НОЧ
Цемра сціснула акно.
Спаць пара, але не спіцца.
Прыгадалася ў бальніцы
Ноч, мінулая даўно.
Коні фыркалі ў аўсе.
Шоргаў бор. У вузкай рэчцы,
Бы гадзіннік на браслетцы,
Месяц нерушна вісеў.
Доўга-доўга да яго
З-пад нябёс злятала знічка.
Хваляй рэчка-невялічка
Не хіснула берагоў.
Сом-няўловец дзе-нідзе
Сонна плёскаў плаўнікамі...
Гукі гэтыя вякамі
Слухаў месяц на вадзе.
А ў мяне ўсяго адна
Ноч такая выпадала.
Мо маё жыццё да дна
Знічка тая прабівала.
* * *
Увесь, нібы пекар,
У белай завейнай муцэ,
Мой снежань, мой лекар,
Ідзе па замерзлай рацэ.
Мой снежань... Мой лекар...
З усіх на свеце багоў
Не ведалі Снежня грэкі,
Бога снягоў.
Мой лекар... Мой снежань...
Ні суму ў мяне, ні болю.
Як белыя вежы,
Застылі бярозы ў полі.
Праз нітачкі срэбра,
Што зблытаны ў стылым галлі,
Здаецца: у неба
Ўзыходзяць снягі ад зямлі.
ПРОСЬБА
Дапамагае берагу рака.
Дапамагае бераг кволым вербам,
Ралля — ўзысці, а колас — выспець зерню.
I вышыня — птушынаму крылу.
Марская хваля — плаўніку дэльфіна.
Дапамажы мне хоць напалавіну,
На чвэрць, як ты магла б, дапамажы,—
Мы дапамогай звязаны ў адзінае,—
На бераг Даравання прывядзі мяне,
Каб да Былога берага даплыць!..
Не ведаю, аб чым яшчэ прасіць.
* * *
Брату
Цэлы тыдзень ён малюе В і О,
То пад сэрцам са стралой,
То пад крыжыкам...
Гавару яму:
— Малы, не сваволь,
Паглядзі,
ляглі снягі
Белым пыжыкам.
Паглядзі,
якія гульні ў лагу,
Як імчацца з гары лыжы з санкамі!
А малы мне ў адказ:
— Не магу,
Не магу, калі яна
З рыжым Санькам...
ЖЫЛА БАБА ДОРА
Жыла баба Дора.
Заўчора, учора
Жыла баба Дора...
А сёння дзед Ясь
Дамавіну збівае.
Старанна збівае,
З сабой размаўляе.
«Мо й час табе, Дора...
Не скажаш, што рана.
Ды вунь памідоры
Яшчэ не сабраны.
Шчэ яблыкі трэсці
I бульбу капаць...»
Габлюшкі на цеслю,
Як ружы, вісяць.
Памерла старая.
Што зробіш: пара...
На момант змірае
Рука цесляра.
Ён цяжка, нягнутка
Сядае пад плот —
Скруціць самакрутку
I выцерці пот.
ТРЭЦІ ТРАМВАЙ
1
На тым прыпынку трэцяга трамвая,
Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце,
Дзе год амаль вісела на слупе
Аб'ява:
«Прадаецца піяніна...»
На тым прыпынку трэцяга трамвая,
Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры
I доўга біў вады струмень шыпучы,
Пакуль мяне суседкі разглядалі...
На тым прыпынку трэцяга трамвая,
Дзе астравы азёрныя маўчалі
I возера затойвала дыханне,
Калі рука мая ЯЕ руку кранала...
Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце,
Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры,
Дзе астравы азёрныя маўчалі...
Нідзе цяпер ЯЕ ўжо не сустрэць мне.
* * *
Не ведаю даўно, які трамвай,
Адкуль і да каго ЯЕ прывозіць,
I, каб спаткаў, цяпер бы ўжо адрозніць
ЯЕ ад іншых і не змог, бадай.
Але калі ўспаміны цераз край
Нахлынуць раптам, сэрца замарозяць,—-
Я лёс прашу: які трамвай ні возіць
Цяпер ЯЕ — сустрэнемся няхай.
I хай усё, што стала ў нас былым,
Што расплылося, нібы ў небе дым,
На момант зноў жывую плоць набудзе.