Выбрать главу
Пра край, дзе ўвечар брама зарыпіць, I, куст чаромхі роснай абламаўшы, Ідзеш за вёску, любую абняўшы, I адчуваеш, як яна дрыжыць, I ў сена падаеш, яе зацалаваўшы.
Пра край, які прасвечаны наскрозь Азёрнай стынню, чырванню рабіннай, Святлом зялёным маладых бяроз, Наскрозь працяты песняй салаўінай I вымыты расой жаночых слёз.
3
...Як мая маці плакала! Хвартух Прагорк ад слёз — суцешыць нельга маці... Як плакала!.. Але ўспамін патух, I помню толькі: Дзьме ў ражок пастух I хрыпла коні ржуць На сенажаці. Ды хто, скажыце, можа помніць з нас Свой першы крык I першы крок па хаце? Ніхто! Нічога не вяртае час, I мы ўспаміны беззваротна трацім. Ты плакала... Вайна... Не помню... Маці...
4
I жыць прасцей, калі не ўспамінаць. Калі, нібы адрэзана, Забыта: Асвенцімы, дахау, маабіты... Час на кані! З-пад капытоў, Нібыта пясок ды пыл,— Асколкі дзён ляцяць!
5
...Не дай нам бог Забыць часіны тыя! Ускіне твар счарнелы крык Хатыні, I Брэст Барвовым стогнам загудзе! Уся зямля — ад краю і да краю — Балючая, крывавая, святая... Другой такой зямлі Няма нідзе!
6
...Як памятаю я? Незразумела... Ах, мама, мама... Я ў кашулі белай Ляжаў сярод такіх высокіх траў! А шчэ вышэй... Там воблакі ляжалі... I самалёт... Ён чорнымі крыжамі Драпежным птахам крылы распластаў.
Як памятаю я?.. Незразумела... Ў табе яшчэ пад сэрцам не цяжэла, Не білася мая тугая кроў, Ты жыта жала, пасвіла кароў, I думка пра мяне ледзь-ледзь цяплела...
Шчэ нават бацька з фронту не прыйшоў. Вы з бацькам шчэ маглі і не еустрэцца, А кулі побач травы узвілі, I на кашулі белай — там, дзе сэрца — Так нечакана р у ж ы расцвілі! I я ляжаў... I воблакі плылі.
7
Дык дай жа, мама, Мне жывой вады — Уваскрасіць таго, хто там забіты! Асвенцімы... дахаў... маабіты... Вось снег пайшоў... I ты дажала жыта... Вярнуўся з фронту бацька... I тады Усё чыста тое Мной было Забыта.
8
Я сёння помню песнявы прастор I Крэўскі замак, гульняў нашых царства, Вясёлыя дзіцячыя штукарствы I на бярозах гушканні да зор!
I бачу я: ля чыстага стала Дзед задуменна біблію чытае, Струною залатой пяе пчала Над лысінай яго... Ну, ці святая Уратуе кніга? Не дапамагла! Пчала як раз у макаўку ўпякла.
Мой дзед у вёсцы — першы садавод, Мічурыным яго вяскоўцы звалі. Якіх мы з ім прышчэпаў ні ўшчаплялі, Каб новы цуд ствараўся з году ў год!
Каб жыць прыгожа людзям і звярам! Дзед быў талстоўцам, Хоць не знаў Талстога. Жыццё ён бачыў пошукам дабра, I ўсё дабро ён размеў як бога...
Мой мудры дзед! Зусім ты пасівеў, Зусім стары зрабіўся і нямоглы... А маладосць твая квітнее ў кожным З народжаных табой Дзівосных дрэў.
9
I немагчыма думаць: Можа час Настаць такі, калі пагасне сонца. На квецень нашых дрэў асядзе стронцый — Што застанецца, дзед, тады ад нас? Пустэча, пыл... Ні нашых спраў, ні слоў...
Мы існуём у сувязі часоў, Бог ні пры чым, давай пакінем бога... Папраўдзе: мне шкада цябе, старога, Што ты шукаў яго — і не знайшоў.
Ты за адно жыццё пабачыць мог, Як тры вайны Прыйшлі на твой парог, А ворагаў — і войны не злічылі...
I ўспомні, дзед: у кожнага быў бог, Што бласлаўляў, каб нас з табой забілі... Але — пакінем... Трэба ведаць меру...
А вера — верай, Нават на паперы Я падтрымаю погляды твае: Так, чалавеку неабходна вера, Без веры чалавек не існуе.