Выбрать главу

Усё жыццё Еўфрасіння служыла асвеце свайго народа. У адчыненых ёю школах, апрача чытання, пісьма і лічэння, дзеці вывучалі гісторыю, грэцкую і лацінскую мовы. Найбольш здатных хлопчыкаў і дзяўчынак вучылі складаць вершы. Часта ўрокі праводзіла сама асветніца.

Невядомы адукаваны палачанін, які жыў у адзін час з асветніцаю, напісаў пра яе аповесць, якая так і называецца — «Жыццё Еўфрасінні Полацкай».  З яе можна даведацца, што ў сваіх школах Еўфрасіння вучыла дзяцей слухацца мудрых, любіць не саміх сябе, а іншых, шанаваць бацькоў, паважаць старэйшых, ніколі не хлусіць, а заўсёды казаць толькі праўду.

Ва ўсіх клопатах Еўфрасінні дапамагалі дзве яе сястры, якія таксама зрабіліся манашкамі. Іх звалі Звеніслава і Гардзіслава, а ў манастыры — Еўпраксія і Еўдакія.

Дойлід Iаан

Асветніца збірала вакол сябе таленавітых людзей. Імёны двух з іх дайшлі да нашых дзён. Гэта дойлід Іаан і ювелір Лазар Богша.

Дойлід — тое самае, што і архітэктар. Ён стварае праекты розных будынкаў і сочыць за тым, як гэтыя праекты ператвараюцца ў саборы, палацы ды іншыя пабудовы.

Іаан — самы вядомы са старажытнабеларускіх дойлідаў. У адным з заснаваных Еўфрасінняю манастыроў ён пабудаваў на яе просьбу царкву казачнай прыгажосці. Яе змуравалі надзіва хутка, усяго за трыццаць тыдняў. Гэтая царква завецца Спаса-Еўфрасіннеўскай. Яна і сёння стаіць у Полацку паблізу ракі Палаты і нагадвае казачную белую птушку, што апусцілася з неба на цудоўны зялёны луг.

Усе сцены Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы ўсярэдзіне пакрытыя дзівоснымі фрэскамі. Старажытныя фарбы цудоўна захаваліся. У тыя часіны мастакі рабілі іх самі. З настою паленых яловых шышак атрымлівалася, напрыклад, добрая фіялетавая фарба, а з паленай косці — сіняя са смарагдавым адлівам.

Як лічаць вучоныя, на некаторых фрэсках намаляваныя сама асветніца і ейныя сёстры.

Крыж Лазара Богшы

Славутаму полацкаму ювеліру Богшу Еўфрасіння заказала для новай царквы шасціканцовы крыж. Майстар зрабіў яго з кіпарысавага дрэва, абклаўшы тое па баках залатымі і срэбнымі пласткамі з каштоўнымі камянямі і шматколернымі абразкамі святых.

На крыжы быў зроблены надпіс, які абяцаў страшнае пакаранне таму, хто вынесе гэтую святыню з храма. Але Богшаў твор некалькі разоў забіралі са Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы і вывозілі з Полацка. Апошні раз крыж знік у гады вайны з фашыстамі. Ёсць звесткі, што ён трапіў у Расею і знаходзіцца там у адным з музейных сховішчаў.

Крыж Еўфрасінні Полацкай — наш неацэнны агульнанародны скарб. Цяпер Беларусь шукае яго, каб вярнуць на родную зямлю.

Каб не лілася братняя кроў

Еўфрасіння жыла ў жорсткі, крывавы час. Князі часта ваявалі паміж сабой. У адным з паходаў кіеўскаму валадару ўдалося перамагчы і захапіць полацкіх князёў у палон. Разам з жонкамі і дзецьмі іх адправілі ў высылку ў Візантыю. Сярод выгнаннікаў былі і бацькі асветніцы.

Пераможцы пабаяліся зрабіць палоннай Усяслававу ўнучку, якая насіла манаскае адзенне і была пад абаронаю самога Бога. Еўфрасіння засталася ў Полацку і дапамагала землякам змагацца з ворагамі.

Хутка палачане выгналі чужога кіеўскага князя і запрасілі да сябе роднага брата Еўфрасінні Васільку. Але пасля магутнага Усяслава Чарадзея не было міру і паміж самімі полацкімі князямі. Яны няраз хадзілі адзін на аднаго вайною, праліваючы братнюю кроў.

Асветніца заўсёды прымала нягоды роднай зямлі блізка да сэрца. Яна цярпліва мірыла князёў, пераконвала іх не варагаваць, а мацаваць крывіцкую дзяржаву.

Нябесная заступніца Беларусі

У канцы жыцця Еўфрасіння выправілася ў падарожжа ў Святую Зямлю. Так называлі тыя мясціны, дзе нарадзіўся і вучыў людзей Ісус Хрыстос. Па дарозе полацкую князёўну паўсюль сустракалі з пашанаю. Пра яе самаахвярнае жыццё ведалі ў розных краінах.

У горадзе Ерусаліме падарожніца захварэла і памерла. Пазней яе парэшткі прывезлі на Бацькаўшчыну.

Еўфрасіння Полацкая зрабіла для нашага народа столькі добрага, што людзі назвалі яе святой. Пасля смерці яе пачалі маляваць на абразах і прасіць у яе дапамогі ад ліхіх сілаў.

Нашыя прашчуры верылі, што за вялікія заслугі Бог забраў асветніцу на неба і адтуль яна спрыяе землякам ва ўсіх добрых справах. У Спаса-Еўфрасіннеўскай царкве ў Полацку захавалася келля, дзе святая пражыла свае апошнія гады. Прыйдзе дзень, калі сюды вернецца і святы крыж, які зрабіў Лазар Богша.

Пытанні і заданні