Выбрать главу

РАНАК

Каханая, цудоўна жыць у свеце Спрадвечнай, неспазнанае красы! Няхай шуміць над полем вецер, Бяроз перабірае валасы, Няхай вада булькоча ў ручаях I ў глыбіні цалуе бераг стромы, Няхай цячэ ў тваіх вачах З вытоку і да вусця Нёман!
Я бласлаўляю на жыццё ўсіх, Хто хоча жыць, кахаць і быць каханым! Я бласлаўляю нас дваіх! Тваім дыханнем Я бласлаўляю нас дваіх...

* * *

Не, не таю надзей на бессмяротнасць, Але і ў смерць паверыць не магу, I, як ад кулі сэрца, берагу I пачуцця і слова першароднасць.
I пачуцця і слова першароднасць, I песні пра каханне і зямлю, Пра зерне, што пасеена ў раллю, Бо ёсць на свеце хлеба неабходнасць.
Я ведаю пра хлеба неабходнасць, Але таксама ведаю не горш, Як неабходны задуменны Сож, Начных нябёс і вышыня і зорнасць.
Начных нябёс і вышыня і зорнасць, Птушыны гоман і дзіцячы смех, Дождж красавіцкі, сакавіцкі снег, Шчымлівая іх першасць і апошнясць.
Шчымлівая іх першасць і апошнясць, Што раптам прасякае пачуццём Не вечнай нашай сувязі з жыццём I тайнасцю надзей на бессмяротнасць.

* * *

...Вось ты прыйшло, Былое. Выткала палатно. I пачалося нямое — На дармавіну — Кіно.
Замільгацела, запстрыкала, Выгнула крылы павек... Што там з адзнакай вялікага? Песня?.. Вайна?.. Чалавек?..
Што Да майго існавання Больш за мяне Існуе?..
Роздум асэнсавання Розуму не дае...

* * *

Бязлітасна зязюля кукавала Кароткі век. «А колькі гэта — Мала?.. I колькі — шмат, Калі звініць у росах Таемны цуд жыцця, Людскога лёсу.
Ён — лістапад. Ён — вецер угары. Ля вуснаў — вусны любай. Хай ён горкі! — Яго спазнаўшы — Нерушна замры Пад промнямі сваёй шчаслівай зоркі!
Ты не стары пад ёй. Не малады. Жывы. Жывеш! Таму ўначы і днямі Жыццё сваё л і чы не на гады — На зробленае Гэтымі гадамі. Бо, можа стацца, Небасхілу ля, Дзе на дыбы ўстаюць зямныя коні, Ты будзеш верашчаць, Як немаўля, Хоць і дапнеш Да сівізны на скронях...»
Так сцешваў я сябе... Ды толькі слоў, Каб супакоіць сэрца,— Не хапала...
Упартая, у лесе зноў і зноў Кароткі век зязюля кукавала.

* * *

Святочны дзень. Высокі шлях аблокаў. Такая ціш з канца ў канец зямлі, Што, надалося, гром апаў, калі Па бруку конь падковамі працокаў.
Пасля ў садах, налітых чыстым сокам, Над яблынямі загулі чмялі. Ні слыху не хапіла мне, ні зроку, Каб зразумець, пра што яны гулі.
Пасля я чуў, як срэбрана звінеў Крышталь расы ў пялёстках, і зляцеў Ружовы ліст з галіны тонкай слівы.
I я падумаў: мо таму і ціш Стаіць над светам, што ты сам маўчыш, Што чуць і бачыць — значыць быць маўклівым.

* * *

Вочы твае, нібы словы Мовы чужой. Кажаш мне: сёння прыходзь, А вочы Нешта такое крычаць, Што хочацца згінуць I не прыходзіць ціколі.
Але я прыходжу, I ты сустракаеш ласкава, Кажаш: кахаю... А вочы! I я разумею, Што сама ты не ведаеш Мовы ўласных вачэй.

УСПАМІНЫ

...Ой гуляла сцюжа ў полі, Ой гуляла...