Выбрать главу
Вечарэла. Цётка Поля Песні нам спявала. Дагараў агонь у печы, Трапятаў па столі...
Твае рукі... Твае плечы... Песні цёткі Полі...
...Дзе трава-мурог, Там мой сокал лёг. Што ж лятаў ты, сокал, Ад мяне далёка?..
А лятаў ён, бо шукаў Сакалінай долі. I сярод высокіх траў..,
Плача цётка Поля...
I не час мне быў цябе абдымаць, Час сядзець і цётку Полю суцяшаць, Бо ўсё яна адна ды адна, А за вокнамі зіма ды зіма, I над комінам, як птушка якая, Адзінота крылы доўгія прастае...

* * *

Стыў сакавік. Начамі снег трашчаў, А ранкам плыў уверх дымок стракаты, I, нібы звер, ад шэрані кудлаты, Замерзлы звер — Дуб у двары стаяў. Асілак дуб. Лічы, бадай мільён Гадоў яму было па розных былях. Дуб службу нёс: Падводзіў вынік ён Таму ўсяму, што мы за дзень рабілі. Нязломны дуб. Калі дарэмна быў Пражыты дзень, у пустаце і тлуме, Сукамі дуб па даху хаты біў I прымушаў пра дзень наступны думаць. Дзівосны дуб... А сакавік суровеў, I дзень сказаў: — Такая, браце, рэч: Дзівосныя ці простыя — ўсё дровы, Цяпло даюць, калі пакласці ў печ...
Цяпер наш двор — пустэльная зямля, Ды нечага і ў нас саміх не стала... Так выйшла, што суровая зіма Ў той год амаль да мая лютавала.

НЯМІГА

Высокімі гурбамі У снежні снягі засінелі... Якія завеі, любая, Якія завеі!
Наскрозь праінелі — Да сонца, да першай адлігі — Дамы, што ўцалелі На нітачцы Чуйнай Нямігі.
Там цесны пакойчык, Пакінуты намі, забыты... Цяпер там паўночна — I дзверы Цвікамі забіты.
I клямку пакратаць, Ашчэрыўшы пашчу забойцы, Паўзе экскаватар, Як помста Часоў мезазойскіх...
Там лета шалела. Спякотнае, Сумнае лета, Як жоўты квадрат на шпалерах На месцы партрэта. I так рагатала Каменнае рэха на скронях, Вы войска скакала На сытых Узмыленых конях...
Завейныя веі... Пад неба завеі, пад месяц! Чаму мы не ўмеем Святочнае Лашчыць і песціць?
Будзённасць атуліць, Няміга заб'ецца галінкай. Там лета было, Ты адтуль мне Махаеш хусцінкай.
I рукі ламае, Званамі завулкаў трапеча Няміга старая, Нібыта Склікае на веча.

НАЗОЎНЫ СКЛОН

1
Збуялі ў гушчарах часоў Вякі! А сойдзе дзень — I сэрца жалем поўна... Хто на зямлі прыдумаў склон такі, Склон прагі існавання. Склон назоўны. Найпершы склон. Імя... Мясціна... Год... Паэзія, душы маёй анкета! Калі шыбуе сонца на ўзыход, Не трэба жалю, Слоў няма пра гэта! Ёсць шчасце ўпасці тварам у траву. Падкінуць на далоні яблык росны. Назоўны склон... Жыццё. I склон ускосны Вясёлую Не скосіць галаву! Канца няма. З балючых ран зямлі, З жалезных нетраў Поля даўніх бітваў Ідзе пачатак — стромы колас жытні. Назоўны склон. Асколкі не ўзышлі.
2
Лунай, зялёны грай!.. Ідуць вякі... Плывуць вачэй асветленыя поўні... Шпакі павытыкалі дзюб цвікі У шчыліны пахіленай шпакоўні.
Глядзяць дубы сівыя з-пад рукі На небасхіл, на лістабой птушыны... Жывыя зоркі неба — жаўрукі Спрадвечнай песняй клічуць у вышыні.

ЗЯМЛЯ

Расстацца без жалю зусім, што было. Вясёлаю памяццю жыць у наступным! А ўспомніць — дык толькі: Як неба плыло У тым азярцы, крышку болыпым ад студні. У тым азярцы, дзе на беразе бор Шаптаў таямніча, маўчаў захавана, Дзе час вызначаўся не позна ці рана, А бляскам у возеры сонца ці зор. Дзе я быў пазбаўлены катаргі слоў, Дзе жыў я прасторна,— I перад сусветам Любоў да зямлі, да маленькай планеты, Была найгалоўнейшай з вечных высноў.