Выбрать главу

Згадалася маленькая, асобная палата ў далёкім чар паморскім санаторыі, скручаны радыкулітам… зноў жа друг, даўні, надзейны, нашмат старэйшы за мяне.

Два месяцы перад гэтым ён аўдавеў, цяжка, замкнута перажываў сваю адзіноту, і мы, бліжэйшыя сябры, угаварылі яго паехаць са мной. Бо і яму палячыцца таксама трэба было, хоць ён пра гэта спачатку і гаварыць не даваўся. Восем год панскай турмы, уся вайна ў пяхоце, разведчыкам, жонка доўга хварэла, самому ўжо зусім пад семдзесят, а ён: «Клін клінам трэба выбіваць». Пакупаўся халодным ранкам (хай сабе поўдзень, але ж канец кастрычніка), і аблажыў яго востры радыкуліт.

Санаторныя медсёстры — таксама ў белым, як і бальнічныя, аднак на курорце людзі менш лечацца, больш адпачываюць, да таго ж яшчэ не заўсёды па ўзросту молада. І сёстры гэтыя не вельмі ўмеюць і не надта любяць даглядаць таго, каму раптам заняможацца па-сапраўднаму. Мой друг быў чалавек вясёлы, любіў прыязна жартаваць, знаёміцца, пра гэта ўжо ведаў і медперсанал. А як скруціла яго, дык толькі сёй-той са знаёмых заходзіў, асабліва калі непагодлівы дзень. Сёстры мяняліся, аднак іх клопат пра хворага быў аднолькава лёгка-казённы, яны ўсё больш з паперкамі ды ледзь не з пазяханнем каля тэлефона. Разоў колькі заходзіў доктар, таксама па-дзяжурнаму канстатаваў наяўнае, пра сёе-тое пытаўся, сяк-так абнадзейваў. А чалавек ляжаў ды курчыўся ў старым спартыўным касцюме, ноччу адзін у сваёй адзіночцы, а перад усімі, хто заходзіў, паказваючы свой аптымізм, штодня ўсё з меншым падабенствам.

Неяк уранні, калі я, як звычайна, пастукаўся да яго, з палаты пачулася жаночае: «Няможна. Трохі пачакайце». Чакаць прыйшлося даўгавата. Пасля адтуль выйшлі дзве ў белым. Адна, з пасудзінай і ахапкам бялізны, шмыганула па калідоры, другая спынілася перада мною. Павіталася з цёплым святлом спакою на прыемным абліччы, усёй паставай здалася мне чысценька белай.

— Вы з трыццаць пятай? Друг ваш цяжкі, але памаленьку ўсё будзе добра.

Пасля гэтых чыстых слоў пайшлі «нячыстыя», што зусім не здаліся такімі:

— Страўнік трэба было ачысціць. Столькі дзён… — Яна з дакорам пакруціла галавой. — Памыць яго трэба было, пасцель змяніць. Заходзьце.

З сябрам цуду, вядома, адразу не адбылося. Перада мною ён звычайна не лічыў патрэбным усміхацца, калі горка. А тут усміхнуўся сяк-так — чысты, у чыстай пасцелі — і скупа, але без натугі сказаў:

— Во чалавек… Прысядзь.

Можа, так яно і не вельмі тактоўна было, але праз тыдзень, калі мы ўжо збіраліся ад'язджаць, сябар, яшчэ ўсё лежачы, намогся, а я не змог не паслухаць, і — ад яго — прапанаваў ёй грошай… У вестыбюлі, сам-насам. Сказаць, што жанчына надта здзівілася, не скажу: відаць, такое бывала ўжо неаднойчы. Сказала, праўда, «навошта гэта?», а я сказаў, што ён вельмі прасіў не пакрыўдзіць яго, прыняць. «Што ж…» Яна ўзяла тыя ружовыя купюрынкі, палажыла ў кішэню халата, і мы пастаялі, пагаварылі.

Я не памыліўся — яна тут новая, не толькі ў гэтым корпусе, а наогул у санаторыі. Дагэтуль працавала ў анкалагічнай бальніцы, за дваццаць год наглядзелася ўсяго. Муж на адказнай рабоце, сын ужо кандыдат. А пра сябе: «Ну, як сказаць? Проста сваю работу я люблю».

На развітанне я працягнуў руку. Яна падала сваю — малую, цёплую і чыстую пасля ўсяго «нячыстага» і цяжкага, што ёй так часта, многа даводзілася і яшчэ давядзецца рабіць. Пацалаваўшы гэтую руку, я, каб схаваць шчаслівую збянтэжанасць, зманіў:

— І гэта па ягонай просьбе.

…Штосьці падобнае, трошкі падобнае я адчуваў і цяпер, седзячы перад «дзіва-жанчынай».

Калі яна пераставала шаптаць ды чараваць рукамі і пыталася: «Што, адчуваеце палёгку?» — я, затаіўшы ўсмешку як найглыбей, гаварыў: «Ага, адчуваю». Так паўтаралася разоў са тры. А потым мы з гэтай светлай дзівачкай ціха, прыязна рассталіся. Я і падзякаваў, сказаўшы, што гэта — за дабрату.

Нешта такое ж сказалася пасля і добраму хлопцу, гаспадару.

Я выйшаў у прыхожую, а з другога пакоя ў той, дзе засталася жанчына, быў запрошаны паступіш. Яшчэ адзін паважны таварыш, якога, дарэчы, раней не было. Наш агульны з гаспадаром знаёмы, ужо не толькі літаратар, але і вучоны, доктар ажно філасофскіх навук. З выгляду — дай бог кожнаму, але ж таксама з нейкай бядой ды з усмешкай, заўсёды ў яго поўнай веры ў бясхмарную бясконцасць, а цяпер — нібы крыху вінаватай, ці што, а больш дык такой, што і ён, разумеецца, трапіў сюды толькі з чыста прафесійнай цікаўнасці…

Успамінаю ўсё гэта, а маналог на лаўцы каля зялёнага плоціка яшчэ ўсё ідзе. І тэма тая самая — пра Чмута.