А то яшчэ раз было…
…Слухаць чужое, а думаць сваё — гэта можна. А запісаць такое адразу, падвойным цягам, нельга. А думаў я так… ці, лепш — успомнілася мне, слухаючы, такое.
Малога мяне маці наслала ў суседнюю вёску да бабы, што памагае. Нашай карове стала нядобра. А мама сама пайсці не магла. І брат старэйшы некуды паехаў. Ці, можа, і трэба было, каб пайшоў не сталы хто, а малы, так сказаць, з поўным даверам. Гэта ўжо сёння я так думаю. А помніцца яно прыемна, з пажылым цеплаватым сумам, — тое маё хлапечае адчуванне важнасці такога даручэння. Што гэта дрэнна нашай Кухарцы, і што гэта мама паслала мяне. А яшчэ ж і навіна, нечаканасць такая — не па пашу іду, як штораніцы, не па іржышчы, не па траве, а па гладкай сцежцы ўзбоччам гасцінца, у іншую вёску, у людзі!..
Была ў мяне з Кухаркаю віна… Праўда, і кара ды пакаянне адразу яе былі. Першага красавіка трэба было ашукаць каго-небудзь, з самай раніцы, а дома была адна мама. Яна паліла ў печы, а я ўбег з двара ды з парога, як найбольш спалохана: «Кухарка паша павалілася каля хлява, раве!..» Мама — на двор. Кухарка стаіць сабе, жвайку жуе, на першае сонейка жмурыцца. Мама яшчэ на хаду расперазала фартух, давай мяне ў хаце махрамі шалёстаць. Крычаў я, што гэта звычай такі і што болей пе буду, але сваё атрымаў. Махры не толькі пякліся, асабліва калі па вушах, па руках, але і няўмольна сведчылі, што ты яшчэ ўсё малы і дурны, хоць і перайшоў ужо ў пяты клас і кніжкі ўсякія дарослыя чытаеш.
Кухарка, калі яна добра наесца, калі яе так папасеш, што і клубоў не відно, ужо здалёк, да брамы падыходзячы, стане і зараве. Маму кліча з даёнкай. А мама, калі яна дома і чуе, адгукаецца: «Іду ўжо, іду!..» Сырадой быў, вядома, смачны і сам па сабе. Калі ж яго не з конаўкі, а ў міску наліць, накрышыць туды чорствага хлеба або палажыць тварагу, дык гэта ўжо будзе — ну!.. Біць масла ў бойцы-стаўбуне — работа была нудная і найчасцей мая. Толькі смятана, што выступае з бойкі, добра ліжацца з пальца. Спачатку густая, потым усё радчэйшая і, нарэшце, з крупінкамі масла. І смачна, і перамога — збілася! Добрая луста хлеба са свежым кіславаценька-мяккім па смак, зверху пасоленым маслам, які-небудзь Рабінзон або Чычыкаў — дачытваць іх жуючы, — плата па месцы і такая шчодрая!..
І вось Кухарцы нашай нядобра…
Прыйшоў я да тое бабы, пра хату яе дапытаўшыся, а баба стаіць каля печы. Я павітаўся і расказаў, як мне было загадана, што да чаго. У печы гарыць, а баба, старая ўяео, босая, ногі чарнейшыя, чым у мяне, аберуч абаперлася па гаршчэшпііе, рожкамі ўніз, і глядзіць мне ў самыя вочы. І пакуль гаварыў, і калі ўжо кончыў. Відаць, таксама гіпноз. Глядзела, глядзела, а потым правай рукой пацягнула-зачэрпала з носа і ляпнула перад сабой, на няроўны, нямецены ток. Ледзь не пад ногі мне — цэлым курыным зліўкам.
— Добра, — сказала пасля такое кропкі.— Я солі дам. Паможа.
Ці памагло або як памагло — не памятаю. Бо толькі тым ляпам мой паход у памяці і канчаецца.
І другое.
Тады я ўжо быў дзецюком, калі да старэйшага брата зноў прычапілася рожа і мне прыйшлося везці яго да шаптухі, у іншую вёску.
Там ужо баба была не старая, даволі гладкая. Вёскі нашы амаль суседнія, можна сказаць, што ведалі ўсе пра ўсіх калі не ўсё, дык вельмі многа. На мужыку сваім яна ездзіла, казалі, уссеўшы адразу пасля вяселля. У вочы яму, як быццам і не злуючы: «Усё ж сяло, усенечкія людзі ведаюць, што ты дурны!..» А то і пры некім: «Усё ж сяло пра яго…» А ў чалавека толькі і граху, што рахманы, маўчун. І работнік на ўсё, пры пані сваёй — і на бабскае. Натура ў бабы — не жыве, а толькі прыглядаецца, тапырыцца, чакаючы нападу немаведама ад каго, ад чаго, абараняецца, забягаючы без прычыны ды без патрэбы наперад.