Выбрать главу

Хрыплы голас па рацыi, прафэсійныя рухi, выходзьце з машыны, пiсталет Макарава, болей ня раiм нiкога падбiраць на дарозе, шчасьлiва дабрацца да Мiнску, Ганна паварочвае галаву й адчайна глядзiць яму ў сьпiну, навошта кайданкi, словы захрасаюць у горле, напэўна, нейкая спазма, што вы чакаеце, шчасьлiва дабрацца да Мiнску.

З маленькага беларускага мястэчка Вілейка лепш за ўсё выяжджаць зранку, i Ганна нарэшце адпускае счапленьне й кранаецца зь мейсца, эфэктная брунэтка ў апошняй мадэлi Рэно, крэйсэрская хуткасьць сто шэсьцьдзесят, бартавы кампутар з антырадарам, любiць наўпроставыя дарогi, без ухiлаў, гострыя, як страла, вакол вецер i дрэвы зьлiваюцца ў адзiн шэраг, у адну куламесу, наперадзе гарачая ванна, Paris Lumiére па TV 5, якi ўжо, дарэчы, пачаўся, сёньня мы наведаем невялiчкi тэатар у Café de la Gare на rue de Temple, маленькi аматарскi тэатар для беспрацоўных актораў, маленькі тэатрык на вуліцы, затлумленай дарэшты кiтайскiмi аптовымi крамкамi, на пачатку сямiдзясятых тут гралi Coluche i Miou-Miou, ня кажучы пра Дэпардзьё, камэра павольна, страшна павольна наяжджае на фатаздымак маладога Дэпардзьё ў фае, пакуль Лiна, схiлiўшы голаў на руль, да апошняга выцiскае газ i выяжджае на сустрэчную паласу, у адчайным безразважным гэсьце, адным з тых, якiя так любяць рабiць дзяўчаткi-медзьведзяняткi.

Ліст Адаму Міцкевічу

пра сьмерць Літвы,

напісаны Адамам Клакоцкім у Ліпнішках

па дарозе на Вільню

Час гуляецца з тварамі і нябытам Душа набывае форму маўклівых прысадаў:
Па якіх ідуць на сваю Галгофу Ксёнз Робак, сьляпая Марыля
Арфэй, Густаў, Анджэй Тавяньскі Гільгамэш, Шапэн, граф Суліма-Заблоцкі...
Вечар Літвы: нібы кулі ноч рассыпала зоркі Зьверы на ўсіх шляхох: што нам застаецца?
Сны ды магія словаў, што забылі прачнуцца

Апалёгiя Сакрата

Прысьвячаецца Сяргею К.

Ягоная сьмерць не была раптоўнай: пра такі паварот падзеяў шмат хто здагадваўся ад самага пачатку. Але ён расьцягнуў свой кубак цыкуты на дзесяцігодзьдзі, разбаўляючы яго танным чырвоным віном, ромам, гарэлкай, півам ды іншымі напоямі... Я не пайшоў на ягонае пахаваньне: я быў хворы — альбо сказаў, што быў хворы... Па шчырасьці, я проста не хацеў бачыць, як яго апускаюць у зямлю: мне дасюль цяжка пагадзіцца, што яго больш няма з намі. Мая адсутнасьць на пахаваньні дазволіла мне ня верыць у ягоную сьмерць, ці, больш дакладна, паводзіць сябе так, як быццам ён нікуды й не сыходзіў...

Я часьцяком раблю яго героем сваіх тэкстаў... укладаю ў ягоныя вусны філязафічныя развагі, асабістыя прызнаньні ці нават простыя, звычайныя словы. Ён наўрад ці на гэта пакрыўдзіўся б пры жыцьці, а ўжо пасьля сьмерці... Спадзяюся, што тое мейсца, адкуль ён цяпер глядзіць на нас, яму спадабалася...

Ягоны твар, скрыўлены саркастычнай усьмешкай, дасюль зьяўляецца мне на менскіх вулках, нібы здань. Я нават не абарочваюся... У моманты рэдкіх успамінаў ён заходзіць і ў маю сьвядомасьць — гэтак жа ўпэўнена, як калісьці ў піўнуху — пацясьняючы ўсіх «несьмяротных», гётэў з кафкамі і джойсаў з вальтэрамі... Ведаю, што ён не дачакаецца запрашэньня ў манаграфію, дый што б ён там рабіў, на тых мёртвых старонках... Цалкам магчыма, што яны нагадалі б яму адмысловае пекла, прызначанае для філёзафаў-манаграфістаў... Напэўна, на скраі маёй душы засталася нейкая нітка, што ўсё яшчэ лучыць мяне зь ім... па якой ён перадае нешта істотнае... Яшчэ крыху — і яна зьнікне, таму я мушу ўсё гэта... Ведаю, што запозна... Яшчэ два па сто каньяку... Так, глёрыю і аловак, калі ласка...

* * *

Першая палова ягонага жыцьця настолькі звычайная, што ўтрымалася ў маёй памяці толькі ў самых агульных рысах: я ня памятаю ані назвы вёскі, у якой ён нарадзіўся, ані падрабязнасьцяў ягонага дзяцінства. Зрэшты, гэта ніколі не было тэмай нашых бясконцых дыялёгаў. Ён нарадзіўся недзе на Магілёўшчыне, ягонае другое нараджэньне адбылося значна пазьней і, наколькі я магу меркаваць, у Менску. Пасьля звычайнай вясковай школы і спаўненьня грамадзянскага абавязку ва ўзброеных сілах былой імпэрыі ён застаўся служыць далей прапаршчыкам: гэта забясьпечыла яму адносна бязьбеднае існаваньне... У параўнаньні з усходнебеларускай вясковай нішчымніцай яно, напэўна, здавалася раем... У якім ён за тры гады так занудзіўся, што вымушаны быў прачнуцца (нарадзіцца) яшчэ раз, гэтым разам на аддзяленьні філязофіі нашага слаўнага Ўнівэрсытэта. Там мы й сустрэліся.