Выбрать главу
Да зор ляцелі пырскі, I малаком кіпеў у хвалях след. — Ты размаўляць умееш па-дэльфінску? — Спытаў паэт...
Была ўжо ноч. Па сцішанай Маскве Плылі праз дождж дэльфінамі машыны. Паэт хаваў запалку ў рукаве, Шукаў манету і званіў жанчыне.
Над тэлефоннай будкай цвіў ліхтар, Узмахваў клён намоклаю чупрынай. А ў гэты час блакітныя дэльфіны Плылі ужо праз сіні Гібралтар.
I недзе ля Астанкінскіх ставоў Сярод садоў ужо канала лета... Паэт званіў...— На шэпт дэльфінскіх моў Перакладаў жанчыне гул планеты.

З БАДЛЕРА

Не прыйдуць у начы — і катаваць Не павядуць у змрочны склеп, за краты... Злачынец, спі! Няма каму пытаць: Ты вінаваты ці не вінаваты.
Суддзя твой спіць, і спяць вартаўнікі; А ў ката у твайго сягоння свята, Яму й няўцям, што ты жывеш такі, Хай вінаваты, хай не вінаваты.
Забойца, спі! У кнігах спіць закон, I пыл палёг на літары закона — Спакойна спі! Твой палахлі вы сон Ніхто не прыйдзе патрывожыць сёння!
Дык што ж крычыш! Чаго баішся? Ты!.. Прад кім гатовы пахіліць калені? Перад сумленнем? Прэч яго! Сумленне — Вярыгі рознай дробнай свалаты!
А ты!.. I ўсё ж не спіш... Крычыш... Баішся ты...

* * *

Напярэдадні свята, Напярэдадні свята Урачыстыя твары I чыстыя хаты, I шчаслівыя мары Лунаюць крылата Напярэдадні свята, Напярэдадні свята.
Спадзяюся на тое, Што здзейсніцца, будзе Гэта свята ва ўсіх, I засмуцяцца людзі Толькі тым, што мінула яно — I па скверах Вецер гоніць ашмоцце Стракатых паперак...

СНЯГІ

У госці прыходзяць снягі Не шумным застоллем, Зацішшам, Асветленых думак узвышшам На шэрых раўнінах тугі.
Снягі —і успаміны: чаму, Пра што сумавалася ўчора, Якое ўяўлялася гора Зацішнаму сэрцу майму?
Снягі — над усёй мітуснёй Дасцежных маіх лістападаў, Як вырай высокі над садам, Дзе дрэвы пасаджаны мной.
Снягі — каб напоўніцца зноў Душы маёй сумам і смехам, Усім, што было да снягоў I не засталося пад снегам.

* * *

Калі ваўкі збіраюцца у зграі I глуха выюць, давяцца тугой, Я вар'яцець паціху пачынаю, Нібыта пазнаю, прыпамінаю У іх выцці знаёмы голас. Мой.
Мне жудасна. Я чую, як звярэю. Ратуюся чакаць, калі заднее I знікне гэта ноч у небыццё... I днём не ўспомню нават той падзеі, Хоць шчэ пад языком і халадзее Працяглае звярынае выццё.

НОЧ У ХАТЫНІ

Звон біўся ў звон. Звон ападаў з нябёс. Раскрыжаванае — Лямантавала неба. Дзіцячы енк, Пах спаленага хлеба Віхор счарнелы да яго узнёс. Яму ў адказ Зямля лямантавала, Той лямант плыў ракой без берагоў!
Арэса здань, найстрашнага з багоў, Людской крывёй на зорах праступала.

* * *

Што за сумныя песні спяваеш ты, Белая Русь! Як зацішаны боль яны ў сэрцы маім прарастаюць. «Ой, ляцеў белы гусь...» А куды ён ляцеў, белы гусь, Калі ў небе тваім толькі шэрыя гусі лятаюць?
З далячыняў сівых наплывае самотны напеў, Я прадоўжыць яго — нават голас мне дай — не бяруся... Дык суцешыцца б тым, што не толькі хацеў, што паспеў Прамільгнуць над табой, праляцець над табой белым гусем...

ВЕТЭРАН

Слава бокам абышла. Па заявах, па даведках. Не шукала — не знайшла, Не хапіла славе сведкаў. I каму сказаць з людзей, Што за справы баявыя Толькі раны балявыя Прыпаяны да грудзей?..