I губы старога задрыжэлі.
— Ну, пайду я, — заварушыўся ён неўзабаве. — Дзякуй табе, голубе, дзякуй. Малачка цёплага на старыя кішкі — ніколі я не спадзяваўся…
— Ат, што вы, дзеду, што вы, — праводжу я старога з хаты.
I мне зноў добра. Мне няёмка нават i думаць пра тое, што я зрабіў чалавеку. Мне проста добра — i ўсё.
1936–1937
ЯК НЕ ТАЯ
1
Дзед з бабай, як у той казцы, жылі ў старэнькай хатцы на курынай лапцы.
Стаяла хятка «без портак»: ніякіх, значыцца, за ёю прыбудовак не было, апроч плеценых, над колас крытых сенцаў, дзе стаяла Красуля i парасяты. Парослая куп'ём зялёнага моху, страха насунулася на аконцы, што паўпадалі, як выплаканыя вочы. Было ix тры: адно большае, ад вуліцы, а два ад падворку — малое i яшчэ меншае «проціўпечнае», толькі як цёрла паставіць. Паўпадалі аконцы даўно, нешта хутка пасля таго, як загінуў на вайне адзіны ў старых сынок Алісей. Дзед абабіў ix тады па шалёўках дошкамі, i ад вуліцы хатка стала падобнай да бабкі, калі яна падапрэ шчокі i тужыць.
На зіму абложаць хату бульбянікам, i стане ў ёй цёмна, як у яме. Пядзя ўздоўж, корх упоперак, i да столi рукой дастанеш. Кухні няма, i седала, i едала разам. З сяней, ад каровы i парасят, дыхціць, i з падпечка таксам а, бо курэй у бабкі — няма што грашыць.
Але старым i ў гэтай добра: сякая-такая ды свая, свой прытулак на старасць. Печ яшчэ добра грэла, быў ложак, палок. На покуці стол, а над сталом ад акна да акна — багоў штук з восем. На вокнах альвас у чаронках. Кот з кошкай. Скарынкі за старымі паядалi.
А ёсць жа хаты ў людзей! Хаця б вось у Змітрука, суседа насупраць. Нямецкі вугал, тры акны ад вуліцы, чатыры ад надворку. Авокны ж, вокны! — карову увёў бы. Ганачак пад бляхай i цымантовая, папярэшчаная скалачкамі i чарапкамі падмуроўка… Ды шмат у каго хаты хлёсткія ёсць — ну, у адных лепшыя, у іншых горшыя — але такое, як у дзеда з бабай, няма ні ў каго.
2
Куды, кажа, воўча, бяжыш? Па сірочае!
Трэба ж яшчэ было, каб стаўся зімой пажар.
Змітручыха сала пякла на прыпеку, i ўзялася ў коміне сажа. Выбегла сама, дзеці, Змітрук з гумна прыбег — давай тушыць. А гвалту не падымаюць — сораму баяцца, бо не раз ужо загаралася ў іхнім коміне, не раз лаялі нядбаліцаў. А вецер тады — як на злосць, i страха не на жарты ўзялася. Тады ўжо сталі крычаць i званіць у рэйку. Эх, бягуць людзі! I давай, хто ваду насіць, хто заліваць, хто суседнюю страху здзіраць, хто галасіць, хто набытак выносіць i выганяць з хлявоў жывёлу.
Вецер ірваў уздоўж вёскі, прэч ад хаткі старых, i яна не ўзялася. Бабка, як толькі ўбачыла вялікі агонь, зняла з покуцця багародзіцу i выбегла з ёй на загуменне.
— Заступніца… прасвятая багародзіца… адвярні вецер у чыстаполіцу… пашкадуй людцаў! — малілася яна, трымаючы ікону тварам да агню.
Агонь жа, як шалёны, ірваў, шумеў, трашчаў, а над ім чорнай хмарай клубіўся, валокся над вёскай дым. На загуменні раўлі на снезе каровы, гайсалі i храплі на агонь апуджаныя коні, скавыталі, нагорбіўшыся, пацэплыя свінні, бэкалі авечкі, i, б'ючы ў крыллі, насіліся над дымам галубы. Цераз палі, з усіх бакоў, беглі людзі, гразнучы ў глыбокім снезе. Дарогай імчаліся з мястэчка пажарнікі.
А бабка ўсё малілася за хатку, зарок давала ўсім святым, што прыме ў яе пагарэлых — колькі ўлезе, хай толькі яна не згарыць. А дзед працаваў як мог. Адразу, як толькі ўзялася Змітрукова страха, ён выгнаў на гарод Красулю i парасяты, вынес з бабамі бабчын купар, кубелец з мукой, стол, ложак, дзяжу, багоў… А тады залез на страху з вядром вады i трыма мокрымі дзяругамі, разаслаў ix ад агню i сядзеў, пакуль агонь перакінула далей. Тады ўжо людзям пабег памагаць.
Спынілі агонь ажно на дзесятым двары. Спачатку хлопцы, як вароны, населі на Піліпаў будынак, сарвалі страху, бусакамі звярнулі верх, кроквы i латы, адарвалі ад хаты гаручыя сені з каморкай, расцягнулі i залілі. Ведама, сіла! Стаялі два насосы ля студні, адны ганялі ваду, a іншыя — i бабы, i дзеўкі, i дзеці — насілі яе: са студняў астаткі i з раўка на вуліды, бо ад агню растала i пацякло. Насілі хто чым: вёдрамі, цабрамі, саганамі, місамі… Пажарнік, насунуўшы шапку i наставіўшы каўнер, стаяў крокаў пяць ад агню i кіраваў вужам. Вада з шумам біла па гаручым бярвенні i злізвала полымя.
— Так яго, так, Мітрапан, — крычалі пажарнікі,— вось, вось хіба атата!..
I перамаглі-такі, утушылі.