Альгерд кіраваў краінаю трыццаць гадоў і паказаў сябе выдатным ваяводам і дальнабачным палітыкам. Ён удала змагаўся за сваю дзяржаву не толькі на вайне, але і на мірных перамовах з суседнімі валадарамі. Рыцар, які прыязджаў у Вільню ў складзе нямецкага пасольства, пісаў пра гаспадара Вялікага Княства так: “У князя велічны пагляд, вочы блакітныя, валасы светла-русыя, росту ён вышэйшага за сярэдні, размаўляе гучным голасам і добра ездзіць на кані”. З летапісаў вядома, што Альгерд быў непераборлівы ў ежы і ніколі не піў віна — адну ваду.
Альгерд цудоўна ведаў нямецкую мову, аднак з крыжацкімі пасламі заўсёды размаўляў праз перакладчыка па-беларуску.
Беларуская мова за Альгердам зрабілася дзяржаўнаю моваю Вялікага Княства. Гэта азначае, што на ёй пісалі законы і княскія загады, яе павінны былі ведаць усе, каго бралі на дзяржаўную службу, незалежна ад таго, якой яны нацыянальнасці.
Альгерд меў дванаццаць сыноў. Найстарэйшы з іх, Андрэй, княжыў у Полацку. Пасля бацькавай смерці ён разлічваў атрымаць вялікакняскую карону, аднак гаспадаром Вялікага Княства стаў іншы Альгердаў сын — Ягайла.
Андрэй з дружынаю мусіў пакінуць Полацак. Княжыць туды з Вільні паслалі Скіргайлу. Палачане, як і ўвогуле большасць беларусаў, былі тады праваслаўнымі хрысціянамі. Прыязджаючы кіраваць у крывіцкую сталіцу, князі абавязкова мянялі сваю веру на праваслаўе. Ганарысты Скіргайла вырашыў адступіць ад звычаю і застацца паганцам. Скончылася гэта для яго вельмі сумна.
Угневаныя палачане прывязалі князя задам наперад да старой кабылы-шаўлюжкі і пад свіст і агатуканне пагналі яе да гарадской брамы. На прыдзвінскай зямлі яшчэ і цяпер можна пачуць прымаўку: “Паехаў, як Скіргайла з Полацка”. Так кажуць пра чалавека, які бясслаўна скончыў нейкую справу.
Тым часам Андрэй Полацкі дапамагаў маскоўскаму князю Дзмітрыю ў барацьбе з татарамі. Вы, магчыма, ужо чулі пра Кулікоўскую бітву, дзе расейскія дружыны перамаглі хана Мамая. Правым крылом маскоўскага войска ў той лютай сечы камандаваў Андрэй Полацкі, які прывёў з сабою дзве тысячы полацкіх ратнікаў.
На шостай гадзіне бітвы частка расейцаў не вытрымала і паказала татарам спіну. Хан ужо з задавальненнем паціраў рукі, аднак правае крыло разам з палачанамі стаяла насмерць і не адступіла. А потым у бітву ўступіў засадны полк, і татары пабеглі.
Сваё доўгае і бурнае жыццё Андрэй Альгердавіч скончыў у баі. Гэта здарылася пад час сечы з татарамі на рацэ Ворскле. Князю ішоў тады 75-ты год.
Наша дзяржава была адной з найбуйнейшых краінаў у Еўропе. Тут хутка раслі старыя гарады і будаваліся новыя. Найбольшымі былі Вільня, Полацак, Смаленск, Віцебск, Магілеў, Менск, Пінск, Слуцак, Горадня, Кіеў. Усё новыя і больш складаныя рамёствы асвойвалі беларускія рамеснікі. Купцы вялі выгадны гандаль шмат з якімі краінамі.
Большасць жыхароў Княства была сялянамі, якія працавалі на зямлі. Але зямля звычайна належала не ім, а вялікаму князю і знатным родам. Самыя вяльможныя і багатыя з іх называліся магнатамі, а астатнія — проста шляхтаю, шляхцічамі.
З магнатаў складалася Рада, з дапамогаю якой гаспадар кіраваў дзяржаваю. Для абмеркавання найбольш важных пытанняў склікалі Сойм. Гэта быў своеасаблівы з’езд дэпутатаў. Усе яны былі шляхцічамі, і выбіраць іх магла толькі шляхта. Гараджане
і сяляне такога права не мелі.
У нашай дзяржаве мірна жылі людзі рознай веры і нацыянальнасці. На гарадскіх пляцах побач маглі стаяць праваслаўная царква, каталіцкі касцёл, сінагога, дзе маліліся габраі, а часам і мячэць, куды хадзілі мусульмане. Мячэці будавалі для сябе беларускія татары — нашчадкі палонных і тыя, што самі захацелі служыць вялікаму князю і пасяліліся на нашай зямлі.
У суседняй Маскоўшчыне такой згоды паміж людзьмі ніколі не было. Чалавека іншай веры там лічылі злачынцам. Яго маглі забіць, спаліць на вогнішчы або прымусіць уцячы з родных мясцінаў. Нават на адзінаверцаў — праваслаўных з іншых краінаў — маскоўцы глядзелі падазрона.
У Вялікім Княстве Літоўскім дзейнічалі значна больш мудрыя і справядлівыя законы. Яны дазвалялі нашым продкам вандраваць па іншых краінах і вучыцца ў замежных універсітэтах. Тысячы юнакоў-ліцвінаў здабывалі веды ў Чэхіі, Польшчы, Нямеччыне, Італіі, Францыі, Швейцарыі. Атрымаўшы адукацыю, яны вярталіся на Бацькаўшчыну, каб служыць свайму народу.