Выбрать главу

Лепш быць бруднай жывой чарапахай, чым чыстым і мёртвым унітазам, распачаў ён на сваёй дасканалай нямеччыне. Мы знаходзім сябе ў чыстай прыбіральні сьвету. Знакі (інфармацыя) няспынна змываюцца, але прадукцыйнасьць такая высокая, што на іх мейсца адразу ж паступаюць новыя. Далей ён прапанаваў тэорыю сьвету як унітаза, а Бог (альбо Багі) выступілі ў яго дасканалымі сантэхнікамі.

Немцы правільна зразумелі, хто ёсьць кім у гэтай тэорыі. Яны падняліся і пачалі разьвітвацца. Калі зьмест прамовы С. пераклалі рэктару, той, натуральна, запатрабаваў заяву па асабістым жаданьні.

Заява была выкананая ў форме невялікага філязофскага трактату пра тое, што менавіта ў нашых жаданьнях мы можам лічыць асабістым, а што належыць да больш высокага онталягічнага ўзроўню.

Вы думаеце, што вы думаеце, — сканчалася яна, — і гэта самая вялікая памылка.

* * *

Ён ня быў настаўнікам і не хацеў гуляць гэтую ролю, хаця бясконца пытаўся ў сябе і ў іншых пра Аўтара нашага спэктаклю. Пасьля гісторыі з унітазамі яму прыйшлося здаць сваю гомельскую кватэру й зьехаць у Полацак. Там ён працягваў выкладаньне, гаворачы ў аўдыторыі пра ідэі і творы, а паза ёй — пра найвышэйшую мудрасьць на ўсё гэта забыцца. Па вечарох у інтэрнаце для выкладчыкаў ён спрабаваў уцелясьніць дыялёгі Плятона, ладзячы жывыя «сымпазыёны», на якіх, цалкам у згодзе з антычнымі рэаліямі, было шмат напояў і мала закускі. Гэта дадало яму папулярнасьці сярод студэнтаў і ціхі страх выкладчыкаў. Ясна, што для нашага слаўнага Адраджэньня ён таксама паступова ставаўся пэрсонай нон грата.

Ён анідзе ня мог затрымацца: Наваполацак яму надакучыў праз год, а ў іншыя ўнівэрсытэты яго больш не запрашалі. Карыстаючыся выпадковымі знаёмствамі, я знайшоў яму інтэрнацкі пакойчык у Менску і працу ў ПэдУнівэрсытэце. Але тое, што ён пачаў рабіць зь беларускімі пэдагогамі, прымусіла мяне абыходзіць гэты ўнівэрсытэт за два кварталы...

...Апошняй кропкай сталася ягонае затрыманьне прэзыдэнцкай камісіяй, што мусіла правяраць якасьць выкладаньня і вандравала па калідорах у пошуку выпадковых ахвяраў. Ён піў у аўдыторыі танную (на той час) Сафію славянскага разьліву разам са студэнтамі, абмяркоўваючы прамову Дыятымы ў Плятонавым «Піры». Гэтага было дастаткова дзеля распачынаньня працэсу.

* * *

Ён сышоў і вярнуўся ў сваю вёску, пасьвіў кароў, працаваў паштаром. Лепш размаўляць з каровамі, чым зь людзьмі, сказаў ён неяк пры сустрэчы, але такім тонам, што было ясна — менавіта размоваў зь людзьмі яму й не стае. Ён зразумеў, што ягоныя ўцёкі на Крыт былі памылкай. Увосень ён вярнуўся ў Менск і дапіў свой келіх цыкуты.

* * *

Ягоная апошняя ноч апісаная шматлікімі сьведкамі. На жаль, мяне зь ім не было: я захварэў.

* * *

Калі я сёньня прыгадваю ўсе гэтыя падзеі, я ўсё часьцей пачынаю думаць, што людзі — толькі лялькі ў тэатры ценяў, створаныя багамі... дзеля баўленьня часу ў іх сумнай вечнасьці. Мы, нібы акторы ў боскім тэатры, галоўнага рэжысэра якога ніхто ў вочы ня бачыў. Да нас, лялек, — да нашай душы — прымацаваныя матузкі, голад і пажада, гнеў і каханьне, торгаючы за іх, нас скіроўваюць у той альбо іншы бок. Нам дадзеная мова — зь якой мэтай і кім, мы дасюль не разумеем. Магчыма, гэта проста забаўка, каб нам ня так сумна было сядзець у нашым цёмным скляпеньні. Мы падманваем адно аднаго з дапамогай мовы, мова падманвае нас з дапамогай сваіх прыгожых словаў, якія, мы ўсё яшчэ спадзяемся, усё ж такі камусьці нешта гавораць...

Калі мы нараджаемся другі раз, мы пачынаем з пошукаў дасканаласьці, чалавечая душа, здаецца, мае ў сабе столькі высокіх памкненьняў, столькі сьвятла, што яшчэ пару крокаў — і мы зразумеем штосьці вельмі істотнае... У маладосьці мы нават спадзяемся стацца гаспадарамі саміх сябе. Потым мы знаходзім сябе ў пячоры, на сцэне тэатру ценяў, і разумеем толькі тое, што нам зь яе ніколі не ўцячы.

* * *

Пра зьмест самой п’есы меркаваньні падзяляюцца. Напачатку было нават захапленьне, потым усе крыху стаміліся. Сёньня мала хто ставіцца да яе сур’ёзна. Некаторыя нават мяркуюць, што багі проста памёрлі і мы граем адную й тую ж п’есу з уласнага глупства альбо па інэрцыі. Іншыя перасьцерагаюць, што нейкія спрытнюгі ў адсутнасьць рэжысэра пралезьлі за кулісы і спрабуюць торгаць адтуль за нашыя матузкі. Гэта праўда — калі багі былі жывыя, матузкі больш-менш кантраляваліся; сёньня іх торгаюць усе, хто толькі можа: мэдыі, палітыкі, бюракраты, ідыёт з суседняй кватэры.