Аднак чытанне вершаў помніцца больш на траве каля царквы або далей за горадам, куды мы святамі ўцякалі,— майстэрства, якому я паспяхова вучыўся таксама ад украінцаў, салдатаў «старых», на другім годзе службы. Апанас чытаў з памяці i сваё, але здавалася, што з яшчэ большай ахвотай Шаўчэнку, лірыку i «Каўказ», што мне амаль заўсёды ўспамі наецца, абы калі зноў дакрануўся душой да вогненна-мужных слоў гэтай паэмы. Прыгожы парубак з зялёным аколышам артылерыйскай канфедэраткі стаіць у траве на каленях, дэкламуе натхнёна, а мы сядзім або ляжым у зусім не салдацкай задуме…
На тых сустрэчах, у санчасці i ў горадзе або за ім, мяне часамі ўпотай, зайздросна расчульвала простая, непасрэдная шчырасць гэтых вясёлых, дасціпных хлопцаў. «Што, браты ўкраінцы, заспіваемо?» I такое — зусім сур'ёзна, можна сказаць, урачыста. Нямала песень я тады пачуў, запісаў у тым жа блакноце, засвоіў на светлы ўспамін ды зноў i зноў свежы паўтор на адзіноце i ў сябрыне.
У Гдыні ў нашай часці ўкраінцаў чамусьці не было, i іменна з Хэлма, кажучы трохі ўзнёсла, мне ўдзячна ўспамінаецца пачатак майго збліжэння з першым! прадстаўнікамі братняга народа, паэтычнымі дружбакамі з Хэлмшчыны, Валыні, украінскага Палесся.
I ў нашым, i ў артылерыйскім палках найбольш было салдат-палякаў. З Гдыні, у складзе часткі нашага батальёна, у Хэлм прыехалі нядаўнія партовыя рабочыя, марскія рыбакі кашубы, сілезскія шахцёры, сялянскія дзецюкі з келецкіх або мазурскіх вёсак. A ў Хэлме служылі хлопцы пераважна вясковыя, з бліжэйшага i не надта далёкага наваколля. Сярод нас, беларусаў, нямала было такіх, што закончылі… так i карціць сказаць: цэлую сямігодку, быў нават адзін нядаўні віленскі беларускі гімназіст. I вельмі здзівіла мяне, што сярод палякаў, i вясковых i гарадскіх, многія хлопцы былі зусім непісьменнымі. Не на «крэсах» — не ў беднай, цёмнай «Польшчы Б.», а тут, па-тагачаснаму — у самым цэнтры дзяржавы, што ганарыцца сваёй заходняй культурай.
Дзяцюк з прастадушна-жаночым прозвішчам Манька, нават i з выгляду, а тым больш па голасу падобны на нейкую жаласлівую цётку, дыктуе мне, прысеўшы побач да стала: «Дрога мамусю! Лепейбым я цэглэн на будове носіл, ніж я се тутай, у тым войску…» Сам гарадскі, а жаль традыцыйна сялянскі, знаёмы мне па пісьмах з войска ў нашу вёску. Скажам, такое, што весела паўтаралася потым, стаўшы амаль крылатым: «Лепш бы вы, мамо, мяне малога ў начовачках утапілі, чым тут мне гэтая вальтыжэрка…» Я ўсміхаюся i пішу. Аднаму, другому, трэцяму… Бывала, i пятаму ўзапар. I не ўсміхаюся ўжо, a часамі ледзь не злуюся, але пішу. Добрыя хлопцы былі. I бедныя. Як гаварылася: «На ўсю вёску адны боты, дый тыя ў пана солтыса, адна карова, дый тая ў ксяндза-прабошча». Меркаваць пра беднасць можна бьшо па пасылках з дому, якімі мы часцей за ўсё дзяліліся. Не сала якое ці масла ў Янэка або Стася, як у нашых Пятра або Паўла, a пірог з пшоннай кашай, халоднай i даўкай, не раўнуючы як мыла. Былі i багацейшыя. Нават адзін ледзь не пан, інтэлігент — шафёр-механік з Катавіцаў. Тоўсты прыйшоў, непаваротлівы, a паганялі, дык гаварылася: «Ён цяпер бэбах свой можа так адцягнуць, што скурай аперажацца». Добры быў хлопец, нават сардэчны, што я паспеў адчуць яшчэ ў Гдыні. Калі ён тут, у Хэлме, трохі падмуляўся, цягаючы станкач, i лёг у «ізбу хорых», яго ахвотна наведвалі. Аднойчы нават з ротнай «капэляй», з аркестрам прыйшлі. Нярослы, прыгожы з твару дзецючок з падлюблінскай вёскі вельмі ахвотна, хораша, з усмешкай шчасця рэпіў на скрыпцы, прынесенай з дому, а здаравенны гдыньскі грузчык з-за адсутнасці іншага інструменту здорава i таксама нястомна дапамагаў яму на грабяньцы, цераз паперыну. Прадстаўніком ад дэлегацыі я падняўся на другі паверх, у палату, i мы з нашым абвялым таўсцюхом з акна прывітальна памахвалі рукамі, як магнаты, i смяяліся, цяпер мне хочацца думаць, што ён — расчулена.
Наш «дружыновы», камандзір аддзялення, якому належылася быць неприступна строгім i якімі былі яго калегі, іншыя «фрайтры» ды капралі, i не крычаў без патрэбы, i не лаяўся брыдка, i ўсміхаўся палюдску, i любіў, нядаўні маёнткавы сыравар, каб я прыносіў яму з бібліятэкі штосьці цікавае, добрае пачытаць. Яшчэ больш людскага разумення было ў мяне з лодзінскім ткачом, «старым» салдатам з суседняй, стралковай роты. З выгляду франтаваты, Уладак быў шчыры, даволі светлы хлапчына, з ім было можна пра многае гаварыць. Не памятаю ўжо, як я з ім пазнаёміўся, як пазнаёміў яго з Сенем, важна галоўнае — мы i ўтрох сябравалі. Пра гэта сведчыць i фота, на якім я ў ix пасярэдзіне, а на адвароце два аўтографы, на польскай i ўкраінскай мовах — беларусу. Як сабе хочаце, але сімвал i памяць, такая ўжо доўгая, яшчэ ўсё светлая, хоць ix абодвух, можа, i няма, нядаўна ці даўно…