Выбрать главу

* * *

У мястэчка Кiндбэрг добра заяжджаць пад вечар, калi ад будынкаў застаюцца адно цьмяныя сылюэты, якія плывуць у цёплым празрыстым паветры, стагодзьдзямі тут анічога не мяняецца, часу проста няма, яму тут няма чым заняцца, хіба што паціху расьцярушваць мясцовую царкоўку, касьцёл і руіны сынагогі, помнік Леніну на галоўным пляцы ўжо таксама стаўся руінай, ён амаль не вытыркаецца, а сам правадыр, здаецца, ужо гатовы разам з усімі прадаваць бульбу на мясцовым кірмашы, вядома, яна памятае дарогу, спачатку гатэль, апартамэнты на дзьвюх асобаў, калi ласка.

Кампары зь iльдом, адзiнае што можна пiць у мястэчку Кiндбэрг, адзiнае, што ёсьць у бары, акрамя мясцовай гарэлкі і падазроных настоек «са смакам ківі», Ганна страшна доўга стаiць пад душам, быццам змываючы зь сябе дванаццаць год, Лiна расплюшчвае вочы i выходзiць, адчуць гэтае цела, як быццам упершыню ў жыцьцi, Мiхал глядзiць на яе, расслаблена, згубiўшы адчуваньне часу, глядзiць, як яна выходзiць з вады з мокрымi валасамi, глядзiць на лiнiю сьцёгнаў, на вусны i раптам разумее, што гэта Лiна, што немагчымае вяртаньне ў мiнулае адбылося i Лiна, дзяўчынка-медзьведзянятка, толькi з-пад дажджу, стаiць перад iм, аголеная, Алена, дарэчы, у Калiфорнii, хтосьцi мусiць заставацца, хтосьцi мусiць любiць гэтыя пагоркi, Мiхал адводзiць мокрыя кудзеркi валасоў, ягоныя рукi сасьлiзгваюць унiз, туды, дзе плечы, грудзi, i супакойваюцца на выгiне сьцёгнаў, супакойваюцца перад тым, як канчаткова патануць у шале, на рыпучым дабiтым ложку, у гатэлi-руiне прамiнулай iндустрыйнай эпохi, у адным з магчымых часоў гэтага прывiднага жыцьця ў няiснай краiне.

* * *

Ганна прачынаецца першая, паварочвае галаву, халодна ў гэтых правiнцыйных гатэлях, душ, крыху макiяжу, зрэшты, няма пра што шкадаваць, часам варта выпасьцi са звыклага рытму, Артур не зьвяртае ўвагi на такiя рэчы, ён не раўнуе да мiнулага, а гэта ўсё адбылося ў мiнулым, дванаццаць гадоў таму, пэўна, голас у тэлефоне ў трэцi раз паўтарае, што няма нiякiх сьняданкаў, нiхто тут i ня чуў пра сьняданкi ў гатэлi, рэстарацыя праз квартал пачынае працаваць а дванаццатай, дзiўнае адчуваньне пустаты, Міхал расплюшчвае вочы й глядзіць на эфэктную брунэтку, такую знаёмую й такую чужую, бізантыйскі профіль, які так падабаецца Артуру, глядзіць, як з кожнай сэкундай зьнікае Ліна, зрэшты, немагчыма заставацца медзьведзяняткам у трыццаць, калі цябе штохвілінна шліфуе час, пакідаючы адно гострыя сылюэты ў пяшчаных дзюнах, застаецца толькі застыць, нібы камень, спадзеючыся, што час выкрасьліць выпадковае, Міхал углядаецца і ўпершыню бачыць Ганну, што стаіць перад люстэркам, Ганну, якая ведае, што такое руіны, ведае, што такое выбіраць, адмаўляцца і плакаць, эфэктную брунэтку ў апошняй мадэлі Рэно, выстава ў Празе, халоднае жыцьцё ў няіснай краіне.

* * *

Так хораша й крыху трывожна, Кiндбэрг, мястэчка, адкуль выяжджаеш зранку, у поўным шчасьцi, можна крыху расслабiцца, спакойна маўчаць, забыцца, зноў гэтыя патрулi, Ганна спыняе машыну, вось даверанасьць i тэхпашпарт, калi ласка, адчуць трывожны пагляд Мiхала, ягоная нага вытуквае нейкi рытм, ён вiдавочна захваляваўся, а цяпер вашыя дакуманты, адкуль едзеце, адзiн застаецца каля машыны, другi iдзе нешта спраўдзiць па рацыi, так доўга, адчуць халодны спакой Мiхала, Ганна паварочвае галаву, ягоныя вочы, з шчасным i безнадзейным адчаем, варушэньне вуснаў у разьвiтальным пацалунку, што адбываецца, хрыплы голас у мiлiцэйскай рацыi, так, гэта ён, безнадзейна халодныя вочы Мiхала й цьмяная здагадка, учорашнiя паведамленьнi, жарт пра разборныя канструкцыi, апісаньне парушальніка, пакінуты на дарозе кошык для грыбоў, эфэктная брунэтка ў апошняй мадэлi Рэно. Адчуць непрамоўленае жаданьне Міхала, так, гэта магчыма, адпусьціць счапленьне, разгон за шэсьць сэкундаў, а потым згубіцца дзенебудзь сярод лесу, толькi трэба націснуць на газ, забыцца пра тое, што будзе потым, непрыемнасьцi ў Артура, яе выстава ў Празе, трэба толькi зрушыць, націснуць на гэтую халерную пэдаль. Дзіўнае цяпло разьліваецца па яе целе, салодкая амарока, ад якой няма паратунку, нага сама цягнецца да газу, яшчэ крыху, забыцца на ўсё, Ганна амаль што гатовая зрабіць гэта і раптам пранізьлівае разуменьне, што гэта не яна, а Ліна спрабуе цяпер націснуць на газ, што гэта Ліна была зь Міхалам у гатэлі, толькі Ліна можа і мае права на такія ўчынкі, толькі яна ня плоціць па рахунках, і Ганна нерухомее ў здранцьвеньні, апошняй помсьце, апошняй перамозе над наіўнай дзяўчынкай з забытае навэлы, якая так настойліва ўблытваецца ў ейнае жыцьцё, дзяўчынкай-медзьведзяняткам, маленькай балерынкай у атачэньні хіжых вачэй, што глядзяць зь цемры.