Цяпер яны, а разам з імі многія тысячы іншых, з розных краін, аселі тут, пад гэтым, на крыві ўзбуялым сабіборскім лесам, цераз нялюдскія пакуты сталі попелам i зямлёй безымяннай i міжнароднай памяццю.
…У дзяцей бясконцыя «чаму?», a ў старых — ус паміны, асацыяцыі. У малых гэта бывае часамі надакучлівым, аднак часцей пацешным, a ў нас — трэба баяцца, каб не было проста нудным i смешна лішнім. Бывае i адчуванне, што ўспаміны твае добра такі надакучылі i самому. Але ж нічога не зробіш, — іншых у цябе няма, a толькі тыя, што з перажытага, i лезуць яны, паўтараюцца — самі…
Назаўтра пасля ляснога вечара, раненька на праходку мы выйшлі з хэлмскага гатэля ўдвух з польскім калегам, вядомым пісьменнікам.
Сонца ўзышло нам на гары, у векавым прыкасцельным парку, з якога, праз рэдкія дрэвы, відаць амаль увесь горад. Пад нагамі хораша шамацела нам золата лістоты, яшчэ не звялай, не прытаптанай дажджамі. Гаварылася добра, пра блізкае, з адным агульным клопатам нашага часу, з адной трывогай i надзеяй…
Мы бачымся з Войцехам рэдка, пішам адзін аднаму вельмі мала, але даўно ўжо чытаем адзін адна го. Я яго нават перакладаў, а ён i пра маю асабіста кнігу, i пра нашу «Я з вогненнай вёскі…» у польскім выданні пісаў з належным разуменнем. А яшчэ мы з ім равеснікі, абодва салдаты трагічнага верасня трыццаць дзевятага года. Праўда, на год старэйшы, з адукацыяй, ён тады быў афіцэрам, пан падпаручнік Жукроўскі,— вялікі бар'ер паміж намі, якога даўно ўжо няма.
Цяпер тое, што мы гаворым пра Хэлм, перад вайною от сабе гарадок, якому суджана было ўлетку сорак чацвёртага стаць першым вызваленым польскім горадам, першай часовай сталіцай Народнай Поль шчы, цераз іншае штосьці, неабавязкова гістарычнае, у мяне ўвесь час прабіваецца толькі сваё…
Чырвонацагляныя, яшчэ з царскага часу, казармы, знешне нават прыгожыя, a ўсярэдзіне прасмярдзелыя дапатопнай санітарыяй. Жорсткая муштра, не ведаю, ці горшая, чым у якім-небудзь іншым войску, але ж так часта агідлая сваёй тупой аднастайнасцю, бруднакрыклівым прыгнётам маладой душы. Свае, толькі свае скупыя часіны, — уранні, да пабудкі, калі праз акно трэцяга паверха добра было вітаць вясковым роз думам усход сонца, увечары ці нават удзень, калі здаралася нейкая шчыліна свабоды i можна было ў закутку паміж ложкамі дарвацца да свайго галоўнага — што-небудзь пачытаць. У святы або на пасту «службовага», днявальнага па роце, ноччу той адзінокай свабоды выпадала зрэдку значна больш. У былой казарменнай царкве, ператворанай у «святліцу», была бібліятэка, без каталога, толькі з паненкай загадчыцай, недавучанай гімназісткай, якая міла-ветліва дазваляла браць усё, што знойдзеш сам.
У той бібліятэцы я ўпершыню сустрэўся з «Прыгодамі Швейка», старонкі якога вельмі адпаведна накладваліся i на нашу штодзенную салдацкую рэчаіснасць, там пачаў Рэймантавых «Мужыкоў», знайшоўшы толькі першы том, не кончыў Прусаву «Ляльку», бо i тут не хапіла другога тома, перачытваў па-польску Чэхава, Мапасана, браў на зуб іншыя выпадковыя кнігі, скажам, сухавата-патрыятычныя апавяданні Струга, не надта вальнадумную «Гісторыю Хрыста» італьянца Папіні, сёе-тое іншых аўтараў, менш цікавых ды значных. I не запомніў бы ix, каб не блакнот, каб не прывычка, — ужо прывычка на дваццаць другім годзе працоўнага сялянскага жыцця — запісваць тое, што ўпотай, шчасліва здавалася патрэбным, рабілася пра запас i з пэўнай рызыкай.
Гэты блакнот пранёс я i цераз палон, што было яшчэ больш рызыкоўна.
Вось адзін з тых салдацкіх запісаў, зробленых «службовым» кулямётнай роты на начным дзяжурстве:
«Чытаю, пішу, а на дварэ світае. Сям-там спознены туман, месяц — „кусок ртути“, арошаная зеляніна, мокрыя кветкі на спакойных яблынях. Чырыкаюць вераб'і, каркаюць вароны, кахкаюць галкі. Усё пацягнута лёгкай фіранкай сіняватай імглы… Душа мая поўная міру, любові, паэзіі. Успамінаецца раніца героя „Чатырох дзён“: „Серый полумрак поднимался з земли…“ Не, ні яму, ні мне „не да твару“ быць сторажам карабінаў i кулямётаў, гэтых страшэнных носьбітаў смерці, што цярпліва дрэмлюць у чахлах, сытыя, выцацканыя стараннымі рукамі „вольных i нявольных“…»
Зачараванасць літаратурай i юначы пацыфізм.
«Кусок ртути» — з «Карэнінай». «Чатырма днямі» Гаршына я быў у апошні год перад войскам не проста зачараваиы, я пераклаў ix i спадзяваўся выдаць. Не памятаю ўжо дакладна — асобна выдаць ці ў зборніку першых апавяданняў, які таксама не быў выдадзены. Атрымаўшы павестку, я паспеў за тыя лічаныя дні дома толькі ўсё сваё перапісаць i выслаць у Вільню, мяркуемаму выдаўцу.