Выбрать главу

— …Сустрэў я раз яго, — расказвае таварыш весела, — гадоў са тры таму назад, дык ён гэта, браце, ледзьве ўжо хвост валачэ. «А дзе ж гіпноз? — пытаюся. — Што ж ты сам сябе не палечыш?..» Толькі рукою махнуў. Толькі пратэсу, ліха яму, бяры ды ідзі… Стой, браце, гэта ўжо мой аўтобус!

Маналог абарваўся. Расказчык амаль усхапіўся, узяў вядро, яшчэ ўсё моцна паціснуў маю руку, спешна падаўся да аўтобуса. Хоць ён толькі што спыніўся і як быццам адразу дваімі дзвярмі ўздыхнуў, адчыніўся з духаты ўсярэдзіне — па свежасць на дварэ. Пасажыры выходзяць, хто назусім, а хто праветрыцца ды размяцца. Новых сабралася няшмат. Нам яшчэ можна было б і пастаяць, бо і аўтобус жа пастаіць. Аднак таварыш ведае, што і пра месца трэба загадзя… Сеў ды махае мне рукой. І па развітанне, і каб я ўжо ішоў сабе, на лавачку, чакаць свайго.

Ну што ж, бывай! Мо і сустрэнемся яшчэ. Без пратэзаў, на самагіпнозе, не стогнучы.

1983

МАНАРХІ І КУДЛАЧ

На іншыя кантыненты мне дагэтуль не пашанцавала, а з афрыканскага i азіяцкага двух манархаў меў гонар бачыць.

Абісінскага негуса — выпадкова. У Ленінградзе. З сябрам, які праводзіў мяне, мы ехалі на таксі ў аэрапорт, спяшаліся, аднак нас затрымалі. Пакінуўшы таксі на бакавой вуліцы, мы — хочаш не хочаш — далучыліся да тых, што павінны былі вітаць высокага госця.

Ці гэта праспект быў залішне шырокі, ці людзей прыйшло малавата, але — помніцца — аблямоўка асфальту выглядала з абодвух бакоў даволі вузкай, нават вузенькай.

Тым не менш, яго вялікасць, нярослы, чорненькі барадачок, стаяў у чорнай адкрытай машыне з усёй адпаведнай важнасцю, руку трымаючы пад казырок вайсковай шапкі з чырвоным аколышам.

Пакуль я бачыў яго анфас, пасля, адпаведна руху машыны, у профіль, паспела згадацца даўняе, з трыцаць пятага года. Як гэтае слова, «негус», упершыню тады пачутае, спалучалася з іншымі, таксама экзатычнымі: Эрытрэя, Адыграт, Адыс-Абеба і, як вянец усяму, Абісінія. Бедная Абісінія, першая ахвяра фашызму, першы намёк пра набліжэнне сусветнай бяды. Аднак i гэтая краіна, i сама вайна, як вайна для ўсіх, здаваліся тады вельмі i вельмі далёкімі ад нас…

Калі машына з негусам мінула нас, яго нярослая вялікасць ззаду ўбачылася мне… толькі шапкай. Вялікай шапкай з нейчай галавы, як у меншага брата, якому яе прыйшлося даношваць. Яна трымалася на вушах. Так i змалеў ён, імператар, на вачах, зацёрся ў перспективе — толькі вушы i завялікая шапка…

Іранскага шаха бачыў я дома, у Мінску. І, як ні дзіўна, аніяк не магу прыгадаць ні праезду гэтай вялікасці, ні выгляду яго, хоць i стаяў я вельмі зручна, на самым краёчку панелі. Усё для мяне абарвалася ў памяці на адным непрадбачаным, незвычайным здарэнні.

Праспект наш, відаць, не вузейшы за той, ленінградскі. Шырокай паласой ён віднеўся далёка ў абодва канцы, — туды, адкуль мы чакалі высокага госця, i туды, дзе ён знікне, куды яго гасцінна павязуць. Мусіць, таму, што мы ўсё-такі правінцыя i манархі з іншых краін нас абмінаюць, на тую сустрэчу народу сабралася процьма. Панелі былі забіты людзьмі, балконы, вокны, нават дахі — у людзях, усюды яны, як быццам ix i сапраўды чакае нейкая радасць.

Яна прыйшла. Раней за высокага госця.

Яшчэ брынела нячутна, у многіх сотнях душ, струной нацягнутая напружанасць чакання. Шырокі i даўжэзны, чысценькі ў летнім сонцы асфальт гатовы быў вось-вось прыняць i гладзенька панесці многія колы ўрачыстага картэжа… Але адтуль, адкуль чакаўся госць, паказаўся i стаў набліжацца да месца, дзе я стаяў, здаравенны рыжы кудлач, аблавухі, крывавата разлапісты, наланцужны гаўкала, прасцецкі рабачай. Адкуль узяўся? Дзе, з чаго сарваўся?.. З бакоў i зверху, ззаду i спераду яго падганяў тысячагалосы крык, смех i свіст, — уся напружанасць чакання вылілася на яго. I не было куды падзецца. Бедны дварняга лупіў наперад, як сіла мага, a натоўп, умомант стаўшы адным, агромністым, бяздумным блазнам, галёкаў i рагатаў!..

Ды тут якраз недзе далека там, адкуль Кудлач той вырваўся, паказаўся пачатак урачыстага картэжа. А перад Кудлачом, адрэзаўшы громам бліскучай медзі дарогу далей, грымнуў маршам ваенны аркестр… Сабака рэзка тармазнуў, як перад прорвай, ушчэнт спалохана-разгубленанявінна сеў i моўчкі, мудра апрастаўся. На самым чыстым урачыстым месцы.

І толькі гэта мне апалітычна помніцца праз гром i рогат.

1984

ВЕЧАР І РАНІЦА

Канец кастрычніка, цямнее рана. А тут яшчэ абапал лес.

Ад машын, што спыніліся на асфальце, мы моўчкі рушылі па вузкай, каменнай дарозе ў чорны, затоена глухі гушчар, яшчэ не бязлісты, да самага нізкахмарнага неба высокі.