Выбрать главу
Гісторыю сваю ў скрыжалі Яшчэ нашчадкі не ўпісалі, І час назад не павярнуць.
Ўсё лепшае, што маюць людзі, Тваім было, і ёсць, і будзе, — Сумленнем нашым светлым будзь!
6
Сумленнем нашым светлым будзь, Яно, як памяць, неабходна. Мо дзесьці лепей запяюць — Ды толькі не на мове роднай.
Чужыя мовы зведаў край, Ды ні адна тваёй не стала. Сваёй і моц, і сілу дай, Каб слыннай між другімі стала.
Сваіх дзяцей — сваёй вучы, Іх душы светлыя лячы. Стань шчырай песняй над прасторам!
На Усход і Захад не глядзі, Сваёй дарогаю ідзі! Не стань пакутай, смуткам, горам.
7
Не стань пакутай, смуткам, горам, Жывіцу мова ўсім дае. Нямала ёсць славутых зорак, Якія свецяць для яе.
На ёй народ пяе і плача, Яна ад роднасці ідзе. Для быдла, мо, — была быдлячай, А песняй стала для людзей.
Так, песня ад вякоў лятала, Пяшчотай сэрцы напаўняла, — Глыбінь яе не баламуць.
Калі ж каго пакіне плён — Пашлі наказ свой наўздагон: Ты мовы продкаў не забудзь!
8
Ты мовы продкаў не забудзь, Не адрачыся пад прымусам, І за акцэнт не папракнуць Тады, напэўна, беларусаў.
На глум не дай яе ніколі, Не зневажай, не пагарджай: Яна тваёю стала доляй, Яе ты шчыра прывячай.
Жыць на чужыне не салодка, — Трывожуся за мову продкаў, За лёс яе мая трывога.
Для ўсіх краін на белым свеце Свая заўсёды мова свеціць. Нам слова дадзена ад Бога.
9
Нам Слова дадзена ад Бога, Сваіх герояў узрасціла, Свой абавязак несла строга, За здраду ганьбіла, карыла.
Упэўнена, нас Бог пачуе, І не засцеле цемра вочы. На сцежку нас Ён накіруе — З якой ніколі ўжо не збочым.
Мо жыць пачнём тады, як людзі, І шчырасць гаспадарыць будзе, І прападзе за лёс трывога.
Пакуль не здзейсненая мэта... Не аднімай надзей паэта, Хай будзе светлаю дарога.
10
Хай будзе светлаю дарога, Крыху лягчэйшай для людзей, Калі ж усё ідзе ад Бога — Дык хіба ж мова прападзе?
Сыдуць у небыццё загады, Залечыць час цяжкія раны, Абы ніколі ўжо да ўлады Не дабіраліся тыраны.
Хоць кажуць: «Бог не роўна дзеліць», Ды думкі ён затое спеліць, — Збяруць нашчадкі ураджай.
Бягу за марай наўздагон, І гэта — ні падман, ні сон, — Хады маёй не асуджай.
11
Хады маёй не асуджай, Даўно змахнула я слязіну, Ды не пакінула свой край, Дасць Бог — ніколі не пакіну.
Я да яго бягу і ў снах, І ім, і словам ганаруся, Я крылляў адчуваю ўзмах І таленту сяброў дзіўлюся:
Не кідаюць цяжкія ношы, І мову славяць не за грошы, За моц яе — напагатове.
Каб крыллі моцныя займець, Патрэбна сэрцам зразумець: Душа пяе на роднай мове.
12
Душа пяе на роднай мове, Нарочана ёй свет любіць, Калі не будзе моцы ў слове, Яна ніколі не ўзляціць.
І незаўважанаю будзе, І не ўстрывожыць нашы сны, І не пачуюць песень людзі, І не заўважаць крок вясны.
З вясной душа сама спявае І свет замшэлы абнаўляе — Мы цешымся такой абнове.
Хто слова роднага не цэніць, Душы сваёй ён не ацэліць: Моц Бацькаўшчыны ў родным слове.
13
Моц Бацькаўшчыны ў родным слове, Яго душою прыгубі — Яго асновы і высновы Ў краінах іншых не згубі.
Не дай сысці яму з дарогі, І на абочыне не кінь, Не дай яму спазнаць знямогі — Надзею светлаю пакінь.
Калі яна прыносіць радасць, Ты беражы яе ад здрады І сэрцам шчырым прывячай.