Найгорш ёй надазоліла гэта вялікае ложка.
Пасля i Натолік з Аленай перайшлі ў сваю хату, а ложка ўсё стаяла, быццам аб ім зусім забыліся. I сказаць не скажаш, ды i не варта: колькі часу хораша пражылі, каб не пазлавацца. I цярпела.
Аднак прыйшоў i гэтаму канец. У жніўні ўжо, перад святам прыйшлі Аленіны дзеўкі i забралі ложка дахаты.
Адразу свет адчыніўся ў хатцы.
— Дзякуй богу міламу: ім свае, а нам свае, — усцешылася бабка, ды адразу за венік. Вымела чыста куток і, шчаміўшы дзясны з трыма апошнімі зубамі, прыцягнула сюды свой вялікі купар, на яго былое месца.
Сонейка глядзела ў хату, a ў сонейку варушыліся ўзнятыя венікам пылінкі. Села на купры шэрая кошачка, прыгрэлася на сонцы i задрамала.
Неўзабаве прыйшоў дахаты дзед, — ён Красулю пасвіў на повадзе, — азірнуўся па хатцы, расставіў рукі i засмяяўся:
— А ведаеш, Марта, як не тая хата зрабілася, дальбог!..
1937
ЦЮЦІК
1
Ён нарадзіўся ў лесе, у двары таго дзядзькі, што пільнуе лес. Спачатку нічога не бачыў i ніяк не называўся, — жыў сабе вобмацкам, ды ўсё. Было нешта вялікае, калматае, цёплае, у чым ён хаваўся разам ca сваім чорным казытлівым чмысікам; там жа была нейкая соска з крынічкай цёпленькага малака; а нешта вялікае, добрае грэла цюціка, абнюхвала i лізала, пяшчотна i многа. Было яшчэ нешта другое — маленькае, цёпленькае; яно тоўхалася з ім разам у пушыстай аўчыне i, заблудзіўшыся, дарма намагалася адабраць у яго соску з малаком i ўсё мармытала, усё пахныквала…
Пасля цюцік стаў бачыць i ўцяміў, што тое вялікае нешта з пушыстым цёплым кажухом i соскамі — гэта яго мама, калматая сука Муха, a цёпленькі мармытун — брат, такі самы шчанюк, як i ён. З ім разам цюцік ссаў матку, пасля хлябтаў малако з чарапка, гуляў на двары i ў будзе на саломе.
I ніколі яму на цямок не ўзышло, што з ім будзе далей.
Аднойчы маці недзе пабегла, а яны з братам сядзелі ў будцы i глядзелі на двор. Церушыў дождж, на будку капала з яліны, i не хацелася нават носа высаджваць на двор.
Цераз леснікову сядзібу, дарогай, ехалі фурманкі з дровамі. Дзядзькі спыняліся каля студні i паілі коней. Яны цмокалі на шчанят у будцы, гаварылі пра ix, але ніхто не чапаў.
А пасля дык едзе адзін толькі дзядзька на сівай, пацярушанай грэчкай, кабыле. Спыніўся каля студні, раскілзаў сваю здыхатую ды давай цягаць ёй ваду вагой у старое заплеснелае карыта. П'е Сіўка, а дзядзька падсвіствае ёй i глядзіць на шчанят. Пасля гэта — шлэп, шлэп у лапцях — падышоў да буды.
— І-і,— кажа, — якія харошанькія!
Усадзіў у буду руку i пагладзіў ix, прыгаворваючы: «Цюценькі, цюцькі…» За каршэнь выняў цюціка з буды, узяў на рукі, пагладзіў, пагаварыў, зноў палажыў, а сам пайшоў у хату.
З хаты выйшлі яны ўдвух з дзедам Арцёмам.
— Я ж кажу, чалавеча, — гаварыў дзед, — бяры хоць абодвух, балазе i сукі няма.
— Дзе там, дзеду, абодвух, — адказаў дзядзька, — будзе мне i з адным моташна. Баба ў мяне драпежная, сама ніяк не наесца.
— Эй, а што ж ты? Мужчына, я ж кажу, як той мядзведзь, а бабы баішся.
— Якое там, дзеду! Воўк сабакі не баіцца, але не хоча звягі слухаць.
— Я ж i кажу — часцей нос падціраў бы.
— A ўжо ж неяк там будзе.
— Дык у што ж ты яго возьмеш, чалавеча?
— Мяшэчак вось…
I дзядзька зняў з воза мокры мех з рэшткамі сена.
— Дзяржы ж т’каля. Я ж кажу — ядуць усё, як старыя, i ў роце чорна: злосныя.
Дзед выняў цюціка, расшчаміў яму зубы, паказваючы дзядзьку цюцікаў чорны рот, i апусціў шчанюка ў мех. Мех завязалі, i цюціку зрабілася цёмна. Дзядзька закурыў з дзедам з бараняга капшука, сунуў яму нейкую нуду на махорку, прывязаў мех на дровах i паехаў.
Была позняя, шэрая восень, гразка, i на звілістых лясных дарогах — глыбокія выбоі. Дровы моцна калывала i трасло, мех качаўся на паленах. Цюціка ў мяху кідала ўва ўсе бакі; у цемры ён тоўхаўся носам у бясконцае мокрае палатно i жаласна пахныкваў.
Лесам, лесам, пералескамі — i дзядзька выехаў на шырокі гасцінец. На глыбокім пяску перастала трасці. Цюцік супакоіўся, сагрэўся трошкі i заснуў.
2
Дахаты дзядзька прыехаў позна. Мокры, ацэплы, галодны. Распрог сваю Сіўку, упусціў яе ў хлеў, узяў на адну руку мокры хамут з шорамі, a ў другую — мяшок з цюцікам i пайшоў у хату. Там сабе лямпачка свеціць, цёпла, i дзеці яго, Міхась i Волька, гэтак радыя будуць пярэстаму цюціку!..
— Што гэта, дзеці? — усміхаецца дзядзька, прыўзняўшы руку з мяшком. — Можа, шышкі яловыя або шэранькі зайка? Не, гэта вось што!
I дзядзька вытрас цюціка на падлогу.