Выбрать главу

4. Што ты ведаеш пра князёў Вячку і Усевалада?

5. Чаму не адбыўся задуманы князем Валодшам паход на Рыгу?

6. Хто дапамог ноўгарадцам перамагчы шведаў і немцаў? Чаму мы памятаем пра Якава Палачаніна?

Вялікае Княства Літоўскае

Уявіце, што калісьці ўсіх беларусаў звалі ліцвінамі, або літоўцамі. Гэта было ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Прычым не толькі суседнія народы менавалі нас ліцвінамі, а Беларусь — Літвою. I дома, і трапляючы за мяжу, жыхары Вялікага Княства Літоўскага таксама з гонарам казалі пра сябе: “Мы — ліцвіны”.

Шмат хто з беларусаў лічыў сябе ліцвінам і значна пазней, калі Вялікага Княства ўжо не існавала. Літвой называў сваю родную Наваградчыну выдатны паэт Адам Міцкевіч. 

Мужны камандзір беларускіх паўстанцаў Кастусь Каліноўскі таксама зваў радзіму Літвой. Ліцвінамі лічылі сябе яшчэ адзін паўстанцкі правадыр Тадэвуш Касцюшка, беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ды іншыя нашы славутыя землякі, пра якіх вы даведаецеся з гэтай кнігі пазней. Але раскажам пра ўсё па парадку. 

Новая дзяржава

Як мы ўжо ведаем, з часоў князя Валодшы на палачанаў і суседніх балтаў з захаду нападалі нямецкія рыцары. Яны хацелі авалодаць нашай зямлёй, а яе жыхароў анямечыць, гэта значыць, прымусіць забыць сваю мову і ператварыць у немцаў.

Небяспечны вораг з’явіўся і з другога боку, з усходу. Адтуль насоўваліся мангола-татарскія орды. Татары захапілі Кіеў і шмат якія іншыя ўкраінскія і расейскія гарады.

Разрозненыя беларускія княствы апынуліся паміж двух агнёў. Каб выстаяць у змаганні з чужынцамі, яны пачалі аб’ядноўвацца ў адзіную дзяржаву. Да іх далучаліся і некаторыя балцкія плямёны. Гэтая новая дзяржава называлася Вялікае Княства Літоўскае. Гаворачы пра яе, трэба памятаць, што зямля, якая ў летапісах завецца Літвой, ляжала не там, дзе жывуць сучасныя літоўцы (летувісы), а ў тых мясцінах, дзе пачынаецца рака Нёман, іначай кажучы — на абшары цяперашняй Беларусі.

Першай сталіцаю нашай новай дзяржавы стаў горад Наваградак. Там валадарыў князь Міндоўг. У 1253 годзе ён атрымаў  каралеўскую карону. Міндоўг рабіў паспяховыя паходы на нямецкіх рыцараў і адбіваў татарскія напады. У Наваградку дасюль захаваўся курган, дзе, паводле падання, пахаваны гэты князь. Далёка відаць і руіны ягонага магутнага замка, які няраз неадольна паўставаў на шляху ворага.

Беларусы здолелі абараніцца ад захопнікаў, а вось расейскія землі змагаліся з чужынцамі паасобку і на 250 гадоў трапілі ў мангола-татарскую няволю. Гэта было вялікай бядою суседняга народа. Урэшце расейцы вызваліліся, але атрымалі ад захопнікаў цяжкую спадчыну. Прыгнятальнікі пакінулі маскоўскім князям і царам жорсткія парадкі і прагу авалодаць усім светам. У нашай краіне жыццё ішло зусім іначай.

Гедзімін і Альгерд

Валадароў нашай старажытнай дзяржавы называлі вялікімі князямі або гаспадарамі.

Значна ўмацаваў сваю краіну вялікі князь Гедзімін. Ягоную ўладу прызналі Полацкая, Берасцейская, Тураўская, Віцебская, Менская ды іншыя беларускія землі. Але некаторыя з іх, асабліва Полацкае княства, яшчэ доўга мелі сваіх князёў і трымаліся старадаўніх законаў.

Гаспадар перанёс сталіцу з Наваградка ў Вільню. Там, на высокай гары, ён загадаў пабудаваць мураваны замак. Для ворагаў штурмаваць гэты замак найцяжэй было ўзімку, калі гару палівалі зверху вадою і ўся яна рабілася ледзяная.

Гедзімін мусіў увесь час ваяваць з крыжакамі. Гэта было нялёгка, бо ў немцаў ужо з’явілася агняпальная зброя. Аднойчы, калі Гедзімінава войска ўзяло ў аблогу нямецкую фартэцу, варожая куля прабіла вялікаму князю панцыр, і ён загінуў.

Ягоны сын Альгерд працягваў бацькаву справу. Ён адбіў шэсць вялікіх крыжацкіх нападаў і ўдвая пашырыў межы Княства.

Каля рэчкі Сінія Воды, што ўпадае ў Паўднёвы Буг, дружыны гэтага князя перамаглі злучаныя сілы трох татарскіх ордаў і вызвалілі ад прыгнёту Украіну. Пасля гэтага ўкраінскія землі пакінулі плаціць даніну чужынцам і таксама далучыліся да Вялікага Княства Літоўскага.

Пры Альгердзе нашым продкам упершыню давялося ваяваць з Маскоўскім княствам, якое хацела захапіць Смаленск. Альгерд зрабіў тры паходы на Маскву. Ён даходзіў да самых сценаў гэтага горада і з багатай здабычай вяртаўся дахаты.

Аднойчы Альгердава войска зноў заняло Маскву. Маскоўскі князь Дзмітрый схаваўся за моцнымі мурамі крамля. Але ён быў так напалоханы, што неўзабаве выехаў насустрач нашаму войску з багатымі падарункамі і папрасіў не штурмаваць крэмль. Князь Альгерд згадзіўся ўзяць золата, срэбра, сабаліныя футры ды іншую даніну. На знак сваёй перамогі ён сеў на каня, пад’ехаў да крамля і дакрануўся да яго дзідаю. “Памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквою”, — сказаў ён на развітанне панураму Дзмітрыю.