Выбрать главу

I — адзінае семя, што з бяздоння вякоў прарастае: людзі, дрэвы і кветкі, птушкі, рыбы, звяры,— мы — спляценнем карэнняў, намаганнямі рук, намаганнямі крыл, плаўнікоў і галін, учапіўшыся ў неба, над цемрай і смерцю трымаем Зямлю!

I як наша апраўданне, I як наша права жыць, На сусветных скрыжаваннях, На пустэльных скрыжаваннях — Сад шуміць!

* * *

Я нарадзіўся ў сорак шостым, Пасляваенным першым годзе... Ў шуфлядцы нашага стала, Які мы дзелім разам з бацькам, Ёсць скрыначка... У ёй, сярод Медаляў, ордэнаў і зорак, Ляжыць, загорнуты ў чырвоны, Пацёрты досыць аксаміт, Свінца кавалачак... Яго Дасталі з цела майго бацькі, З-пад сэрца самага дасталі У сорак трэцім... Я не браў Ніколі той свінец у рукі, Бо ведаю, што прапячэ Ён мне далоні! Не ўтрымаю У руках тры смерці, тры адразу: Смерць бацькі. Смерць сваю. Смерць брата.

* * *

Дай, маё сэрца, боль ч у ж ы Уведаць так, як боль уласны, Каб радасці, якімі жыў, Навек не гаслі.
Дай кожны дзень, нібы знава, Каб з ім ніколі не звыкаўся, Каб — гром грыміць! расце трава! — Навек здзіўляўся.
Дай быць вышэйшым ад «ідэй» Прарокаў цьмяных і шумлівых, Каб углядацца у людзей Навек цнатліва.
I — доўга буду жыць ці не — Прашу аб найвялікшым: сэрца! Дай разуменне часу мне Раней, чым — смерці.

ПУСТЫ ДОМ

Ніхто ніколі ў доме тым не жыў, Зусім пусты стаяў святочны дом, Ніводным не свяціўся ён акном I дымам над страхою не курыў.
А гаспадар, што дом той збудаваў, Век дажываў у нізенькай хаціне I ўсё чакаў вяртання свайго сына, Ад самае вайны яго чакаў.
Так і памёр, не дачакаўся ён, Так і памёр, а дом стаяў і гніў, I неяк ноччу запалаў агнём... Казалі, што ён сам сябе спаліў.

ДУБОЎКА

Памяці бабулі маёй, салдаткі

і маці чатырох салдат

Асколак шкрабануў рыдлёўку.. Баліць яшчэ ў зямлі вайна...
Па доўгай вуліцы Дубоўкі На ручніках плыла труна.
З заволжскіх стэпаў веяў сівер. Там пахаваны землякі — На могілках уздоўж ракі, На правым беразе Расіі.
Яны прыйшлі сюды з лясоў, З Прыбужжа, З Нёмана, З Гярвяткі, З асірацелых тых дамоў, Дзе па начах крычаць салдаткі.
Дзе на ўзбярэжжах Беларусі Ляжаць з Паволжа землякі. Які прасцяг магіл! Вякі Ляцець над імі завірусе!..
О сувязь болю Над зямлёй Жывых І мёртвых гэтым болем!.. Даруй, салдатка, што ніколі Не цалаваў рукі тваёй.
Даруй мне за спакой і цішу На твары нерушным тваім...
А сівер голле дрэў калыша I з комінаў зрывае дым!
Жыццё ідзе — і трэба жыць. I на памінках ц э лы вечар Я буду нешта гаварыць I буду каяцца у нечым.
А ранкам, горкі ад віна, Пайду да свежага пагорка — Перад сусветам і Дубоўкай Сам вінаваты, Як вайна.

У САМАЛЁЦЕ

Адчую сутаргу, што апякла крыло Над родным возерам у пералётнай птушкі, У бестурботнай птушкі-весялушкі, Якую ў першы вырай павяло.
I здасца, што ад дзедавай страхі Шугае самалёт — I воблакі тугія Узорваюць не крылы, а плугі...

ПТУШКА

Маці

Я народжана птушкай, Але не ўмею лятаць. Прачынаюся —і Крылы Заламаны за плечы, I праз прыцемкі раніцы, Нібы тонкія-тонкія свечы, На вяршынях таполяў Недасяжныя зоркі гараць. Я выпростваю крылы, Ахінаю калыску дзіцячую I з надзеяй затоенай Кармлю немаўля-птушаня, I бясконца шчаслівая, I бясконца крылатая, бачу я, Як напружана б'ецца Пад сэрцам яго Вышыня. Мне прасторна і ціха... Як усё, што хацела,— было, Як віхураю крылы мае Не сякло, не ламала, Як вяршыні таполяў I зоркі кранала крыло... I на ім — асцярожна —і Птушаня я сваё калыхала.