У Людэндорфа яшчэ і такое: «за ўхіленне ад работ» прывязвалі да дрэў, ці так сабе, ці ўніз галавою.
…Кайзер Вільгельм і цар Мікалай называлі адзін аднаго братам, зусім па-сямейнаму падпісваліся ў пісьмах «Віллі» і «Нікі». Якімі ж нікчэмнасцямі аказаліся гэтыя «браты», калі іх турнулі з вышак!.. Тарле, грунтуючыся на сведчаннях відавочцаў і дакументах, расказвае пра смярдзюча-баязлівыя ўцёкі ў Галандыю надзьмутага жэстыкулятара «Віллі», які пасля апраўдваўся кнігаю мемуараў — «непатрэбнай і нуднай, ілжывай ад першага да апошняга радка». А пра «Нікі» дастаткова пераканальна сведчыць ён сам, у сваім екацерынбургскім штодзённіку: «Адстаяў абедню… калоў дровы… у Петраградзе яшчэ ўсё непарадкі…»
Як гэта смачна — пасмяяцца з таго, хто ўчора быў богам, а сёння значыцца звычайнай шэрасцю ці нават поганню! І як гэта дрэнна, шкодна, што людзі смяюцца з гэтага потым і так, як быццам яны, хто смяецца, тут ні пры чым, што для іх усё роўна, — што было і што ёсць, і што будзе!..
…Дарэчы, — заўвага праз шэсць гадоў,— кнігу Людэндорфа (вялікафарматны таміна выдання дваццатых гадоў) прыслаў мне, «толькі прачытаць», Павел Нілін, з якім мы нямала пахадзілі ў гутарках па летнім юрмальскім узбярэжжы. Я адаслаў яе, з цікавасцю і карысцю прачытаўшы на подступах да аповесці «Золак, убачаны здалёк». А потым, калі ўжо Ніліна не стала, яго блізкія прыслалі мне гэтую кнігу на добры ўспамін пра Паўла Піліпавіча, выдатнага пісьменніка і душэўнага рускага чалавека.
У дакументальным тэлефільме «Формула гуманізму» Нілін выступіў публічна ці не апошні раз у жыцці, ужо безнадзейна хворы. Па-свойму проста, з усмешкай болю і мудрасці гаварыў ён пра тое, што і адыходзіць у нябыт не хочацца, і вельмі цяжка думаць пра тое, што не вядома, ці будзе пасля цябе «младая жизнь играть у гробового входа», ці дадуць ёй арганізатары новай вайны… Дэманстраваўся тэлефільм напрадвесні восемдзесят трэцяга, запісвалі Паўла Піліпавіча амаль на два гады раней. І ціхі голас яго, і жывая, мілая ўсмешка прыйшлі да нас, хто яго ведаў і ведае, ужо здалёк — з нейкім журботна-ўзвышаным дакрананнем да вечнасці…
1977; 1983
ДЫРЭКТАРКА
У кожнай вёсцы, у кожным куточку нашай зямлі, дзе ты быў ці не быў, возьме ды зноў, яшчэ i яшчэ раз вырасце падобнае да іншых i да нікога не падобнае дзяўчо.
Ірынка вырасла ў сваім Доўгім Сяле, там i школу закончыла, i не паехала адтуль нікуды. Старшыня калгаса ўгаварыў яе стаць дырэістаркай іхняга дома адпачынку, пабудаванага на раздольным узлессі над ПІчарай.
Смяяліся ca старшыні яго калегі, што фантазёр ён з гэтай сваёй «Шчарынкай», i нерэнтабельнай, i непатрэбнай, а ён спакойна, з прыязнай усмешкай адказваў, што кожны з яго калгаснікаў, які там заслужана адпачыў два тыдні, можа спакойна назначацца хоць нампалітам палка. I растлумачваў: «Па садыяльнай i палітычнай свядомасці». Сам ён з вайны вярнуўся капітанам з двума ордэнамі i трыма раненнямі, з роднай Віцебшчыны быў пасланы сюды, у адзін з заходніх раёнаў, на партыйную работу. На старшыню калгаса прыйшоў з райкома, дзе працаваў другім сакратаром. Знячэўку гэта атрымалася. Кал гас быў слабенькі, i, калі ён, сакратар, прывёз сюды выбіраць чарговага старшыню, людзі пажартавалі: «Нам каб, таварыш, такога, як вы!» — «А што вы думаеце — i пайду!» Яго адпусцілі, бо гэта было ў той час, калі на дапамогу сельскай гаспадарцы ішлі «трыццацітысячнікі». Пакуль да той «Шчарынкі», папрацаваць давялося многа, i людзі ад жарту «нам каб такога» дайшлі спакваля да пашаны, якое гэты, яшчэ раз новы, старшыня, та л ковы ў працы i прыемны ў абыходжанні, аказаўся вартым. Была яму пашана i ад кіраўніцтва. Сам сакратар абкома параіў мне паехаць з сям'ёй у «Шчарынку», назнаёміцца з тым калгасам i «са станоўчым, — як ён сказаў,— героем нашай сучаснасці».
«Шчарынка» нам спадабалася, на другое лета мы сагітавалі туды дзве пары сваіх сяброў, якіх на трэцяе лета агітаваць ужо не трэба было.
Улетку калгаснікам не да адпачынку, i туды прыязджалі бліжэйшыя i далейшыя гараджане. Інтэлігенцыя не ўся i не заўсёды бывае інтэлігентнай. Капрызы, гонар, неахайнасць, хамства, — калі не сам інтэлігент, дык жонка, дзеці, а то i ўсёю сям'ёй.
Дзяўчо-дырэктарка неяк прызналася мне:
— Калі ўжо што зусім-зусім не так, не вытрываць, дык я пайду сабе ў лес, там паплачу-паплачу, а потым зноў…
Я расказаў пра гэта старшыні, i ён сабраў адпачываючых на «невялічкі агульны сход». Спакойна, тактоўна, з гаспадарскай годнасцю ён папрасіў нас захоўваць парадак, паважаць персанал i дырэктара дома або, калі каму не даспадобы тут, «дык мы не будзем настойваць на тым, каб нам рабілі вялікую ласку…».