я вяла лёг вачыма ў той палын і, нічога не бачачы, не чуючы, паўтараў:
— Я за-біў ча-ла-ве-ка… Я за-біў ча-ла-ве-ка…
Паўтараў i трымаўся за гэтыя бездапаможныя доўгія словы, як быццам нацягнутыя вяровачкай, сям-там перацёртай, нацягнутыя назаўсёды над чорнай ужо прорвай, паўтараў i нібы ў ix, у слоў гэтых, прасіў паратунку.
Павінна была прыйсці Толева бабуля, жміндлівая «мая каманда», i праклясці мяне самым апошнім праклёнам. I я нават не варухнуўся б у сваім палыне.
Павінен быў прыйсці важны Пронька i, як бацька, забіць мяне тут. I я не падумаў бы абараняцца або крычаць.
Павінна была прыйсці сама яна, Зося, i ў мяне не знайшлося б ні духу, ні сілы, каб устаць i зноў упасці — да ног яе, ногі ёй цалаваць…
Ніхто не ішоў.
Хоць бы ўжо маці наша прыйшла напаследак, але ж яна яшчэ там усё недзе, у цёткі Агаты, сваёй сястры, што захварэла цяжка ў сваіх Несутычах.
I прыйшоў мой Васіль, што ездзіў з дзядзькам Раманам у Мір, прадаваць вішні, i вось якраз — як жа дарэчы! — вярнуўся.
Васіль таксама многа чытаў. Днямі ён з нейкай, як заўсёды, выпадковай кнігі (цяпер не памятаю ўжо, з якой) вычытаў мянушку для мяне, яшчэ ад ну, нязлосную i толькі нашу, смешную для нас двух.
— Ганс-бублік, — сказаў ён, — не плач! Толя жьь вы. Адно па лобе трошкі шкрабанула. Уставай!
Толькі тады я заплакаў.
…Якое шчасце! — я не забіў, ён i сёння жыве, толькі з ледзь-ледзь прыкметным рубчыкам на разумным ілбе матэматыка. Мы сустракаемся рэдка, але прыемна. Толькі ні разу за сорак гадоў не сустрэліся ў нашай вёсцы, дзе ўжо нікога ў нас абодвух не засталося, a ўсё тут, у горадзе, дый то больш па тэлефоне. Адносіны ў нас сталыя, бо i яму ўжо за пяцьдзесят, але ж i сёння ў мяне, нібы калісьці з Васілём, ёсць, i толькі сваё, патаемнае. Не сказаць жа яму, што падлеткам я быў закаханы ў ягоную маці, цяпер даўно ўжо бабулю, што дажывае недзе пры адной з вясковых дачок.
«Быў закаханы…» A ці ж яно — усё тое — зусімзусім прайшло?..
Вось жа i сёння я не той свой жах успомніў адразу, a ці не раней за яго — тую ўсмешку, хоць i не мне, праз дзверы, што зачыняліся з сярэдзіны.
Чаму ён, гэты ўспамін, які мне зрэдку пабліскваў калісьці ў маладзейшай памяці, цяпер паўтарыўся, нібы зусім не паблеклы ад часу?
Учора бачыў я хлопчыка на руцэ ў маладзенькай i маладосцю сваёй сімпатычнай мамы. Мы стаялі ў магазіне самаабслугоўвання, у чарзе да касы. У правай руцэ маладой гаспадынькі, што стаяла перада мною, быў металічны кошык з хлебам, маслам i пакетам малака, а на левай яна трымала малога. Яго чарнявая галоўка была, над маміным плячом, навернута тварыкам да мяне, а мама не азіралася, i твару яе я не бачыў. Толькі профіль мільгнуў разы два.
Малы, які пакуль што ведае, відаць, адно-два-тры першыя словы, так пільна прыглядаўся да мяне, i смех так міла хадзіў па ягоных губах i вачах, што я, ледзь не міжволі, падміргнуў яму. I ён, нарэшце, усміхнуўся. А мне прыгадалася раптам яшчэ падлеткам сустрэтае ў Лермантава: «Воздух чист и свеж, как поцелуй ребенка». I любоў да дзяцей, асабліва бацькоўская, непасрэдна найшчаслівейшая, быццам уся адразу, як сонечны, буйнакраплісты дождж на траву i лістоту, вярнулася да мяне.
Маладзенькая маці малога мне, вядома ж, не ўсміхнулася. Мне гэта ўчора як быццам i не патрэбна было. Зрэшты, твару яе я так i не ўбачыў, a ўсмешку хлопчыка, адрасаваную мне, не бачыла яна.
Затое праз усмешку, чыстую i свежую, як пацалунак дзіцёнка, — як ні дзіўна, а то i недарэчна, няскромна здасца каму-небудзь, — я зноў убачыў усмешку тое матулі, нашай вясковай суседачкі Зосі, убачыў амаль па-юнацку хвалююча, сёння здаецца — усё-такі чыста.
1983
СУМЛЕННІЦА
Новая хата, у якой мы часова жывём, чыстая i абстаўлена, як i ў многіх у гэтым пасёлку, «па-гарадскому»: з сервантам, канапай, тэлевізарам. На вялікіх вокнах — крухмальная пругкасць i снегавая бель гардзінаў, за якімі высока чырванеюць вяргіні, а далей відаць зялёнае — грады, яблыні, лес.
Туды, па чабор, пайшлі мае жанчыны, жонка з малою ўнучкай. А я сяджу, нарэшце, за сталом. Як быццам пішацца, нешта жывое пачаў… I не пачуў, як хтосьці за сцяною ўвайшоў, двойчы легка рыпнуўшы дзвярыма, з двара на ганак, а з ганка ў кухню. Пачуў я ўжо толькі го лас адтуль, жаночы: