Выбрать главу

А потым узялі. I ён наважыў, i я ўжо згадзілася. Стаіць бедная ўся ў лахманах, i вошы з яе капаюць… Божачка ж мой, пакуль я яе ад той нечысці, ад той каросты адмыла, адмазала!.. А такое ж, мой родны, дзіцятка было! «Папка» ды «мамка»… Усё паможа табе. Сама ніколі нічога не возьме. Маруся…

Цётка змаўкае, як не ўсё сказаўшы. То нібы ледзь не заплакала, то зноў вось усміхаецца. I я пытаюся:

— А дзе ж яна цяпер?

— Дзе, кажаце, цяпер? Дзе усе. Мая ж не горшая за ўсіх — у Мінску. Медсястрою! У той бальніцы робіць, што адразу, як з аўтобуса. Грэх, мой родны, сказаць што на яе. У каго дык i роднае не такое. Калі дома, са мною была, дык i ў хаце ўсё, i ў агародзе, i ў калхоз, калі трэба, хадзіла. Прыеду цяперака да ix, дык не ведае, дзе мяне пасадзіць, чым мяне частаваць. Целавізяр гляджу, дык яна мне талерку нясе або чай, каб я ўжо не адрывалася. I дзеткі да мяне, i Лёня, i Жаначка, i сам яе чалавек вельмі добры. Валодзя. Слесарам ён. Самастаяцельны такі, спакойны, i чарцы не жадзён, як гэта сённячы другія. Хораша жывуць.

— Вас да сябе не клічуць?

— Каб раз! Але сама я не хачу. Чаго мне там, у той скварэшні іхняй, пад саменькім небам? Ці ў вочарадзі той таўчыся? Не ведаю, можа, калі i паеду. А то ж, пакуль яшчэ трохі здаровіцца, я сама сабе пані.

— А да ўнукаў не хочацца?

— Яны ж да мяне прыязджаюць. Гэта во ўжо цяпер, як выраслі, дык Жаначка недзе ў той Крым. Студэнтка ўжо яна, дык разам з усімі, у нейкі там саўхоз. Вінаград, будзем ірваць, ды ў моры хоць накупаюся. A Лёнік на афіцэра ж вучыцца, курсант. Ён — калі пусцяць. Аж у Сібіры недзе. А як малыя былі, дык жа кожнае лецечка ў бабы. I поле тут, i лес, i па траўцы, i малако. Дый у вёску ж недалёка, i да Немана…

— А Маруся з Валодзем?

— Бываюць. Бываюць…

Памаўчала сумленніца. А тады:

— Маглі б i часцей прыязджаць. Не толькі ўлетку або раз ці два зімой. Але ж яно, мой родны, кожнаму сваё, свой клопат… Ну, я такі пайшла. Не шніце, дык я й сама. Напляла тут табе кашалёў. Бывайце здаровенькі!

1983

ЧЫТАЮЧЫ…

У жыцці — то звычайныя будні, то нейкае свята. Будняў непараўнана больш. Чалавек бывае то ў будзённым, рабочым адзенні, то зрэдку ў святочным.

Што да салдатаў, дык яны бываюць святочнымі не ў вайну. І толькі наіўна-недаросламу або даросла-недалёкаму чалавеку салдацкі шык можа здавацца выглядам заўсёдным, абавязковым. Непарадный будні вайны непрыгожыя, рэчаіснасць вайны агідна-жахлівая.

Тую вайну, што канчалася ў маім маленстве, першую сусветную, я ўяўляю па расказах і апісаннях.

Расказаў былых удзельнікаў паслухаўся я раней, чым начытацца апісанняў той вайны, мастацкіх і немастацкіх, раней, чым убачыць адлюстраванне яе ў фатаграфіях і малюнках, у дакументальным і мастацкім кіно.

З апісанняў, найпазнейшых па часе іх прачытання і наймацнейшых па нявыяўленым, падтэкставым, і выяўленым, адкрыта значным змесце кнігі двух, у ідэйным сэнсе полюсна супрацьлеглых, аўтараў. Поршы — Эрых фон Людэндорф, славуты генерал, што быў адной з наймацнейшых апораў кайзера Вільгельма, а потым яшчэ і падпоркай дэбютанта Гітлера. Другі — Яўген Віктаравіч Тарле, савецкі вучоны сусветнай вядомасці, гісторык і публіцыст з глыбокай эрудыцыяй і бліскучым літаратурным стылем. У першага аўтара — «Мои воспоминания о войне 1914–1918 гг.», у другога — «Европа в эпоху империализма. 1871–1919».

Фотасведчанні, зноў жа апошнія па часе майго з імі знаёмства, — у тагачасных часопісах, розныя па сваёй свядомай ці больш несвядомай адноснай аб'ектыўнасці. На пажаўцелых старонках — будні рускіх і саюзных салдатаў: французскіх, англійскіх, амерыканскіх, а таксама, хоць і ў меншай колькасці, салдатаў варожых: нямецкіх, аўстра-венгерскіх, турэцкіх. Тыя, каго прымушалі забіваць адны адных масава і адзін аднаго паасобку, чорнарабочыя вайны, людзі працоўных нізоў, раней ці пазней узятыя на вайну, усюды і ўсе, нягледзячы на намаганні фотакарэспандэнтаў прыгладзіць, упрыгожыць іх ненатуральны побыт, усюды і ўсе яны, дзеці розных народаў, выглядаюць па сваіх пазіцыях зусім непарадна, будзёпна, а ўсё ж не на ўсю сілу праўдзівасці рэальна.